Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «Я, мабыць, не дажыву да галасаваньня праз інтэрнэт»


Ярмошына
Ярмошына

Урад Літвы 9 лютага падтрымаў прапанову ўзаконіць галасаваньне праз інтэрнэт, перадае партал DELFI.

«Такая форма галасаваньня асабліва актуальная для маладых людзей. Акрамя таго, галасаваць праз інтэрнэт было б зручней грамадзянам Літвы, якія цяпер жывуць за мяжой», — сказаў прэм’ер Альгірдас Буткявічус.

Галасаваньне праз інтэрнэт будзе ахопліваць усе роўні выбараў — ад муніцыпальных да прэзыдэнцкіх, а таксама выбары дэпутатаў Эўрапарлямэнту ад Літвы.

Апытаньне, якое правяло Міністэрства юстыцыі Літвы, паказала, што ідэю галасаваньня праз інтэрнэт падтрымліваюць 65% жыхароў Літвы.

На пытаньне Свабоды, калі стане магчымым галасаваньне праз інтэрнэт у Беларусі, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала, што яна, мабыць, з-за ўзросту не дажыве да гэтага часу:

«А вось тыя, хто цяпер лічыцца маладымі выбарцамі, цалкам магчыма, будуць галасаваць з дапамогай інтэрнэту. Хоць я дапускаю, што гэты экспэрымэнт і ў Літве не прыжывецца. Ён пакуль ня вельмі прыжываецца і ў іншых краінах.

Я думаю, галасаваньне праз інтэрнэт падыходзіць для грамадзян, якія жывуць за межамі сваёй краіны. Дарэчы, для Літвы гэта актуальна, бо вялікая частка літоўцаў жыве і працуе па-за межамі сваёй краіны.

У нас жа, па-першае, няма такой колькасьці грамадзян, якія жывуць за мяжой і чыя адсутнасьць была б крытычнай для волевыяўленьня выбарцаў. І, па-другое, большая частка нашых землякоў едзе на заробкі ня проста ў Расею, але пераважна ў буйныя гарады, кшталту Масквы ці Пецярбургу, дзе пры нашых прадстаўніцтвах ствараюцца выбарчыя ўчасткі. Таму ў нас не было ніводнай скаргі ад грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой, што яны не змаглі рэалізаваць сваё выбарчае права».

Спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер адзначае, што ўжо цэлы шэраг краін дазваляе праводзіць у той ці іншай прапорцыі галасаваньне праз інтэрнэт. Спадар Альфер упэўнены: беларусы таксама скарыстаюцца гэтым правам:

Але для гэтага патрэбен цэлы шэраг падстаў. Першая — давер да гэтага выбарцаў.

«Але для гэтага патрэбен цэлы шэраг падстаў. Першая — давер да гэтага выбарцаў. Яны павінны быць упэўненыя, што, калі яны паставяць свой электронны подпіс, іх голас нікуды не прападзе.

Другая — разьвіцьцё электронных сродкаў камунікацыі, спэцыяльнае праграмнае забесьпячэньне. І шмат чаго іншага.

Але самы галоўны фактар увядзеньня такога мэтаду выбараў — гэта поўны давер да людзей у выбарчых камісіях, якія апрацоўваюць вынік выбарчага працэсу. Таму ў нас на сёньняшні дзень інтэрнэт-галасаваньне немагчымае ў першую чаргу таму, што грамадзкая думка ня верыць у празрыстасьць выбараў наагул. І толькі калі ў сьвядомасьці нашых грамадзян выбары ў Беларусі будуць прызнавацца абсалютна свабоднымі і справядлівымі, то і ў нашай краіне будзе ўведзена галасаваньне праз інтэрнэт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG