Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дагэтуль з кіраўнікоў Нямеччыны і Францыі ў Беларусі былі Гітлер і Пампіду


Нямецкі фельдмаршал фон Бок, адзін з камандзіраў нямецкай арміі, паціскае руку Адольфу Гітлеру. Фота, праўдападобна, 4 жніўні 1941 года, як мяркуецца, у Барысаве.

Нямецкі фельдмаршал фон Бок, адзін з камандзіраў нямецкай арміі, паціскае руку Адольфу Гітлеру. Фота, праўдападобна, 4 жніўні 1941 года, як мяркуецца, у Барысаве.

Менскі гісторык Ігар Мельнікаў перакананы, што плянаваная сустрэча «нармандзскай чацьвёркі» ў Менску ўвойдзе ў падручнікі па гісторыі.

11 лютага першыя асобы Нямеччыны і Францыі ўпершыню прыедуць у незалежную Беларусь, дзе плянуецца чарговае паседжаньне «нармандзкай чацьвёркі» з удзелам прэзыдэнтаў Украіны і Расеі для вырашэньня крызісу ў Данбасе.

Ігар Мельнікаў

Ігар Мельнікаў

На думку гісторыка Ігара Мельнікава, гэтая падзея, нягледзячы на тое, што ў фокусе візыту будзе не Беларусь, стане вельмі значнай для нашай краіны, якую на працягу ўсяго 20-га стагодзьдзя эўрапейскія лідэры фактычна ігнаравалі.

Ігар Мельнікаў нагадаў, што кіраўнік Нямеччыны Адольф Гітлер 74 гады таму, у 1941 годзе, наведаў акупаваную тэрыторыю Беларусі (Барысаў). А прэзыдэнт Францыі Жорж Пампіду быў у Беларусі ў 1973 годзе — на перамовах з Брэжневым, якія адбыліся ў Менску. Аднак падчас гэтых візытаў Беларусь не была мэтай, а выконвала ролю пляцоўкі.

Эўрапейцы не прыяжджалі да нас у пэрыяд незалежнасьці, бо наша краіна вядзе вельмі закрытую палітыку ў дачыненьні да Захаду.

«Эўрапейцы не прыяжджалі да нас у пэрыяд незалежнасьці, бо наша краіна вядзе вельмі закрытую палітыку ў дачыненьні да Захаду. Увогуле адзіная сустрэча найвышэйшага ўзроўню ў Беларусі — гэта візыт Біла Клінтана ў 1994 годзе. Візыт канцлера трэцяга рэйху Гітлера нельга параўноўваць зь іншымі сустрэчамі, бо ён наведваў не асобную краіну, а акупаваную ягонымі войскамі тэрыторыю. Прыезд прэзыдэнта Францыі Пампіду таксама ня быў скіраваны на пытаньні Беларусі, проста Менск быў месцам сустрэчы яго з Брэжневым. Яшчэ ў 1974 годзе да нас завітаў Рычард Ніксан, але тады Беларусь старшынявала на ўзроўні СССР у пытаньні сустрэч з замежнымі дэлегацыямі, і сытуацыя вымагала, каб Ніксан сустрэўся з кіраўніцтвам БССР».

Прыезд «нармандзкай чацьвёркі» ў Менск — гэта не візыт лідэраў эўрапейскіх дзяржаў у Менск для сустрэчы зь беларускім кіраўніцтвам, аднак беларускі прэзыдэнт зможа «засьвяціцца» разам зь нямецкім і францускім лідэрамі, лічыць Ігар Мельнікаў:

Гэта будзе абмеркаваньне спраў Украіны, а не ўнутранабеларускіх падзеяў. Разам з тым для Беларусі тут ёсьць станоўчы момант, і відавочна, што гэта будзе падзеяй як для дзяржаўных, так і для недзяржаўных СМІ.

«Гэта будзе абмеркаваньне спраў Украіны, а не ўнутранабеларускіх падзеяў. Разам з тым для Беларусі тут ёсьць станоўчы момант, і відавочна, што гэта будзе падзеяй як для дзяржаўных, так і для недзяржаўных СМІ. Ужо цяпер гучаць параўнаньні менавіта зь візытам Біла Клінтана, калі той наведваў незалежную краіну Беларусь. Відавочна, што Аляксандар Лукашэнка будзе сядзець на ўсіх гэтых сустрэчах, бо ён асоба, якая прымае сустрэчу. Добра, што Менск стане пляцоўкай, дзе сустракаюцца ня толькі кіраўнікі ДНР і ЛНР, але і лідэры самых уплывовых эўрапейскіх дзяржаў — Нямеччыны і Францыі. Для Менску гэта вялікі гонар. Ужо цяпер можна казаць, што „менскія дамоўленасьці“ і сустрэча „нармандзкай чацьвёркі“ 11 лютага 2015 году ўвойдуць у падручнікі гісторыі. Застаецца спадзявацца, што яна прынясе добрыя навіны для Ўкраіны».

Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што станоўчы эфэкт для іміджу краіны будзе працяглым толькі ў выпадку значнага прарыву ў справе расейска-ўкраінскага канфлікту. У адваротным выпадку прыезд Мэркель і Алянда не паўплываюць:

«Беларусь атрымае іміджавыя плюсы, нягледзячы на тое, што беларускі бок браць удзел у паседжаньні „нармандзкай чацьвёркі“ ня будзе. Але калі ў Менск прыедуць Мэркель і Алянд, так ці інакш з Аляксандрам Лукашэнкам яны сустрэнуцца, што будзе станоўча ўплываць на яго імідж у сьвеце. Калі казаць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву, то значэньне сустрэчы будзе залежаць ад яе вынікаў. Калі адбудуцца яўныя зрухі ў пытаньні канфлікту ў Данбасе, то гэты станоўчы імідж будзе мець працяг, у адваротным выпадку — усё хутка забудзецца і ніякіх станоўчых наступстваў мы не пабачым».

Былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі таксама выказаў думку, што прыезд лідэраў эўрапейскіх краін сутнасна не ўплывае на рэжым у Беларусі:

Аўтаматычна, само па сабе, гэта капае на шалю пазытыву для Беларусі.

«Аўтаматычна, само па сабе, гэта капае на шалю пазытыву для Беларусі. Маўляў, яна і сама нешта ініцыюе, і нехта да яе зьвяртаецца. Але я тут узгадваю выраз Крылова: „Без драки попасть в большие забияки“. Ніколі ні нага Мэркель, ні нага Алянда не ступала на беларускую зямлю. І калі яны сапраўды прыедуць, то значыць, што нібыта Беларусь набывае цывілізацыйны імідж, хоць ні заслугі прэзыдэнта, ні беларускага народу тут няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG