Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Пуціна Ўкраіна — поле бою з «амэрыканскім імпэрыялізмам», — Калачоў


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

Кажучы пра пэрспэктывы менскіх перамоваў, экспэрт параіў зьвярнуцца да апошняга інтэрвію Ўладзімера Пуціна, якое ён даў эгіпэцкай газэце «Аль-Ахрам». У гэтым інтэрвію Пуцін заявіў, што ўкраінскі крызіс паўстаў не з расейскай віны, а стаўся вынікам спробаў ЗША і іх саюзьнікаў «навязваць паўсюль сваю волю». Акрамя таго, у межах «Усходняга партнэрства» Эўразьвяз распачаў спробы «адарваць шэраг дзяржаў былога СССР ад Расеі».

«Такім чынам, у інтэрвію „Аль-Ахрам“ Пуцін паўтарыў яшчэ раз свой вядомы тэзіс: ва ўсім вінаватыя ЗША. І ён адмаўляе пры гэтым у суб’ектнасьці ўкраінскаму народу. То бок Пуцін лічыць Украіну выключна полем супрацьстаяньня Расеі і ЗША, і, адпаведна, не гатовы саступаць ні ў чым, бо для яго гэта апошні і вырашальны бой з „амэрыканскім імпэрыялізмам“. З такім падыходам цяжка разьлічваць на нейкія сур’ёзныя зрухі. З такім падыходам трэба быць гатовым да таго, што на карту будзе пастаўлена ўсё і стаўкі будуць толькі расьці. Праблемы расейскай эканомікі тут другасныя. Першаснае — жаданьне даказаць, што ў сьвеце ёсьць два лідэры: Расея і ЗША, і адзін сапраўдны лідэр: Уладзімер Пуцін. У гэтай сытуацыі я настроены скептычна што да менскіх перамоваў», — кажа палітоляг.

На думку Калачова, сёньня ў перамовах па сытуацыі ў Данбасе ёсьць пытаньні, знайсьці кампраміс па якіх будзе вельмі складана. Украінскі бок настойвае, каб расейска-ўкраінская мяжа была закрыта і каб спынілася дапамога сэпаратыстам з боку Расеі. Але Крэмль да гэтага не гатовы.

«Фактычна Пуцін паўтарае адну і тую ж думку: умоўна кажучы, калі ва Ўкраіне будзе два цэнтры ўлады, то ў Данбаса будзе права вэта на любыя рашэньні наконт эўраінтэграцыі і далучэньня да НАТО. Але ці задаволіць гэта Ўкраіну?» — задае рытарычнае пытаньне экспэрт.

Паводле слоў Калачова, ня трэба таксама спрашчаць сытуацыю і лічыць прадстаўнікоў ДНР і ЛНР толькі марыянэткамі Крамля. Яны таксама суб’екты ў гэтым крызісе, і, безумоўна, яны не зацікаўленыя ў тым, каб нават з пашыранымі правамі вяртацца ў склад Украіны.

«Мне здаецца, што ў гэтай сытуацыі найбольш рэальны быў прыднястроўскі варыянт урэгуляваньня — зь міратворцамі, са спыненьнем ваенных дзеяньняў і адводам цяжкага ўзбраеньня. Нават калі дэ-юрэ тая частка Луганскай і Данецкай абласьцей, якая кантралюецца апалчэнцамі, захаваецца ў складзе Ўкраіны, дэ-факта яны будуць самастойнымі. Але прыднястроўскі варыянт цяпер не артыкулюецца — усе па-ранейшаму спрабуюць знайсьці ідэальнае разьвязаньне, але ідэальнага разьвязаньня ў сёньняшняй сытуацыі быць ня можа», — кажа ён.

Пры гэтым выбар Менску як пляцоўкі для перамоваў Калачоў лічыць цалкам лягічным рашэньнем.

«Калі менскія дамоўленасьці не адпрэчаныя, ня мае сэнсу мяняць пляцоўку. Зьмена пляцоўкі азначала б поўную перазагрузку. Можа, яшчэ Астана ўсплыве, калі, напрыклад, гаворка пойдзе пра ўдзел у перамоўным працэсе ЗША, хоць гэта пакуль гіпатэтычны варыянт. А ў сёньняшнім фармаце цалкам лягічна, што перамовы ідуць на тэрыторыі эўрапейскай краіны, у тым горадзе, дзе і былі заключаны менскія дамоўленасьці, якімі цяпер усе размахваюць і з аднаго боку, і з другога», — падкрэсьлівае палітоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG