Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куба: турма бяз кратаў


Кубінцы: ні шыку, ні бляску
Кубінцы: ні шыку, ні бляску

Пасьля паўвекавой блякады Куба атрымала шанец прынамсі часткова выслабаніцца з путаў міжнароднай ізаляцыі. Але ці скарыстаецца такой магчымасьцю Выспа Свабоды, пакуль ёй кіруюць непасрэдныя сурэжысэры Карыбскага крызісу, прадусаванага Масквой, — браты Кастра?

Пры канцы мінулага году вышэйшыя кіраўнікі ЗША і Кубы нечакана заявілі пра аднаўленьне двухбаковых дыпляматычных адносінаў, якія заставаліся ў стане «глыбокай замарозкі» больш як паўстагодзьдзя. Вашынгтон зьняў са сваіх грамадзянаў абавязак атрымліваць дазвол дзеля паездкі на Кубу, скасаваная забарона на абслугоўваньне картаў амэрыканскіх банкаў на тэрыторыі краіны, падвышаны ліміт на ўвоз кубінскіх тавараў. Упершыню ад пачатку 1960-х Гавану наведала прадстаўнічая дэлегацыя Дзярждэпартамэнту, неўзабаве ў дзьвюх сталіцах маюцца адчыніцца амбасады.

Прыродная ізаляванасьць спрыяе «закупорваньню» аўтарытарных рэжымаў

Незадоўга да заходу на палітычную «пасадку» кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі наведаўся на Кубу, дзе меў магчымасьць ня толькі пакантактаваць з калегамі, але і на ўласныя вочы пабачыць плён «рэвалюцыі» ў рытме карнавалу і наступнай паўвекавой блякады з боку ЗША і саюзьнікаў:

«Сытуацыя з Кубай, як мне падаецца, досыць унікальная. Яна заключаецца ў тым, што гэта ізаляваная выспа. І вось гэтая прыродная ізаляванасьць, як і ў выпадку з Паўночнай Карэяй, дзе адна частка паўвыспы адгароджаная плотам, а астатняя абмываецца морам, дае магчымасьць аўтарытарным рэжымам утвараць унікальную, скажам так, закупоранасьць. Тут ніякую жалезную сьцяну ня трэба ставіць, бо яе стварае сама прырода. Усё гэта спрыяе затарможанасьці разьвіцьця працэсаў, бо сапраўды, як мы бачым, мінаюць дзясяткі гадоў, а там зусім мала што мяняецца. І гэта нягледзячы на страшную бядоту і жабрацтва, бо рэальныя заробкі там на сёньня — 10–15 даляраў, максымум 20 на месяц, людзі жывуць па талённай сыстэме (гэта значыць, што ўсе асноўныя віды харчаваньня атрымліваюць па талёнах), а частка насельніцтва ўвогуле галадае. І калі ты не ўпісаны ў гэтую сацыяльную сыстэму, калі ня можаш атрымаць талён, як выжываць у такой сытуацыі — можна сабе толькі ўявіць. Да гэтага трэба дадаць, што, напрыклад, лекі ці тавары, якія вырабляюцца за мяжой, пачынаючы ад гадзіньніка, тэлефона, мікрахвалёўкі, рэалізуюцца па коштах замежных, бо гэта імпартуецца за валюту і прадаецца па коштах, якія для простага кубінца проста недаступныя».

Алесь Бяляцкі ў кубінскім антуражы
Алесь Бяляцкі ў кубінскім антуражы

Выказаўся адносна праяваў «адлігі» ў амэрыканска-кубінскіх стасунках і афіцыйны Менск. Зьнешнепалітычнае ведамства адзначыла, што беларускі бок вітае намер Вашынгтону і Гаваны аднавіць дыпляматычныя адносіны і нармалізаваць двухбаковы дыялёг: «Адмова ад спробаў ізаляцыі, аднаўленьне непасрэдных кантактаў — крокі ў правільным кірунку, — падкрэсьліваюць у МЗС Беларусі. — Спадзяёмся, што далейшы прагрэс у двухбаковых кантактах стане наглядным сьведчаньнем контрапрадуктыўнасьці і неэфэктыўнасьці аднабаковых абмежавальных захадаў, прывядзе да пераасэнсаваньня і адмовы ад іх выкарыстаньня ў якасьці інструмэнта зьнешняй палітыкі».

А як пачыналася эскаляцыя канфлікту?

Абсталяваньне засыпалі збожжам, закладалі будматэрыяламі, маскіравалі сельгастэхнікай

Восень 1962-га. 21-гадовы сяржант Мікалай Трухан завяршае курс навучаньня на пазыцыю каардынатнага разьліку ракетнага комплексу «С-75» клясу «зямля-паветра» ў вучэбным цэнтры, дысьлякаваным у Калінкавічах. Набліжаецца выпуск і атэстацыйныя стрэльбы на палігоне Ашулук. Але нечакана камандаваньне прапануе альтэрнатыву — выкананьне інтэрнацыянальнага абавязку ў адной зь сяброўскіх краінаў. Адмаўляцца было б наіўна, і неўзабаве каманда маладых спэцыялістаў прыбывае ў горад Пушкін пад Ленінградам. Па сутнасьці, там была вялізная «гардэробная»: з салдатаў зьнялі вайсковую форму і, нягледзячы на кастрычнік, надзелі летнія строі — кашулі, баваўняныя штаны, плашчы:

«У курс справы ўвялі ленінградзкія: калі пасадзяць на цеплаход „Юры Гагарын“ — значыць, Віетнам, калі „Грузія“ — гэта Куба, а „Марыя Ўльянава“ — Эгіпет. Ну, вось едзем, павольна калёна рухаецца, мінаем „Гагарына“, пасьля „Ўльянаву“, і ўрэшце спыняемся ля „Грузіі“. Загрузіліся дзесьці больш за 800 чалавек, усе ў цывільным. А потым — 19 сутак неперадавальных уражаньняў. Гэта і Балтыйскае мора са сваімі пралівамі, Данія, увогуле ўся Скандынавія. Паўночнае мора — божа мой, які шторм перажылі, 10 балаў! Ла-Манш, бачылі авіяносцы, якія стаялі на рэйдзе, а мы ганарова праплылі побач — маўляў, турысты, нічога няма, апроч асабістых рэчаў. Біскайскі заліў, ужо гарачыня, братэрская магіла караблёў, якія загубіла падводнае цячэньне Атлянтыкі. Азорскія выспы, эскорт дэльфінаў. Разумееце, усё гэта ўпершыню, і кожны дзень нешта новае! Добра яшчэ, што сяржанты месьціліся ў трэцім клясе і мелі выхад на палубу. А шарагоўцаў нікуды не выпускалі, у ілюмінатар толькі глядзелі, а што празь яго пабачыш? Само сабой, паралельна чыталі палітінфармацыі, загружалі ідэалёгіяй; адно цешыла, што было чатырохразовае харчаваньне».

Мікалай Трухан, студзень 1965 году
Мікалай Трухан, студзень 1965 году

Як кажа суразмоўца, на камандзіраваных не эканомілі. 1962 год выдаўся неўраджайны, але спэцыялістаў кармілі далікатэсамі, пра якія ў СССР нават не падазравалі. Паводле Мікалая Трухана, цеплаходамі дастаўлялі толькі асабовы склад, а вось тэхніку перакідвалі сухагрузамі, маскіруючы пад тавары мірнага прызначэньня. Паводле некаторых зьвестак, на Кубе за ўсю карыбскую кампанію пабывала больш за 100 тысяч вайскоўцаў і цывільных спэцыялістаў, хоць для афіцыйнага карыстаньня называлася лічба ўтрая меншая:

«Плылі бяз тэхнікі, бо тэарэтычна маглі праверыць. Абсталяваньне дастаўлялі асобна: засыпалі зернем, абкладалі будаўнічымі матэрыяламі, абстаўлялі сельгастэхнікай. Везьлі фактычна кантрабандай. Ну хто з мытнікаў будзе разграбаць тоны збожжа? Тут яшчэ цікавы момант: сама кубінская апэрацыя называлася „Анадыр“, дык на караблях з вайсковай тэхнікай таксама везьлі паўкажушкі, валёнкі, лыжы, іншую зімовую амуніцыю. На выпадак рэвізіі была падрыхтаваная легенда. На пытаньне — а на халеру вам футры ў тропіках? — камандзіры мусілі самі прыкінуцца валёнкамі: а мы ў кругасьветцы, праз Аўстралію і далей на Чукотку. Хто там будзе разьбірацца, дзе той Анадыр? Так, нібыта поўнач, але ж кожны вольны выбіраць, якім маршрутам рухацца. І ніякіх падазрэньняў, бо каму патрэбныя на Кубе валёнкі? То бок цеплаходамі ехалі „турысты“, караблямі везьлі ваенную тэхніку. А калі ўжо дастаўлялі амаль гатовы комплекс, толькі разукамплектаваны, па баках усплывалі падводныя лодкі (савецкі падводны флёт у апэрацыі быў задзейнічаны ўвесь). Тады амэрыканскія караблі расступаліся і толькі назіралі — воды ж нэўтральныя. Мой сябра Аляксей з Сочы менавіта так на Кубу трапіў, яны ішлі зь Мікалаева».

Мікалай Трухан, Мэдаль ад кіраўніцтва Кубы да 50-годзьдзя «Анадыра»
Мікалай Трухан, Мэдаль ад кіраўніцтва Кубы да 50-годзьдзя «Анадыра»

«Гітлер» стаў «Савецкім Саюзам», іншыя нацысты — «Грузіяй» і «Армэніяй»

Тры гады таму Мікалай Трухан быў уганараваны граматай за подпісам тагачаснага міністра абароны Жадобіна — акурат у гонар 50-годзьдзя апэрацыі «Анадыр». Адзначыла інтэрнацыяналістаў і афіцыйная Гавана — да падзеі паўвекавой даўнасьці быў падрыхтаваны юбілейны мэдаль. А як пачынаўся «кубінскі Анадыр» для Мікалая Трухана і ягоных таварышаў?

«Гарачая лістападаўская раніца, за сьпінаю тры тыдні марскіх прыгодаў, прыходзім у Гавану. А Гавана не прымае. Порт пад завязку забіты савецкім флётам — гандлёвым, „турыстычным“, усіх умясьціць немагчыма фізычна. Адкуль столькі ўзялося гэтых цеплаходаў — проста дзіва. Зрэшты, потым даведаліся, што практычна ўсе круізныя судны, якія невядома адкуль узяліся ў такой колькасьці, — трафэйныя. Адзін забралі ў Нарвэгіі, іншы — у Італіі, яшчэ ад часоў Мусаліні, але бальшыня — нямецкія. Так, „Адольф Гітлер“ стаў „Савецкім Саюзам“, іншыя нацысцкія палкаводцы ператварыліся ў „Грузію“, „Армэнію“ і г.д. Проста паўзьверх арыгінальных набілі новыя. Гэта нам, звычайным людзям, нічога не расказвалі, а насамрэч пасьля вайны Савецкі Саюз на правах пераможцы браў з вызваленых тэрыторыяў усё, што мог. Вось назву зафарбавалі — ужо нібыта і савецкі флёт. Дарэчы, плылі насуперак пагрозам, што калі амэрыканскія самалёты-выведнікі вылічаць на борце зброю, караблі будуць атакаваныя. Баяліся найперш за сваю ваенную базу ў Гуантанама, што першай трапіць пад раздачу. Але на марскіх лініях у нэўтральных водах такія пагрозы былі нічога ня вартыя».

Зь сябрамі перад дэмабілізацыяй
Зь сябрамі перад дэмабілізацыяй

Атрымаўшы разварот у Гаване, давялося прышвартавацца ў порце Марыэль. На прычале ўжо чакалі дзясяткі вайсковых «Уралаў» і «КрАЗаў». Цягам наступнага тыдня «цывільных вайскоўцаў» вазілі, раскідваючы па дарозе ў месцах, дзе была патрэба ў спэцыялістах на вучэбных базах. Як кажа Мікалай Трухан, з-за савецкага нашэсьця складалася ўражаньне, быццам прыплылі назад у СССР:

«Увечары едзем, трапляем у нейкі гарадок... і вянуць вушы. Суцэльны рускі мат, крыкі — тваю такую ды растакую. Гэта найперш „вэтэраны“, якія атабарыліся там яшчэ ад 1961 году. Ніхто не саромеўся, не лічыў гэта нават за патрэбнае. І ня дзіва: ніякіх статутаў, ніякай формы. Гаспадарка Іванова, умоўны Ігар Уладзімеравіч. Ні ў якім разе не „таварыш старшы лейтэнант“, адразу ж пакараньне па поўнай праграме. Тэлефонная сувязь — аналягічна. Толькі аграрная гаспадарка ці, скажам, сьвінакомплекс, да якіх мы і былі прыпісаныя. Таксама садовыя гаспадаркі, дзе ціснулі сокі з апэльсінаў, мандарынаў — усе збольшага лічыліся пры іх спэцыялістамі-кансультантамі, бо афіцыйна місія гучала як „аказаньне мэтадычнай і тэхнічнай дапамогі“. А сьвіней, між іншым, у іх столькі ж, колькі і насельніцтва — 11 зь лішкам мільёнаў галоў на такую маленькую краіну. Так што прыстроіць „спэцыялістаў“ праблемаў не было. Дарэчы, сыстэма вырошчваньня — амэрыканская: шэсьць загонаў, кожны тыдзень пераганяюць на новы. Трава хутка адрастае, замкнёны цыкль сябе апраўдваў».

Сыстэма ідэалягічнай апрацоўкі змалку год убівае патрэбныя калькі і штампы

Ад пачатку інтэрнацыянальнай «дапамогі» Высьпе Свабоды мінула больш за 50 гадоў, але высілкамі Масквы і палымяных рэвалюцыянэраў зь ліку абарыгенаў кубінскае грамадзтва фактычна закансэрвавалася ў сваім разьвіцьці. Праваабаронца Алесь Бяляцкі канстатуе, што сёньня маштабы ідэалягічнага «абалваньваньня» гэткія самыя, як і на пачатку 1960-х:

«Тое, што зараз адбыліся пэўныя дамоўленасьці, не азначае, што зьявіліся пэрспэктывы ў грамадзтва. Жыцьцё беспэрспэктыўнае, страшна беднае, і такія элемэнтарныя рэчы, як машыны, мабільныя тэлефоны для звычайнага кубінца практычна недаступныя. Мае іх і можа гэтым карыстацца толькі адносна заможны пласт, куды ўваходзяць спартоўцы, партыйныя функцыянэры, нейкія актывісты дзяржаўнага маштабу. Звычайныя грамадзяне рэальна жывуць на мяжы жабрацтва. Тым ня менш руху супраціву вялікага не назіраецца, бо сама сыстэма абалваньваньня людзей, ідэалягічнай апрацоўкі нагадвае савецкую сыстэму, калі ад самых малых гадоў убіваюць у галовы пэўныя калькі, пэўныя штампы. Найперш, што ЗША — гэта вораг, што Куба можа выжыць толькі ў змаганьні з імпэрыялізмам. Гэта, безумоўна, існуе. Так, дзяцей у старэйшых клясах, як у нас 10–11 гады навучаньня, на два гады адпраўляюць у абавязковыя працоўныя лягеры. Яны там вучацца і працуюць на палях, як нявольнікі, бо па сутнасьці гэта прымусовая праца. І ўсе гэтыя два гады ім яшчэ і яшчэ прамываюць мазгі з тым, каб яны канчаткова зацьвердзілі вось гэтую даволі дзіўную для нас карціну сьвету, у якую значная частка, тым ня меней, верыць. Такая ідэалягічная апрацоўка — апірышча працягу існаваньня рэжыму Кастра, які практычна не мяняецца вось ужо колькі дзясяткаў гадоў».

Ізноў вернемся на паўстагодзьдзя таму. Мікалая Трухана прыпісалі да адной з аграрных гаспадарак у правінцыі Камагуэй, акурат пасярэдзіне паміж Гаванай і Сант’яга-дэ-Куба. Хоць насамрэч сьвіньнямі там і ня пахла. Паколькі на пазыцыі ўсё часьцей накіроўвалі навучаных кубінцаў, у выніку адкамандзіравалі ў штаб. Адно з тагачасных узрушэньняў — як за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць» караюць іншадумцаў:

«Гэта нават страшней, чым у 1930-я ў СССР — расстрэльвалі цэлымі сем’ямі. А потым газэта Granma публікуе сьпіс ворагаў: за контрарэвалюцыйную дзейнасьць (не тлумачаць жа, за што менавіта) расстраляная сям’я такога і такога. Хто з рэальных і патэнцыйных дысыдэнтаў пасьпеў зьехаць, тыя ўратаваліся, а калі ўжо застаўся, то сядзі і маўчы, займайся нейкім рамяством. Бо западозраць у неляяльнасьці — заб’юць, ніхто не дапаможа. Такім чынам апазыцыйная дзейнасьць была спыненая амаль падчыстую. Расстрэльвалі недалёка ад нашага распалажэньня, на досьвітку зь пятніцы на суботу. Канечне, было дзіка і страшна, я свайму сябру кажу: „Лёша, не магу, усяго калоціць“. Ён тады дзесьці дастаў заглушкі ў вушы, даў мне, каб я прынамсі ня чуў. Нашы, трэба сказаць, да гэтага адносінаў ня мелі. Мала таго, там настолькі ставіліся да нас паважліва, што, мяркую, за забітага савецкага спэцыяліста расстрэльвалі б дакладна гэтак жа. Таму нашы ўрэшце „абарзелі“. Напіваліся ромам, білі морду бармэну, у п’яным стане павучалі: „А ты ведаеш, што было ў Сталінградзе? Мы 300 тысяч галаварэзаў там паклалі“. Хоць насамрэч сам паняцьця ня меў, што там да чаго было, дзесьці наслухаўся. Калі пачыналі „качаць правы“, сорамна было глядзець і слухаць».

Лукашэнка абмяжоўваецца тэлевізарам, а Фідэль мераў сябе выключна плошчамі

Трыбуна, зь якой палымяна прамаўляў Фідэль
Трыбуна, зь якой палымяна прамаўляў Фідэль

Энэргетычным падмацункам для кубінцаў былі палымяныя прамовы правадыра рэвалюцыі Фідэля Кастра. Некалькі разоў харызматычнага лідэра ўдалося паслухаць і Мікалаю Трухану:

«Асабіста я ыў на такіх публічных прамовах двойчы. Увогуле нагодай для выступу магла быць любая прычына, дакладна як і ў нашага прэзыдэнта. Праўда, наш абмяжоўваецца тэлевізарам, а Фідэль мераў сябе плошчамі. У дадзеным выпадку — плошча Рэвалюцыі імя Хасэ Марці. У мяне на здымку нават увекавечана: перад высотным помнікам — трыбуна, зь якой па 3,5–4 гадзіны ён і вяшчаў. Плошча забітая пад завязку, гарачыня пад 40–45 градусаў, сонца пякельнае, а зьбіралася па 300 тысяч чалавек. Як яны вытрымлівалі — ня ведаю. Але ад вось такога „Patria o muerte“, „Ahora venceremos“ аж асфальт уздымаўся, ад таго экстазу і крыку. Ці там былі нейкія мясцовыя чэкісты, якія сачылі, ці крычыш ты, як у нас за часамі Сталіна або як цяпер у Паўночнай Карэі, але гэта нешта зь нечым. І ўсё ж адчуваньне, што гэта іх такі ўнутраны стан: „Фідэль, аміго!“. Я збольшага разумеў гішпанскую, але там была адна рыторыка: „Guerra a la guerra“ (вайна вайне), пракляты імпэрыялізмус, ЗША — вечны вораг, мы пераможам і г.д. Пры гэтым не зазіраў ні ў якія паперкі, можа толькі зірне, каб адхіліцца на нейкі тэзіс. Гэта фанатычны палітык, сапраўды прафэсійны рэвалюцыянэр. Той жа Рауль ня ўмее так гаварыць, ён абсалютна іншы».

Праводзячы гістарычныя паралелі, Мікалай Трухан параўноўвае лідэраў кубінскай рэвалюцыі з такімі ж фанатычнымі савецкімі палітычнымі дзеячамі, якія дэкляравалі багата лёзунгаў, але на этапе ўвасабленьня ў жыцьцё яны зазналі значныя трансфармацыі:

«Фідэль — ён як Ленін па сваёй сутнасьці. Прычым непасрэдна прыклаў да гэтага руку Хрушчоў. Пасьля таго як павазіў яго па эўрапейскай частцы Саюзу (трыюмфальна тады яго сустракалі і ў Менску), па Сыбіры, Фідэль яшчэ больш распасьцёр крылы. Каб тады Хрушчоў яго не падхапіў, яшчэ невядома, чым бы ўсё скончылася. У яго памочнікаў у Лацінскай Амэрыцы асабліва не было, як у найноўшым часе Уга Чавэс, Нікаляс Мадура ці Эва Маралес. А Чэ Гевара — гэта акурат Троцкі, калі прыкладаць да савецкай гісторыі. Чаму без перабольшаньня нацыянальны герой Кубы раптам апынуўся ў Балівіі, дзе ў выніку і палёг? На маю думку, Кастра ўзьнёс гэтага ліхога аргентынскага мача наверх, зрабіў зь яго героя да такой ступені, што таму нічога не заставалася, як ехаць і рабіць новыя рэвалюцыі. Чэ яму сваёй славай перашкаджаў, мякка кажучы. У яго пад рукой заўсёды заставаўся толькі брат Рауль, як бы тамтэйшы Дзяржынскі. Пасьля рэвалюцыі атрымаў адукацыю, стаў намесьнікам прэм’ер-міністра, міністрам узброеных сілаў, курыраваў службы бясьпекі, а таксама ствараў карпусы — балазе з 11,5 мільёна насельніцтва набраць добраахвотнікаў нескладана — у Анголу, Конга. І калі б гэта не спынілася, ня ведаю, паў-Афрыкі выразалі б».

Таталітарны рэжым не зьбіраецца даваць ніякіх свабодаў сваім грамадзянам

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі ня верыць, што дэкляраваны афіцыйнай Гаванай разварот у зьнешняй палітыцы абернецца нейкімі маштабнымі дывідэндамі для шараговых грамадзянаў Кубы:

«Тыя тэмы, якія цяпер уздымаюцца, — гэта добра. Мне падаецца, што ўнармаваньне двухбаковых адносінаў усё ж можа паспрыяць паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека на Кубе. Першыя ластаўкі ўжо пайшлі. Прайшла інфармацыя, што выпускаюцца палітзьняволеныя, нават кажуць, што амаль усе вызваленыя — ня ведаю, наколькі гэта дакладна. У любым разе, гэта першыя крокі дамоўленасьцяў, пра якія мы, можа, цалкам ня ведаем і застаецца толькі здагадвацца, што яны ёсьць. Тым ня менш, нягледзячы на гэтыя крокі, хацелася б падкрэсьліць, што сама сутнасьць аўтарытарнага рэжыму на Кубе застаецца. Адна з маіх знаёмых, вядомая кубінская блогерка Ёані Санчэс, зь якой мы нядаўна бачыліся на форумах у Польшчы і Чэхіі, цяпер пад хатнім арыштам, яе затрымлівалі за тое, што яна спрабавала выяўляць грамадзкую актыўнасьць, абараняла свайго мужа, якога затрымалі раней. Відавочна, што тамтэйшыя ўлады будуць не дапускаць нейкай моцнай дэмакратызацыі, будуць максымальна спрабаваць кантраляваць грамадзкія настроі на Кубе, будзе ісьці вось такая цяганіна. Бо таталітарны рэжым, якім ён быў і застаўся на Кубе, насамрэч не дае ніякіх свабодаў сваім грамадзянам. Рэальна грамадзтва там знаходзіцца ў стане страху, у стане адсутнасьці грамадзкай волі, поўнага замбаваньня, які насадзіла камуністычная кліка, што стаіць пры ўладзе і па сёньняшні час».

Аб «прагрэсе» ў разьвіцьці кубінскага грамадзтва найлепш сьведчаць фатаздымкі, якія Алесь Бяляцкі прывёз з заакіянскай камандзіроўкі.

«Грамадзкі транспарт» яшчэ памятае часы рэвалюцыі
«Грамадзкі транспарт» яшчэ памятае часы рэвалюцыі

У лацінаамэрыканскім камунізьме жыцьцё зьвялося да барацьбы за выжываньне

Акурат паўстагодзьдзя таму, у 1965 годзе, незадоўга да дэмабілізацыі, Мікалай Трухан атрымаў з рук Рауля Кастра ганаровы дыплём з аўтографам военачальніка. Прайшло роўна 50 гадоў, а дзейныя асобы на кубінскай палітычнай сцэне — усё тыя ж:

«Звычайна мы хадзілі па 2–3 чалавекі, нібыта турысты. Канечне, сваіх ведалі, на выпадак патрэбы ўсе непадалёк, прынамсі ўсе тыя 18 хлапцоў, зь якімі я на здымку. Раніцай рыхтаваліся да ад’езду, раптам каманда: „Пастраеньне!“. У гэты час чырвоная машына Рауля з эскортам ужо нясецца праз нашу пляцоўку, дзе склады. Як яны заяжджаюць — гэта нешта зь нечым. Дарэчы, матацыклы „Харлей Дэвідсан“ упершыню менавіта там і пабачыў. Дык вось заяжджаюць тры ці чатыры машыны, усе чырвоныя, становяцца, зь першай выходзіць Рауль: невысокага расточку, гэта цяпер, гляджу, крыху раздабрэў. Вусы шыкоўныя, мабыць, традыцыя яшчэ ад гішпанцаў. Ну, і пачынаецца. Нам — каманда „Сьмірна!“, яму дакладаюць: таварыш маёр-камэндантэ, „ура-ура“, аплядысмэнты, усё перакладаецца на гішпанскую. Пасьля фармальнасьцяў ягоны памочнік зачытвае прозьвішчы, а ён уручае дыплёмы. Увогуле з гэтай групы былі ўганараваныя пяцёра: многія яшчэ заставаліся, а мы былі, па-мойму, у другой чарзе на ад’езд. Я ж бачыце дзе на фатаграфіі? Верхні шэраг — гэта фактычна як у прэзыдыюме. Але многія нічога не атрымалі, перадусім „асабісты“, засакрэчаныя. Я хлопцаў, зразумела, трошкі пачаставаў, балазе з ромам там праблемаў няма».

Ганаровая грамата за подпісам Рауля Кастра
Ганаровая грамата за подпісам Рауля Кастра

Як кажа суразмоўца, па маладосьці ролю Фідэля Кастра наўрад ці можна было ацаніць аб’ектыўна. Але калі азірнуцца на мінулае з вышыні паўвеку: ці апраўдаліся ахвяры, кінутыя на алтар кубінскага сацыялізму?

«Якая была задача ў Фідэля? Пабудаваць лацінаамэрыканскі камунізм. Але з улікам блякады, паступовага адвароту Масквы жыцьцё зьвялося да барацьбы за выжываньне. Што ў такіх умовах дасягнута? Зусім мала. Узяць народную гаспадарку. Куба — у асноўным чырваназём, а чырвоная зямля яшчэ больш тлустая, чым чарназёмная ва Ўкраіне ці ў Варонескай вобласьці. Там усё расьце так хутка, што не ўявіць. Тым больш кожны дзень трапічныя ліўні, па 3–5 хвілін, вільгаці дастаткова, сонца. Рай! Прыкладам, бамбук ці цукровы трысьнёг. Слухайце, сьсеклі, паклалі на гэтае месца шкарпэткі (нацягваць вяроўкі не дазвалялася), дык назаўтра не дастаць дабро сваё, палкай зьбівалі. Так імгненна ўсё вымахвае. Капуста — як бомба, бульба — амаль такая ж. Гэта калі пералічваць знаёмую гародніну, астатняе — экзотыка. Мясное дрэва, нават не расьліннага паходжаньня, там бялок. Дык тая мясная садавіна — на вагу золата. Какосавыя пальмы — у арэхах не малако, а вяршкі, два дні потым ваду п’еш, такой тлустасьці. А ў Беларусі аднойчы паспытаў какос — і выплюнуў. Той жа ананас: едзеш, і ўжо здалёк — пах сунічнага поля. Райская зямля, якая магла б даваць па тры ўраджаі. У іх па ўраджайнасьці такая ж зямля, як у Андыжанскай даліне, дзе ўзбэкі ня ведаюць, куды падзець кавуны, дыні, вінаград. Гэтак жа маглі і кубінцы».

З гледзішча Масквы кубінская кампанія была файнай авантурай, каб супакоіць ЗША

Спроба ўсталяваць прасавецкія парадкі пад носам у Амэрыкі вялікага плёну ня мела. Дзеля якіх тады ідэалаў плылі за тысячы кілямэтраў хлопцы зь Беларусі ды іншых рэспублік СССР? Падсумоўвае Мікалай Трухан:

«Місія цалкам палітычная. Ну, калі магла вось-вось пачацца вайна і сам Кэнэдзі літаральна пІсаў ад страху, то як інакш? Але насамрэч комплексаў зь ядзернымі боегалоўкамі, якіх так баяліся амэрыканцы, было, як кажуць, „паўтары штукі“. Увогуле, Хрушчоў — найвялікшы падманшчык, бо ў бальшыні сваёй былі муляжы — з пальмаў, зь іншага падручнага матэрыялу. Адзін комплекс стаяў сабраны, другі толькі рыхтаваўся. Колькі ў тэорыі пасьпелі б запусьціць і калі — ня ведаю, гэта надзвычай сур’ёзная, працаёмкая справа. Каб шпокнуць адзін самалёцік, для арганізацыі супрацьпаветранай абароны патрэбныя гектары тэрыторыі — транспартазараджальныя машыны, машыны кіраваньня і г.д., бо ракета — 12 мэтраў. А тут такая махіна! Тым ня меней, калі амэрыканцы даведаліся пра дальнасьць 6 тысяч кілямэтраў, узьнялася агульная паніка, і з узьбярэжжа Флёрыды ўсе рынуліся на захад, каб ракеты іх не дасталі. Пра радыюс дзеяньня паведамілі самі ўлады, бамбасховішчам ужо не давяралі. Хрушчоў, мабыць, навучыўся ад Сталіна шмат чаму, каб застацца жывым. Хітры быў палітык, за што яго кубінцы любілі, заўсёды на вуліцы партрэты Фідэля і Хрушчова віселі побач. І дабіўся свайго: у ААН выступіў, прыгразіў, напалохаў. З гледзішча Масквы гэта была файная авантура, каб супакоіць ЗША, якія на Кубу мелі віды проста вялізныя: што там будуць базы, будзе адпачынак, танная працоўная сіла, рэсурсы. А тут ім раптам кажуць: дык там жа ўжо Саветы атабарыліся, месца занятае. Вось і пачаўся сыр-бор».

Непрыхавана нэрвова пацяпленьне амэрыканска-кубінскіх адносінаў успрымае Расея. У Маскве разглядаюць магчымасьць вярнуцца ў Лурдэс — там ад 1967 году працаваў радыёэлектронны выведны цэнтар, які забясьпечваў СССР 75% усёй інфармацыі пра ЗША. Пад будучы вялікі праект ужо сьпісана 90% кубінскага доўгу ў памеры больш як 30 мільярдаў даляраў. І ў Крамлі даюць зразумець, што так проста Кубу не аддадуць. 21 студзеня, акурат падчас візыту прадстаўнікоў амэрыканскага Дзярждэпу, у Гаване прышвартаваўся расейскі выведны карабель «Виктор Леонов», які пазаплянава ўвайшоў у порт. Пра мэты візыту не паведамлялася, але і без афіцыйных заяваў зразумела: барацьба за Кубу ўваходзіць у новую фазу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG