Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакупніцкая здольнасьць беларусаў значна ўпала. Гэта канстатуюць прадпрымальнікі, асабліва малых гарадоў, як Івацэвічы, на Берасьцейшчыне. Шмат якія ралеты на мясцовым рынку зачыненыя, а тыя гандляры, што яшчэ працуюць, кажуць пра адсутнасьць пэрспэктыў.

На Івацэвіцкім рынку — больш за сто ралетаў, ёсьць месцы для дадатковых гандлёвых намётаў. Але ў суботні дзень працуе каля 70 працэнтаў гандлёвых кропак. На многіх ралетах вісяць абвесткі аб продажы.

Падыйшоў да намёту з адзеньнем ды абуткам, спадарыня кажа, што баіцца думаць пра будучыню:

«Мы працуем сабе на страту, абы прадаць каб на хлеб было, каб пражыць. Таму што гандлю зусім няма. Прадаць адну пару абутку для таго каб пражыць...»

Да размовы далучаецца гандлярка суседняга намёту:

«Нас заціскаюць з усіх бакоў. З усіх... Нам ніхто на саступкі ня ідзе, прадпрымальнікам. Ідзе да таго, што будзе закрыцьцё ўсяго, і будуць зачыняцца людзі. Таму што гэта немагчыма — няма гандлю і няма ў людзей грошай. Жыць няма за што. Нехта пойдзе рэчы купляць? Натуральна, не...»

Другая прадпрымальніца:

«Пусты рынак — пакупнікоў зусім няма, адны прадпрымальнікі стаяць...»

Пытаюся, што будуць рабіць, калі давядзецца зачыніцца, ці пойдуць шукаць дзяржаўнай працы:

«Працы няма, на працу няма дзе ўладкавацца. Вы паглядзіце, дзе можна ўладкавацца на працу? Нідзе!»

1 сакавіка скончыцца пэрыяд, калі прадпрымальнікам дазволена прадаваць рэшткі тавараў, якія ўвезеныя да 1 ліпеня 2014 году. Ад сакавіка, згодна указу прэзыдэнта № 222, прадпрымальнікі мусяць мець дакумэнты, якія пацьвярджаюць набыцьцё тавару. Улады абяцалі прадпрымальнікам стварэньне аптовых базаў, дзе яны змогуць набываць тавар з неабходнымі дакумэнтамі. Аднак, мае суразмоўніцы кажуць, што такія базы надзвычай нявыгадныя.

Спадарыня: «Тое, што яны адчынілі ў Берасьці рынкі аптовыя — там цэны...»

Другая спадарыня: «Атрымліваецца, яны накручваюць у Берасьці 100 працэнтаў, і яшчэ нам хочуць прадаць. Калі раней гэтыя красоўкі мы прадавалі па 100, цяпер трэба іх прадаваць па 250 тысяч. Ёсьць розьніца?»

На рагу рынку бачу гурт прадпрымальнікаў, якія ў адсутнасьці пакупнікоў стаяць колам, перамінаючыся з нагі на нагу, каб сагрэцца, ды абмяркоўваюць свае праблемы.

Спадар: «Пакупніцкая здольнасьць у насельніцтва ўпала на нуль...»

Спадарыня: «Гэта ў нас толькі ў суботу столькі адчынена, а ў іншыя дні на ўвесь рынак 15 ралетаў адчынена. Людзі зачыняюцца. Я на пэнсіі, а куды маладым вось ісьці? Гэта, увогуле, будзе беспрацоўе...»

Гандляры жартуюць, што выходзяць на рынак «каб праветрыцца», бо прадаць нешта надзвычай цяжка. Гэтак, адзін з мужчынаў, які гандлюе джынсамі, распавёў, што за сёньня яшчэ нічога не прадаў, а ўжо час зачыняцца. Акрамя рынку ў Івацэвічах ёсьць некалькі прыватных гандлёвых дамоў, дзе прадпрымальнікі арандуюць ралеты. Там, кажуць гандляры, пэрспэктывы яшчэ горшыя, бо арэнда месца ў такіх будынках з ацяпленьнем нашмат вышэйшая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG