Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеяслоў» назаве ляўрэатаў літаратурнай прэміі «Залаты апостраф». Гэтым разам — без інтэрнэт-галасаваньня


Барыс Пятровіч падчас уручэньня прэміі "Залаты апостраф"
Барыс Пятровіч падчас уручэньня прэміі "Залаты апостраф"

«Залаты апостраф» — літаратурная прэмія, якая вось ужо дванаццаты раз уручаецца рэдакцыяй часопісу «Дзеяслоў» за найлепшыя прозу, паэзію й дэбют.

Выняткам быў хіба мінулы год, калі Алесь Бяляцкі (які тады знаходзіўся ў зьняволеньні) атрымаў «Апостраф» у намінацыі Non-fiction. Як адзначаюць арганізатары, сёлета Алесь Бяляцкі абяцаў прысутнічаць на цырымоніі, і яму будзе ўрачыста уручаная леташняя ўзнагарода.

У сёлетні шорт-ліст літаратурнай прэміі «Залаты апостраф»-2014 патрапілі:

Паэзія
Данута Бічэль. Настальгія па дзявочай краіне. № 68
Ярына Дашына. Пакой чакання. № 72
Людка Сільнова. Тэхніка дэтэктыўнага пісьма. № 69

Проза
Сяргей Дубавец. Вайна і мір. Справаздача. № 71
Сяргей Рублеўскі. Адыходнікі. Апавяданне. № 72
Андрэй Стэфановіч. Нататкі пра Эрнэста Саву, вандроўніка і вар’ята. № 69

Дэбют
Мікіта Найдзёнаў. Гэта не зразумее ніхто апроч. Вершы. № 73
Дзмітрый Лавіцкі. Птушыная нара. Вершы. № 68
Павал Хадзінскі. Дваццаць тры гадзіны свабодных адносінаў. № 72

Анатоль Івашчанка
Анатоль Івашчанка

Як адзначыў адзін з арганізатараў прэміі Анатоль Івашчанка, пры выбары пераможцаў журы кіруецца заўжды адзіным й відавочным прынцыпам — якасьць тэксту.

«Прэтэндаваць на „Залаты апостраф“ могуць толькі тыя аўтары, якія не былі яе лаўрэатамі раней. Тое, што ў рэдакцыі ня выклікала цяжкасьці вызначэньне кароткага сьпісу, гаворыць пра тое, што зь літаратурным працэсам у нас усё ў парадку. Сёлетнія прэтэндэнты маюць шырокую геаграфію: Берасьце, Горадня, Лёндан, Віцебск... Гэтым разам, у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, рэдакцыя прымае рашэньне па ляўрэатах без інтэрнэт-галасаваньня», — адзначыў Анатоль Івашчанка ў інтэрвію Радыё Свабода

Падчас цырымоніі ўганараваньня традыцыйна будзе ўручаная прэмія «Дзеяслова» і Алеся Ўсені — за ўнёсак у разьвіцьцё сучаснае беларускае літаратуры.

Для маладых літаратараў «Дзеяслоў» і «Залаты апостраф» ня раз былі стартавай пляцоўкай: на старонках часопіса дэбютавалі такія добра знаныя сёньня аўтары, як Глеб Лабадзенка, Усевалад Сьцебурака, Наста Кудасава, Сяргей Прылуцкі, Ірына Бельская, Арцём Арашонак, Алесь Емяльянаў...

Як мяркуе Івашчанка, гэты год ня будзе выключэньнем у пляне адкрыцьця новых яскравых імёнаў.

Цырымонія адбудзецца 9 лютага ў менскім клюбе «ДК» а 18.30. Уваход вольны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG