Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускае золата» ад гарадзенца Ўладзімера Хільмановіча


На прэзэнтацыі дзьвюх новых кніг Хільмановіча.

На прэзэнтацыі дзьвюх новых кніг Хільмановіча.

У Горадні журналіст і краязнаўца Ўладзімер Хільмановіч прадставіў дзьве свае новыя кніжкі: «Беларускае золата» і «Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны».

У залі было людна. Для аўтара гэта сьведчыла пра тое, што цікавасьць да беларускай кнігі не зьмяншаецца. Яму прыгадаліся часы клюбу «Паходня», другая палова 1980-х гадоў у Горадні, калі была хваля цікавасьці да беларускіх кніжак.

У кнізе «Беларускае золата» — 120 тэкстаў, краязнаўча-літаратурныя нататкі.

"Маё асабістае асэнсаваньне беларускіх каштоўнасьцяў у розных праявах, беларушчыны, а можа, і сябе ў ёй«,— так кажа пра кнігу аўтар. Дваццаць пяць гадоў ён езьдзіў па Беларусі зь сябрамі, сплаўляўся па рэках, фатаграфаваў, набіраўся ўражаньняў.

Што такое «беларускае золата», паводле гарадзенскага аўтара? Ён кажа:

Гэта зямля дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў і яцьвягаў. Гэта пушчанскія скарбы і рэкі ад Нёману да Дняпра...

«Гэта зямля дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў і яцьвягаў. Гэта пушчанскія скарбы і рэкі ад Нёману да Дняпра... Гэта старажытныя крэйдавыя шахты... Гэта даўнія гарадзішчы і капішчы. Гэта культавыя камяні і падмуркі першых хрысьціянскіх храмаў. Беларускае золата — гэта крыж Эўфрасіньні Полацкай і Тураўскае Эвангельле. Гэта Барысаглебская царква ў Горадні і Сафійскі сабор у Полацку».

На прэзэнтацыі дзьвюх новых кніг Хільмановіча.

На прэзэнтацыі дзьвюх новых кніг Хільмановіча.

Беларускім золатам Уладзімер Хільмановіч называе таксама Біблію Скарыны і Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Гэта храмы, замкі, кнігі, духоўныя і матэрыяльныя скарбы культуры беларусаў.

А таксама «сьляды дзейнасьці нашых людзей па ўсім сьвеце». Магілы беларускіх дзеячаў у Празе і крыжы ў Курапатах. Першы тэкст прысьвечаны крыжу Эўфрасіньні Полацкай, апошні — Плошчы—2010. Не зважаючы на паразу, гэта апошняя з заваяваных беларусамі каштоўнасьцяў, лічыць аўтар.

Скрозь кнігу праходзіць адзін матыў: хоць ад продкаў нам засталіся вялікія духоўныя скарбы, шмат што расьцярушана і сёньня не шануецца, кажа Ўладзімер Хільмановіч.

Выйшла «Беларускае золата» дзякуючы Беларускаму Радыё Рацыя ў Польшчы. Аўтар удзячны за гэта Яўгену Вапу і Марціну Рэмбачу зь Беластоку.

А «Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны» зьявіўся ў сэрыі «Гарадзенская бібліятэка».

«Кніжка тоненькая, але я доўга да яе ішоў», — прызнаецца аўтар. Яго даўно цікавіла традыцыя беларускіх календароў. Адзін са старэйшых беларускіх актывістаў у Вільні Сяргей Карабач, якому 91 год, расказваў, як беларускія календары прывозілі ў Беліцу (цяпер Лідзкі раён) у міжваенны час, і людзі з навакольных вёсак іх куплялі. На яго гэта моцна паўплывала, і ён зьвязаў сваё жыцьцё зь беларушчынай.

Сам Хільмановіч свае каляндарныя запісы пачаў друкаваць некалі ў газэце «Пагоня». Выкарыстоўваў іх і на абласным тэлебачаньні, дзе ў першай палове 1990-х шырока ўжывалася беларуская мова. Туды яго запрасіў намесьнік кіраўніка тэлестудыі Валеры Задаля. Перадача называлася «Кронан». Якраз тады выйшла кніга з такой назвай, прысьвечаная датам, падзеям і асобам у гісторыі Горадні. Аўтары, краязнаўца Алесь Госьцеў і гісторык Вячаслаў Швед, сваёй працай натхнілі і падштурхнулі іншых аматараў гарадзенскай мінуўшчыны, кажа Ўладзімер Хільмановіч, у тым ліку і яго самога. Паліграфічна гэта было сьціплае выданьне, але яно мела вялікае значэньне для гісторыкаў і краязнаўцаў.

Аўтар прызнаецца:

Праца над календаром няўдзячная. Як ні працуеш, як ні вывяраеш, хапае спрэчных датаў, заўсёды знойдуцца памылкі ці недакладнасьці

«Праца над календаром няўдзячная. Як ні працуеш, як ні вывяраеш, хапае спрэчных датаў, заўсёды знойдуцца памылкі ці недакладнасьці».

Але ён не баіцца крытыкі. Будзе толькі ўдзячны, калі нехта зробіць заўвагі і дапаможа нешта паправіць. Таму што вельмі часта ў гістарычных крыніцах здараецца блытаніна. Праз тыя ж стары і новы стылі ў календарах ды энцыкляпэдыях можна сустрэць розныя даты нараджэньня і сьмерці вядомых людзей. Бывае цяжка знайсьці прывязку да мясцовасьці. Сам аўтар узяў за аснову межы сёньняшняй Гарадзенскай вобласьці.

Уладзімер Хільмановіч выказвае спадзяваньне, што ягоная праца таксама можа падштурхнуць краязнаўцаў у раёнах ствараць календары сваіх мясьцін.

XS
SM
MD
LG