Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 8 лютага: Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным, а Вайцюшкевіч — з публікай


Фота Дьзмітрыя Маліноўскага

Фота Дьзмітрыя Маліноўскага

Найбольш важныя падзеі 8 лютага, а таксама чым гэты дзень запомніўся ў гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

Расея, Сочы. Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімерам Пуціным. Як паведаміў памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ушакоў, сустрэча не рабочая, яна будзе насіць характар нефармальных размоў, аб якіх кіраўнікі дамовіліся загадзя. Аб правядзенні сустрэчы бліжэйшым часам Лукашэнка і Пуцін дамовіліся яшчэ 23 студзеня ў часе тэлефоннай размовы. На думку экспэртаў, адной з галоўных тэм на сустрэчы стане пытаньне аб прадастаўленні Беларусі фінансавай дапамогі.

У Менскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адбудзецца конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў «Мяцелiца-2015». Творчае спаборніцтва танцавальных пар адбудзецца ў трох узроставых групах: юнацкай, дарослай і старэйшай ад 51 году, па праграме з 20 самых вядомых і арыгінальных беларускіх танцаў. У спаборніцтве бяруць удзел танцавальныя пары з розных рэгіёнаў Беларусі. Выступы канкурсантаў пройдуць у суправаджэньні інструмэнтальных ансамбляў народнай музыкі.

Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч


У Менску а 19-й гадзіне ў галерэі Tut.by адбудзецца творчая сустрэча і аўтограф-сэсія Зьмітра Вайцюшкевіча. Патрапіць на яе маюць магчымасьць толькі тыя, хто ўжо мае квіток на канцэрт Вайцюшкевіча ў клюбе «Піраты» 6 лютага. Той канцэрт быў забаронены.

У Менску ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пакажуць спэктакаль «Адэль» пра гісторыю загадкавых адносінаў Мужчыны і Жанчыны. Пачатак а 19-й гадзіне.


У гісторыі:


1865 — падчас пасяджэньня навуковага таварыства ў Бэрне (Швэйцарыя), Грэгар Мэндэль выступіў з дакладам, у якім сфармуляваў законы Мэндэля — прынцыпы перадачы спадчынных рысаў ад бацькоўскіх арганізмаў да іх нашчадкаў.

1904 — атакай японскага флёту на расейскую эскадру распачалася Расейска-японская вайна.


У памяці:

1828 — нарадзіўся Жуль Вэрн, францускі пісьменьнік-фантаст.

1834 — нарадзіўся Дзьмітры Мендзялееў, расейскі хімік.

1914 — нарадзіўся Валянцін Таўлай, беларускі паэт і літаратуразнаўца.

1921 — нарадзіўся Іван Мележ, беларускі празаік.

1928 — нарадзіўся Вячаслаў Ціханаў, савецкі і расейскі актор, вядомы, сярод іншага, ролямі Андрэя Балконскага ў кінаадаптацыі «Вайны і міру» ды Штырліца ў «Сямнаццаці імгненьнях вясны».

Леанід Лыч

Леанід Лыч

1929 — нарадзіўся Леанід Лыч, беларускі гісторык.

1587 — памерла Марыя Сцюарт, каралева Шатляндыі.

1725 — памёр Пётр I, расейскі імпэратар.


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


«Я лічу, што народ па-за сваёй роднай мовай не зьяўляецца паўнавартасным народам, гэты народ этнічна хворы. Без сваёй мовы такі народ не стварае нічога арыгінальнага, бо паўтарае, прычым у горшым варыянце, тое, на чыю мову і культуру ён перайшоў. Таму як нейкі соцыюм, такі народ будзе існаваць, але ён ня будзе ўяўляць нечага самабытнага, якое ў стане ўзбагачаць культурную разнастайнасьць цывілізаванага сьвету».

Леанід Лыч

XS
SM
MD
LG