Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына не зьбіраецца плаціць Грэцыі рэпарацыяў за вайну


Грэцкая манэта 1 эўра

Грэцкая манэта 1 эўра

Нямеччына ня будзе плаціць рэпарацыі Грэцыі па выніках Другой ўсясьветнай вайны, заявіў 9 лютага нямецкі віцэ-канцлер і міністар эканомікі Зігмар Габрыэль.

Новы прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас у сваёй першай вялікай прамове да парлямэнта ў нядзелю выклаў пляны па дэмантажы праграмы жорсткай эканоміі Грэцыі, выключыў любы працяг праграмы міжнароднай фінансавай дапамогі на 240 мільярдаў эўра і паабяцаў дабівацца ад Бэрліна рэпарацый.

Пра такі самы намер заяўляў і папярэдні грэцкі ўрад у 2013 годзе, але тады за гэтым не пасьледавала ніякіх канкрэтных крокаў.

Нямецкі віцэ-канцлер і міністар эканомікі Зігмар Габрыэль на пытыаньне аб рэпарацыях адказаў, што іх імавернасьць «роўная нуля». Ён дадаў, што 25 гадоў таму была падпісаная дамова якая закрыла ўсе такія прэтэнзіі.

Габрыэль спаслаўся на «Дамову аб канчатковым урэгуляваньні ў адносінах да Нямеччыны», таксама вядомую як «дамова два плюс чатыры», падпісаную у верасьні 1990 году перад аб’яднаньнем Нямеччыны былымі Заходняй і Ўсходняй Нямеччынамі і чатырма саюзьнікамі — пераможцамі ў Другой сусьветнай вайне (Вялікабрытаніяй, ЗША, СССР і Францыяй). Дакумэнт быў ухвалены ў тым ліку і Грэцыяй.

У 1960 годзе Нямеччына заплаціла Грэцыі 115 мільёнаў марак кампэнсацыі ў межах 12 дамоваў, якія яна падпісала з краінамі Захаду.

Грэцыя была акупаваная нямецкімі войскамі ў часе Другой усясьветнай вайны, і пытаньне аб дадатковых рэпарацыях зноў усплыло, калі грэкам давялося трываць жорсткія рэформы ў абмен на фінансавую дапамогу ад партнэраў па эўразоне. Многія грэкі абвінавацілі ў праблемах Нямеччыну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG