Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

31.1.1929, Менск — 20.1.2015, Менск. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках.


Здаецца, я ўсё жыцьцё быў знаёмы зь ім, прынамсі, з тых гадоў, як адчуў сабе беларусам — спачатку па кнігах, потым і асабіста.
Мы жылі па суседзтве, і мне часта даводзілася бываць у Анатоля Пятровіча дома, у ягоным кабінэце — царстве кніг, манускрыптаў і гістарычных артэфактаў, якія штораз дарылі госьцю няхай маленькае, але адкрыцьцё: старадаўні дакумэнт, рарытэтнае выданьне, радавод Грыцкевічаў, прасочаны на глыбіню пяці стагодзьдзяў. Мы гутарылі, і да нас прыхільна прыслухоўвалася сама муза Кліё.


Ён стаў першым чытачом і рэцэнзэнтам вельмі важных для мяне кніг ілюстраванай гісторыі— «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае», якім аддадзены не адзін год жыцьця. Памятаю, як цешыўся мэтар, калі ўзяў у рукі «Вялікае Княства Літоўскае» і англамоўны пераклад «Краіны Беларусі».


Стаўшы доктарам навук у 1986-м, калі павеяла пераменамі, Грыцкевіч годна рэпрэзэнтаваў беларускую гістарычную навуку ў Эўропе і сьвеце. Ён увёў у гістарыяграфію азначэньне Рэчы Паспалітай як фэдэрацыі дзьвюх раўнапраўных дзяржаваў — Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Ён ня раз выступаў нашым «амбасадарам» на міжнародных канфэрэнцыях у Лёндане, Рыме, Парыжы, Будапэшце, Санкт-Пецярбурзе... Шэсьць ягоных манаграфій і больш тысячы публікацый — сапраўдны скарб.


У 2012 годзе ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том яго выбраных працаў, а апошнім выданьнем, над якім мы працавалі разам, стала прысьвечаная 500-годзьдзю славутай перамогі над маскоўскімі захопнікамі кніжка «Сьцягі Воршы», што адкрыла сэрыю «Славутыя бітвы». Ён быў аўтарам, а я — рэдактарам і аўтарам прадмовы, у якой не мог не згадаць, што далёкі продак спадара Анатоля баярын Юхно Грыцкевіч, як сьведчыць Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага, " вярнуўся з Аршанскай баталіі пераможцам».


Анатоль Пятровіч таксама быў рыцарам і ваяром — і ў навуцы, і ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны — шмат гадоў уваходзіў у Сойм БНФ, узначальваў Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», займаў ганаровую пасаду Вялікага маршалка Згуртаваньня беларускай шляхты...


У пранікнёным слове папскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроці, якім той адгукнуўся на сыход Анатоля Грыцкевіча, праца выбітнага гісторыка была названая «сакральным служэньнем ісьціне, што дапамагло беларусам адкрыць частку сваёй душы».


Яму вельмі пашанцавала з братам Валянцінам, аднадумцам і паплечнікам у змаганьні за гістарычную праўду.


Паводле сваёй першай вышэйшай адукацыі браты Грыцкевічы былі дактарамі, скончылі мэдінстытут і нейкі час працавалі па спэцыяльнасьці. Але, як некалі доктар лекарскіх навук Скарына, яны вырашылі даць суайчыньнікам «броні духоўныя» і прысьвяцілі жыцьцё лекаваньню беларусаў ад бяспамяцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG