Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка наведаў у Сочы лядовае шоў. Пра сустрэчу з Пуціным пакуль не паведамляецца


Пуцін падчас сваёй прамовы ў Сочы 7 лютага

Пуцін падчас сваёй прамовы ў Сочы 7 лютага

Аляксандар Лукашэнка 7 лютага наведаў у Сочы сьвяточнае лядовае шоу «Год пасьля Гульняў», прымеркаванае да гадавіны з дня адкрыцьця Алімпійскіх гульняў у Сочы 2014 года.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Крамля, разам з Лукашэнкам на сьвяце прысутнічалі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Таксама за шоў у палацы зімовага спорту «Айсбэрг» назіралі прэзыдэнт Кыргыстану Алмазбэк Атамбаеў, старшыня ўраду Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, старшыня Каардынацыйнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Жан-Клёд Кільлі, выканаўчы дырэктар Алімпійскіх гульняў МАК Жыльбэр Фэльлі.

Раней прадстаўнік Крамля паведамляў, што ў Сочы плянуецца нефармальная сустрэча Лукашэнкі з Пуціным. Як паведаміў 5 лютага на брыфінгу ў Маскве памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ўшакоў, 7 і 8 лютага Пуцін правядзе ў Сочы нефармальныя сустрэчы з кіраўнікамі Кыргыстану і Беларусі. Сустрэча з Атамбаевым пройдзе ў суботу, з Аляксандрам Лукашэнкам — у нядзелю, удакладніў Ушакоў. Ён падкрэсьліў, што плянаваныя кантакты — не працоўныя, яны носяць характар нефармальных размоваў, аб якіх кіраўнікі дамовіліся загадзя.

Аб правядзеньні сустрэчы ў бліжэйшы час Лукашэнка і Пуцін дамовіліся 23 студзеня ў час тэлефоннай размовы. Неафіцыйная інфармацыя аб тым, што беларускі кіраўнік адправіўся адпачываць у Сочы, зьявілася 31 студзеня. Увечары 2 лютага яе пацьвердзіла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

XS
SM
MD
LG