Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона Саўчанкі зьвярнулася ў Эўрапейскі суд


Украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы адмоўлена ў спыненьні крымінальнага перасьледу. Маскоўскі адвакат Марк Фейгін паведаміў пра гэта ў твітэры.

Адвакаты Саўчанкі падалі заяву ў Эўрапейскі суд правоў чалавека з просьбай ужыць неадкладныя захады для разгляду яе справы. Абарона просіць Стразбурскі суд паўплываць на Расею ў сувязі з пагрозай жыцьцю і здароўю Саўчанкі.

Саўчанка абвінавачваецца ў датычнасьці да гібелі двух расейскіх журналістаў у зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Саўчанка, якая знаходзіцца ў маскоўскай турме, адкідае гэтае абвінавачаньне; яе абарона зьвяртае ўвагу, што абвінавачаную выкралі і прымусова вывезьлі з тэрыторыі Ўкраіны.

Сьледчыя лічаць, што матэрыялы абароны не зьяўляюцца доказамі недатычнасьці абвінавачванай да гібелі журналістаў. Паводле вэрсіі сьледзтва, падчас баявых дзеяньняў пад Луганскам Саўчанка ў якасьці апэратара-наводчыка верталёта Мі-24 перадала ўкраінскім вайскоўцам каардынаты здымачнай групы расейскіх журналістаў кампаніі ВГТРК. Ахвярамі мінамётнага абстрэлу сталі рэпарцёры Ігар Карнялюк і Антон Валошын.

Надзея Саўчанка13 сьнежня абвясьціла галадоўку.

На мінулым тыдні галадоўку салідарнасьці з Саўчанкай пачаў дэпутат Эўрапарлямэнту зь Літвы Пятрас Аўштравічус. Да яго далучыліся іншыя калегі-дэпутаты зь Літвы, а таксама з Чэхіі, Гішпаніі і Польшчы.

«Гэтай акцыяй мы, сябры Эўрапарлямэнту, хочам зьвярнуць увагу на тое, што ў Расеі амаль два месяцы галадае ўкраінская лётчыца, якая ўтрымліваецца ў жудасных умовах. Мы заклікаем на поўны голас ды так, каб усе бачылі, выказаць сваю грамадзянскую і маральную пазыцыю, сказаць „стоп“ расейскай палітыцы абясчалавечваньня», — цытуе Аўштравічуса выданьне Delfi.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG