Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барыс Жаліба пра Рассельгаснагляд: Гэта — палітычны фактар у дзеяньні


Рассельгаснагляд не прапусціў на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі зь Беларусі 26 тон сыру, 18 тон мяса птушкі і 22 тоны бульбы, паведамілі 6 лютага міжрэгіянальныя ўпраўленьні ведамства.

На аўтадарозе «Бранск — Гомель» у пункце «Чырвоны Камень» (Смаленская вобласць) быў забаронены ўвоз двух партыяў сыру агульнай вагой больш за 26 тон Верхнядзьвінскага сырзаводу. Груз накіроўваўся ў Арлоўскую вобласьць.

«У вэтэрынарных сэртыфікатах не пазначана канкрэтная дата выпрацоўкі прадукцыі, адсутнічае дата выдачы дакумэнту... Маркіровачная этыкетка „Сыр сметанковы“ не адпавядае пасьведчаньні якасьці», — гаворыцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях.

На тым жа пункце вярнулі 18 тон мяса птушкі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Маўляў, «транспарціроўка астуджанага мяса ажыцьцяўлялася ў антысанітарных умовах».

Рассельгаснагляд па Цьвярской і Пскоўскай абласьцях на кантрольным пункце «Лабок» спыніў увоз у Санкт-Пецярбург 22 тон бульбы. Прычына — на прадукцыю быў ня цалкам аформлены фітасанітарны сэртыфікат.

Эканаміст, прафэсар Барыс Жаліба ня верыць, што беларускія спэцыялісты так няахайна афармляюць дакумэнты:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Па сутнасьці, ідзе гандлёвая вайна паміж Расеяй і Беларусьсю. Гэта своеасаблівы мэханізм ціску на Беларусь і яе кіраўніцтва. Таму што літаральна днямі адбудуцца вельмі важныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Сочы, і перад гэтымі перамовамі Расея хоча прадэманстраваць, што можа рабіць ўсё, што захоча. Захоча — прапусьціць фуры з харчамі, не захоча — верне назад. А прычыны заўсёды знойдуцца. Гэта — палітычны фактар у дзеяньні. Я апошнім часам уважліва назіраю за Пуціным, гэта стала ягонай любімай забавай — паказваць нават свайму найбліжэйшаму саюзьніку Беларусі, што, маўляў, вы ад нас залежаце, вы ў нас на кароткім павадку. Гэта, канечне, непрыстойна».

XS
SM
MD
LG