Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У гутарцы з карэспандэнтам свабоды прафэсар з ЗША Валеры Спэрлінг гаворыць пра мачызм і сэксізм у расейскай палітыцы.

Уяўленьне расейцаў пра Пуціна непарыўна зьвязанае з вобразам мужчыны-мача, які ўпарта фармуецца ягонымі піяршчыкамі. Такі галоўны тэзіс кнігі «Сэкс, палітыка і Пуцін: вытокі палітычнай легітымнасьці ў Расеі» прафэсара паліталёгіі унівэрсытэту імя Кларка ў ЗША Валеры Спэрлінг. Ва ўсіх шырока разрэклямаваных пуцінскіх піяр-акцыях прысутнічаў элемэнт мачызму, ад уціхамірваньня дзікіх зьвяроў да верхавых прагулак з аголеным мускулістым торсам ці заняткаў кантактнымі відамі спорту. У кожнай такой сцэне Пуцін падаваўся як моцны і рашучы лідэр, на якога можа спадзявацца народ, які здольны вырашаць самыя складаныя праблемы, а калі трэба (такі падтэкст), то і гатовы пусьціць у ход кулакі. Ну і, вядома, пуцінскі мачызм быў бы няпоўным без адпаведнага фону пастановачных піяр-малюнкаў, які запаўнялі прыгажуні, гіпэртрафавана сэксуальныя і адначасова гіпэртрафавана пакорлівыя волі мужчыны.

РС: Ваш галоўны тэзіс аб сэксуальных вытоках легітымнасьці Пуціна, як вы на яго натрапілі?

Стэрлінг: Першапачаткова ў мяне не было тэзісу, які я хацела б даказаць. Хутчэй было проста жаданьне разабрацца ў характары палітычных моладзевых рухаў у Расеі, як праўладных, гэтак і апазыцыйных. У ходзе дасьледаваньняў я натрапіла на знакаміты цяпер падарунак Пуціну ў яго дзень нараджэньня ад студэнтак журфаку МДУ. Памятаеце, такі каляндар са здымкамі дванаццаці прыгажуняў. Шчыра скажу: мяне адразу ўразіла неадпаведнасьць, з пункту гледжаньня сучасных заходніх нормаў, прэстыжнасьці навучальнай установы і дэманстратыўнай архаічнасьці жанчын, якія ў ёй навучаюцца.

Цікава, дарэчы, што хоць рэакцыя палітычна актыўных маладых расейцаў на гэта выданьне залежала ад палітычнага лягеру, у якім яны знаходзіліся, ані «нашыстаў», ані «антынашыстаў», зь якімі я размаўляла, не абурыла тое, што абавязкова абурыла б іх заходніх аднагодкаў, а менавіта непрывабнае ператварэньне жанчын у рынкавы тавар.

Валеры Спэрлінг, палітояг

Валеры Спэрлінг, палітояг

«Стварэньне Пуціну вобразу альфа-самца ёсьць не самамэта, а толькі элемэнт канструяваньня эфэктыўнага лідэра аўтарытарнага тыпу», — сказала Валеры Спэрлінг яе сяброўка ў Расеі. Гэта і быў той самы момант нараджэньня галоўнага тэзіса кнігі, прыгадвае Спэрлінг. Стары афарызм Генры Кісінджэра, што нічога не ўзбуджае жанчыну так моцна, як наяўнасьць улады ў мужчыны, у расейскай вэрсіі гучыць так: нічога не дае мужчыне больш улады над жанчынамі, чым яго здольнасьць сэксуальна скарыць іх. А мужчына, які камандуе жанчынамі, камандуе і іншымі мужчынамі.

Спэрлінг: Мне не здаецца, што напаўаголеныя прыгажуні журфаку сьвядома гулялі на ўмацаваньне аўтарытарнага палітычнага іміджу правадыра. Такой мэты, мне здаецца, не было і ў дзяўчат з глыбока дэкальтаванымі саколкамі і вялікімі праваслаўнымі крыжамі на грудзях, якія стварылі «Армію Пуціна» годам пазьней, у 2011 годзе. Але прафэсійныя паліттэхнолягі, абкружаючы Пуціна эратызаванымі асобамі жаночага полу, з аднаго боку, і зьневажаючы пазбаўленых мачызму геяў — з другога, цалкам сьвядома праз гэтыя вобразы і праецыравалі на Пуціна німб мужнага моцнага цара, вярхоўнага правадыра, жыхара неба.

Сынтэз сэксу і палітыкі — гэта не прэрагатыва адыёзных дыктатарскіх рэжымаў Пуціна, Гітлера, Мусаліні або Мао, які ў свае 72 гады гады пераплываў Янцзы і які быццам бы меў кучу палюбоўніц. І сьціплыя аўтакраты мілітарысцкага гатунку ласыя на такі піяр: успомнім, як любіў дэманстраваць свае здольнасьці ў баявых мастацтвах чыліец Аўгуста Піначэт.

Каб не хадзіць далёка, зьвернемся да Амэрыкі: былая кандыдатка у віцэ-прэзыдэнты ЗША Сара Пэйлін нядаўна заўважыла, што Пуцін у яе асацыюецца з бурэньнем нафтавых сьвідравін і барацьбой зь мядзьведзямі, а Абама — зь нямоднымі джынсамі, якія носяць жанчыны сярэдняга веку зь дзецьмі і якія мужныя, кампэтэнтныя кіраўнікі-рэспубліканцы ніколі б не апранулі. Італьянец Сільвіё Бэрлюсконі таксама будаваў свой палітычны імідж на донжуанстве, на пагардзе да геяў і палітыкаў левага лягеру, якіх ён атаясамліваў, адзначаючы, што і тыя, і іншыя пазбаўленыя густу ў тым, што тычыцца віна і жанчын.

Вокладка кніжкі Валеры Спэрлінг

Вокладка кніжкі Валеры Спэрлінг

Варта ўзгадаць, што савецкія і нямецкія прапагандысты ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя абменьваліся бясконцымі абразамі на сэксуальнай глебе, абвінавачваючы кіраўніцтва адзін аднаго ў аднаполым каханьні; апагеем іх слоўнага двубою стала заява Максіма Горкага: «Пазбаўце сьвет ад гомасэксуалістаў, і вы пазбавіце яго ад фашызму». Адзін з тэзісаў маёй кнігі менавіта пра гэта: калі хочаш зьняважыць свайго палітычнага праціўніка, абвінавачвайце яго ў жаноцкасьці. І не цурайцеся гамафобіі. Гэта ў той ці іншай ступені дзейнічае ва ўсіх рэжымах, але асабліва ў аўтарытарна-мілітарысцкіх, кшталту таго, што пабудаваў Пуцін.

РС: Ну, Пуцін, напэўна, тут усё ж можа прэтэндаваць на першынства, бо Расея пры царызьме была вонкава вельмі пурытанскай.

Спэрлінг: Я б усё ж сказала, што родапачынальнікам ідэі злучэньня сэксу з палітыкай у постсавецкі час быў ня Пуцін. Адбылося гэта, на мой погляд, яшчэ пры кіраваньні яго папярэдніка Барыса Ельцына. А палітыкам, у якім гэтая ідэя ўвасобілася, быў Уладзімер Жырыноўскі. На выбарах 1996 году Жырыноўскі вярнуўся да сэксуальнай лексыкі, абвясьціўшы кандыдатаў усіх іншых партый «палітычнымі прастытуткамі», а ЛДПР назваў «цнатлівай партыяй», да якой павінны пацягнуцца мільёны расчараваных мужчын-выбаршчыкаў. Пры Пуціне аднак сэксуалізацыя палітыкі дасягнула свайго апагею. Цалкам натуральна, што апазыцыя раскусіла спалучэньне сэксу і ўлады ў іміджы Пуціна і спрабуе яго разбурыць, выкрываючы загасаючы мачызм першай асобы. Але абвясьціць Навальнага сплавам сэксуальнасьці і лідэрства ў антыпуцінцаў не атрымліваецца. Навальны — сямейны чалавек, што дрэнна вяжацца з вобразам мача.

Мачызм Пуціна ёсьць мачызм Расеі. Але пятнаццаць гадоў таму ён глядзеўся як стыльны кілер. Зараз шчокі яго распухлі, твар выцягнуўся, і часам ён бывае падобны на алькаголіка, які выходзіць з запою, як заўважыў прафэсар Аляксандар Матыль з унівэрсытэту Rutgers. Яшчэ гадоў сем таму тры прыгожанькія сьпявачкі маглі прашчабятала: «Хачу такога, як Пуцін». Цяпер, на думку Матыля, гэтыя словы могуць паўтарыць хіба што дамы вельмі сталага ўзросту. Калі легітымнасьць Пуціна грунтуецца на мачызме, а мачызм выпетрываецца, то што адбудзецца зь легітымнасьцю?

Прафэсар Аляксандр Матыль разьбірае канкрэтны выпадак арышту і суду над Надзеяй Саўчанкай: «Чаму Пуцін навесіў ілжывае абвінавачваньне ў забойстве двух расейскіх журналістаў на Саўчанку, а не на аднаго з больш як тысячы ўкраінскіх ваеннапалонных? Напрошваецца адказ — таму, што Саўчанка — жанчына. Мужчыны-ваеннапалонныя лёгка ўкладваюцца ў пуцінскую схему сьветабудовы, бо вайна — належны занятак для моцнага полу. Некаторыя зь іх, такія як мача Пуцін, ваююць добра і выжываюць. Іншыя робяць гэта дрэнна і гінуць. C’est la vie. Аднак жанчынам, і тым больш украінскім жанчынам, няма месца ані на поле бою, ані ва ўяўленьнях Пуціна пра вайну. Дэканструюйце савецка-расейскія культурныя стэрэатыпы ўкраінцаў і ўбачыце, што «маларосы» ў іх, як правіла, асобы з «жаночымі» прыкметамі. Іншымі словамі, украінцы «слабыя», у той час як іх старэйшыя браты рускія — «моцныя». «Для вярхоўнага расейскага сэксіста Надзея Саўчанка — выдатная пляцоўка для піяру. Вялікі Ўлад можа яе добра патаптаць, умацаваўшы адначасна сэксісцкую палітычную культуру Расеі. Звычайна такая грубая дэманстрацыя мачызму прыхоўвае глыбока затоенае пачуцьцё няўпэўненасьці перад жанчынамі. У гэтым сэнсе Пуцін нічым не адрозьніваецца ад свайго малодшага брата Януковіча, чыя патрэба ў зацьвярджэньні ў сабе мужчынскага пачатку прывяла яго да поўнай палітычнай імпатэнцыі. Ясная справа, Саўчанка павінна быць вызваленая. Але гэтак жа ясна, што гэтага не адбудзецца, пакуль ня ўлягуцца страхі Пуціна перад моцнымі украінскімі жанчынамі», — піша Аляксандар Матыль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG