Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Сапач, паэтка, што плыла й пісала адмыслова


Тацяна Сапач

Тацяна Сапач

26.8.1962, в. Маркава, Маладэчанскі раён — 27.12.2010, паблізу г. Алітуса, Літва. Пахаваная ў в. Маркава. Частку праху разьвеялі каля в. Мілідаўшчына, Смаргонскі раён.

Мы былі знаёмыя вельмі даўно, хоць (гэта, як зазвычай, разумееш, калі ўжо нічога нельга зьмяніць) маглі б сустракацца часьцей. Тым ня менш я меў адмысловы зварот да яе, на які Тацяна заўсёды весела адгукалася, — «ветраная жанчына». У тлумачальным слоўніку беларускай мовы вы знойдзеце два значэньні слова «ветраны». Другое ў дадзеным выпадку аніяк не пасавала.

Цяпер, калі пабачылі сьвет вельмі раньнія Таніны вершы, бачыш, што іх аўтарка ўжо тады ведала ці прадчувала, у якую гавань плыве.

Студэнткаю факультэту журналістыкі БДУ, дзе яна вучылася на «зорным» курсе — разам з Барысам Сачанкам (Пятровічам), Ігарам Герменчуком, Сяргеем Навумчыкам, будучым мужам Сяргеем Дубаўцом — Тацяна натхнёна завіхалася ў легендарнай незалежніцкай «Майстроўні».

Прыехаўшы працаваць па разьмеркаваньні ў Гомель (дагэтуль памятаю ейныя гомельскія блінцы), засноўвала там з мужам моладзевую суполку «Талака».

Зьявіўшыся ў Менску на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», у 1987-м стварыла аўтарскую праграму «Альбаросіка», якая ня толькі адгукалася на тагачасныя гістарычныя зьмены ў грамадзтве, але і імкнулася паскараць іх.

Потым быў пераезд Дубаўцоў у 1991 годзе ў Вільню. Разам зь сябрамі яны ехалі дзеля адраджэньня ў нашай старажытнай сталіцы беларускага жыцьця. Аднак напачатку апынуліся ў самым віры змаганьня літоўцаў за незалежнасьць. Таня, стаўшы сваёй на нелегальным радыё, якое выходзіла ў эфір з гарышча Палаца спорту, заклікала беларусаў Літвы падтрымаць імкненьне да выхаду з імпэрыі. Тое самае яна рабіла на незалежным тэлебачаньні, перадачы якога запісваліся на кватэрах, а вяшчаньне ішло з Коўні...

Ад 1991-га і да аўтакатастрофы, вестка пра якую працяла сэрцы ўсіх, хто ведаў Тацяну, яна дваццаць гадоў рыхтавала тэлевыпускі беларускай праграмы «Віленскі сшытак». А было ж яшчэ і супрацоўніцтва з Радыё Свабода і радыёстанцыяй «Балтыйскія хвалі», арганізацыя беларускіх набажэнстваў у віленскай царкве сьвятога Мікалая...

Але найперш Таня была і застанецца паэткай.

У напісаным ёю немагчыма знайсьці выпадковыя радкі. Будзённае, штохвіліннае, мімалётнае яе талент нязьменна ператвараў у нябеснае і касьмічнае.

Вядуць усе гасьцінцы і сьцяжыны
туды, дзе цераз рэчку гразкі брод.
Там па калена.
Там раней прайшлі.
А я ўмею плаваць адмыслова...

На Танін дзень нараджэньня ў роднай вёсцы штогод адбываюцца прысьвечаныя памяці паэткі чытаньні. А з-за лясоў, з-за пагоркаў, над якімі, паводле няпісанага тастамэнту, была разьвеяная частка праху, плыве срэбнае рэха яе голасу...

XS
SM
MD
LG