Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі і беларускі прафэсар Сяргей Вялеська: Кіраваньне людзьмі не залежыць ад палітычнай сыстэмы

абноўлена

Госьць Свабоды — нямецкі і беларускі прафэсар Сяргей Вялеська, які зрабіў пасьпяховую кар’еру на Захадзе і цяпер «аддае даўгі» Беларусі, выкладаючы ў БДУ, арганізоўваючы летнія навуковыя школы для нямецкіх і беларускіх студэнтаў, распрацоўваючы праграмы двайных дыплёмаў з беларускімі і нямецкімі ўнівэрсытэтамі.

Выпускнік менскай 103-й школы, таленавіты матэматык, бізнэсовец і выкладчык Сяргей Вялеська называе сябе сьвядомым ідэалістам што тычыцца ягонай працы ў Беларусі. Вучоба ў Маскоўскім фізыка-тэхнічным унівэрсытэце, Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце, Рурскім унівэрсытэце Бохума, Адкрытым Унівэрсытэце ў Вялікабрытаніі, далей магістар у матэматыцы і ў сфэры кіраваньня, потым праца ў Польшчы, Японіі і Нямеччыне. Свабоднае валоданьне ангельскай, нямецкай і польскай мовамі. Цяпер Сяргей Вялеська — прафэсар Унівэрсытэту прыкладных навук, Mittweida ў Нямеччыне, жыве ў Франкфурце.

Ганна Соўсь: Калі паглядзець вашыя старонкі Serge Velesco ў сацыяльных сетках, то не адразу зразумееш, што вы з Беларусі. Вы працавалі і вучыліся ў розных краінах сьвету. Кім вы сябе лічыце — чалавекам сьвету ці беларусам?

Сяргей Вялеська: Я лічу сябе беларусам, канечне.

Соўсь: Якім быў ваш шлях зь Беларусі ў Нямеччыну?

Вялеська: Так склалася, што мяне абмянялі. Была (і ёсьць) праграма абмену БДУ на 7-8 месяцаў з Рурскім унівэрсытэтам у Нямеччыне. Спачатку абараніў дыплём, а потым так ужо склалася. Нельга сказаць, што першапачаткова быў плян застацца. Людзей носіць па сьвеце. Мяне занесла ў Нямеччыну...

Соўсь: ... праз розныя краіны. Спачатку бы вывучалі фізыку ў прэстыжным Маскоўскім фізыка-тэхнічным інстытуце...

Вялеська: Фізтэх быў і зьяўляецца адным з найлепшых унівэрсытэтаў. Я паступіў у яго. Потым быў год, калі Матыяс Руст прызямліўся недалёка ад Чырвонай Плошчы ў Маскве, пасьля чаго было прынятае рашэньне, што трэба ўсіх забіраць у войска, у тым ліку з фізтэха. Гэта быў адзіны курс за ўсю гісторыю гэтага інстытуту, калі палову студэнтаў адправілі ў войска. Пасьля войска мне захацелася чагосьці іншага, і я паехаў у Менск з мэтай выехаць вучыцца на Захад. Я ведаў ангельскую мову, хацеў вывучыць францускую, а добрых выкладчыкаў францускай ў БДУ не было. Але быў выкладчык нямецкай, які прыехаў зь Нямеччыны. А потым зьявілася праграма, паводле якой я мог на сэмэстар выехаць у Нямеччыну. Першапачаткова я хацеў скарыстаць гэты трамплін, каб паехаць далей у ЗША, але мне спадабалася ў Нямеччыне. У мяне быў цудоўны навуковы кіраўнік у Бохуме, які прапанаваў застацца ў яго на катэдры.

Соўсь: Наколькі хутка адбылася інтэграцыя ў заходняе, у нямецкае грамадзтва?

Вялеська: 100-адсоткавай інтэграцыі не бывае. Мазгі я не памяняў. Чалавек да ўсяго прыстасоўваецца. Тут пытаньне, што разумець пад інтэграцыяй. Калі казаць пра парамэтру посьпеху, то, я ў прынцыпе, пасьпяховы. Але ці можна гэта лічыць інтэграцыяй? Я маю сяброў ва ўсіх краінах, дзе я працаваў ці жыў.

Соўсь: Ці вы пагадзіліся б з вызначэньнем, што за апошнія 20-25 гадоў зь Беларусі паступова зьехала яе інтэлектуальная эліта, гонар нацыі? І ці магчыма ў цяперашняй сытуацыі гэты працэс зьмяніць ці прыпыніць?

Гэта добра, бо любая закрытая сыстэма горш разьвіваецца, чым адкрытая

Вялеська: Гэта праўда. Насамрэч гэта праблема, на мой погляд, амаль усіх невялікіх краінаў, у рамках якіх проста цесна, і хочацца інтэгравацца ў вялікую краіну. Калі разглядаць навуковыя кадры, мэнэджмэнт, навуковы рынак, эканамічны рынак, то у Беларусі ён малы. Зь яго вырастаеш. Але такая самая праблема была ў свой час нават у Нямеччыне, калі я там заканчваў навучаньне. Былі крыху застойныя часы, і частка эліты зьехала, у тым ліку і ў ЗША, бо там было болей магчымасьцяў. Ёсьць дасьледаваньні, якія даказваюць, што для любой краіны, прычым абсалютна няважна разьвітай ці разьвіванай, багатай ці беднай, трэба, каб пэўны працэнт людзей зьяжджаў. Гэта добра, бо любая закрытая сыстэма горш разьвіваецца, чым адкрытая. Тут пытаньне ў тым, каб не зьяжджала так шмат. Як я цяпер бачу сваіх выпускнікоў у Беларусі, то цяпер ня ўсе зьяжджаюць. Ёсьць вялікая колькасьць людзей, якія прынамсі на першым этапе бачаць сваю пэрспэктыву ў Беларусі. А другое пытаньне — наколькі тыя, хто зьяжджаюць, застаюцца зьвязанымі зь Беларусьсю...

Соўсь: Вы як раз цесна зьвязаныя з Беларусьсю, і выкладаеце ў БДУ, арганізоўваецца летнія навуковыя школы ў Беларусі. Чым, на ваш погляд, адрозьніваецца тыповы беларускі студэнт ад нямецкага?

Вялеська: У большасьці выпадкаў беларускія студэнты, як я называю гэта, больш галодныя. Яны нашмат болей чагосьці хочуць у жыцьці, яны больш арыентаваныя на посьпех. У сярэднім у нямецкіх студэнтаў гэтага меней. Але ўлічыце, што я кантактую не з усімі студэнтамі, а з тымі, якія вельмі матываваныя. Калі я кантактую са студэнтамі, якія прыяжджаюць у летнюю школу з Нямеччыны, то яны таксама вельмі матываваныя. Але паколькі я ў Нямеччыне кантактую з рознымі студэнтамі, то я дакладна ведаю, што тыя, хто выяжджае ў летнія школы, езьдзяць на сэмэстар за мяжу, ці робяць практыку за мяжой, то такіх студэнтаў у найлепшым выпадку —10-20 працэнтаў.


Соўсь: Вы самі займаліся бізнэсам, а цяпер выкладаеце ў Беларусі бізнэс-тэхналёгіі, мэнэджмэнт. Наколькі правілы, які працуюць для бізнэсу ў краінах з рынкавай эканомікай, кладуцца на беларускую рэальнасьць, дзе дзейнічае мадэль адміністрацыйнага кіраваньня эканомікай?

кіраваньне людзьмі на МАЗе і MANе амаль аднолькавае

Вялеська: Пра гэта мала хто кажа, але многія мэтады кіраваньня былі распрацаваныя у тым ліку ў былым СССР у 30-40-50 гады. Напрыклад, японская мадэль у многім прыйшла менавіта адтуль, як гэта ня дзіўна. Трэба разумець, што мэнэджмэнт бывае розны, але кіраваньне людзьмі не залежыць ад сыстэмы. Ці ў Беларусі, ці ў Афрыцы, ці ў Нямеччыне каардынаты адны і тыя ж. Мы ўсе людзі, і мы ўсе будуем нейкія адносіны. І сыстэма бізнэсу — гэта сыстэма адносінаў, і яна не залежыць ад сыстэмы. Арганізацыйныя рэчы (прававыя, мытныя) залежаць ад краіны. Беларусі ці нямецкі правазнаўца не патрэбны ў Амэрыцы, ён патрэбны кожны ў сваёй краіне. А што тычыцца чыста мэнэджмэнту, то і праблемы, і рашэньні падобныя.

Соўсь: І не залежаць ад палітычнай сыстэмы?

Вялеська: Кіраваньне людзьмі ў чыстым выглядзе не залежыць ад палітычнай сыстэмы на 90%.

Соўсь: Так кіраваньне людзьмі ў Нямеччыне пры Мэркель і ў Беларусі пры Лукашэнку, напрыклад, на прадпрыемствах МАЗ і MAN не адрозьніваецца?

што тычыцца чыста мэнэджмэнту, то і праблемы, і рашэньні падобныя.

Вялеська: Прынцыпы кіраваньня праектамі, а галоўнае камандай, для распрацоўкі і ўкараненьня новай мадэлі грузавікоў адрозьнівацца ня будуць. Прынцыпы матывацыі супрацоўнікаў таксама ўсюды падобныя. Дарэчы, піраміду Паўлава як адну з асноў вы знойдзеце практычна ва ўсіх клясычных заходніх падручніках. Прынцыпы стварэньня арганізацыйных структур і іх узаемадзеяньне адзін з адным хутчэй за ўсё будуць ня моцна адрозьнівацца. Але я не дарма кожны сказ пачынаю са слова «прынцып». Паколькі рэалізацыя заўсёды залежыць ад пастаўленых мэтаў, асяродзьдзя, магчымасьцяў ды і асобных кіраўнікоў. Мне цяжка нешта казаць пра МАЗ, але ў Нямеччыне ў мяне быў досьвед працы і з вельмі дэспатычнымі кіраўнікамі, якія спрабавалі кантраляваць усё і ўся, але я сустракаў і кіраўнікоў, якія вызначалі толькі стратэгію кампаніі а ў працэсе яе рэалізацыі гулялі ролю мэнтараў. Вяртаючыся да вашага пытаньня, кіраваньне людзьмі на МАЗе і MANе амаль аднолькавае.

Соўсь: Вы былі інціыятарам супарцы вашага Ўнівэрсытэту прыкладных навук, Mittweida з БДУ, чытаеце лекцыі, праводзіце летнія навуковыя школы...

Вялеська: Я распрацоўваю праграмы двайных дыплёмаў з беларускімі і нямецкімі ўнівэрсытэтамі, якія даюць магчымасьць студэнтам 1 або 2 сэмэстра павучыцца ў маім унівэрсытэце, і не толькі прызнаць пройдзеныя прадметы ў родным ВНУ, але і атрымаць другі (нямецкі) дыплём. Я беларус, я сапраўды вельмі хачу зрабіць свой ўнёсак, каб у Беларусі стала лепей. Гэта элемэнт ідэалізму, прычым сьвядомы. Гэта самая галоўная прычына, чаму я гэта раблю. У свой час я шмат атрымаў у Беларусі. І што называецца, даўгі трэба аддаваць. Гэта ідэалістычная прычына, але гэта праўда. А потым мне проста вельмі прыемна, фізычна прыемна працаваць з беларускімі студэнтамі, калі яны знаходзяць потым пасьпяховую працу. Гэта самая каштоўнае, што ва ўсім гэтым ёсьць.

Соўсь: Раскажыце пра сваіх студэнтаў.

Вялеська: Адна з маіх студэнтак праходзіць практыку непадалёк ад Штутгарту на Daimler, а другая праходзіць практыку на маркетынгавай фірме ў Мюнхэне. Адзін з маіх студэнтаў стаў пасьля практыкі фінансавым дырэктарам кампаніі — пастаўшчыка БМВ, і цяпер у яго адказнасьць за шматмільённы бюджэт, і гэтая адказнасьць будзе расьце. Яшчэ адзін мой студэнт рабіў практыку ў нямецкай фірме, яму прапанавалі працу дырэктара філіялу фірмы, якая працуе на краіны СНГ, будуе лябараторыі, невялікі завод.

Соўсь: Колькі часу за апошнія гады вы праводзіце ў Беларусі?

Вялеська: У Беларусь я прыяжджаю тры-чатыры разы на год па тыдню. У нашага унівэрсытэту былі шчыльныя сувязі з Украінай, я спачатку туды езьдзіў наладжваць сувязі. Летась езьдзіў у Расею, а сёлета паеду ў Гішпанію паводле аналягічных дамоваў. Калі хопіць часу і здароўя, буду тое самае рабіць і ў ЗША.

Соўсь: Вы казалі, што вяртаеце даўгі Беларусі. Якія ваша звышзадача на будучыню?

Вялеська: Такая ж, як і цяпер. На гэтым тыдні прыяжджалі прадстаўнікі БДУ. Мы выйгралі конкурс на вялікі праект аб стварэньні сумеснай магістарскай праграмы ў Беларусі і ў нашым унівэрсытэце на ангельскай мове. Гэтая праграма прадугледжвае, што ў 2016 мы набярэм першых студэнтаў, і праз 4 гады яна будзе дастаткова пасьпяховай. Я ў гэта веру. І далей можна будзе разьвіваць і другія сумесныя беларуска-нямецкія праграмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG