Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі рэальна вярнуць у школу «Ўсясьветную мастацкую культуру»?


Падчас онлайн-канфэрэнцыі ў інфармацыйным агенцтве БЕЛТА міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў, адказваючы на пытаньне мянчанкі Рымы Закржэўскай, калі ў школы вернецца прадмет «Усясьветная і айчынная культура», адказаў, што гэты курс вернецца з наступнага навучальнага году.

Наколькі рэальна пасьля даволі працяглага перапынку ў такі кароткі тэрмін вярнуць у школу гэты прадмет.

«Усясьветную і айчынную культуру» беларускія школьнікі вывучалі да 2008 году. Але ў 2008 годзе згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам № 15 «Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі» скасавалі профілі, перавялі сярэднюю школу з 12-годкі на 11-годку. Тады ж прыбралі і «Ўсясьветную мастацкую культуру».

Але калі прадмет быў у школьнай праграме, таксама былі праблемы і з выкладчыкамі, і з падручнікамі. Дый сама праграма выкладаньня была недасканалая, кажа настаўніца адной са сталічных гімназіяў, філёляг па адукацыі:

«УМК выкладаць даручалі па астаткавым прынцыпе: „Ты выкладчык працы? Вазьмі яшчэ дзьве гадзіны УМК. Ты выкладчык маляваньня? Таксама вазьмі дзьве гадзіны“. У некаторых школах „дагружалі“ гісторыкаў. Падручнікі называліся нават не падручнікамі, а хрэстаматыямі. І там былі ўрыўкі з артыкулаў Ніцшэ, Шлегеля, Шэленбэрга, спрэс тэорыя. Чытаць гэта было немагчыма».

Праўда, у апошнія гады выкладчыкі УМК праходзілі адмысловую перападрыхтоўку. Нават у Менскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце ўвялі спэцыялізацыю, меркавалася, што ў выпускнікоў філялягічнага факультэту ў дыплёме будуць пазначаныя дзьве спэцыяльнасьці: «Выкладчык беларускай мовы і літаратуры. Выкладчык усясьветнай мастацкай культуры».

Студэнтаў набралі, яны тры гады правучыліся, і другая спэцыялізацыя — УМК — аказалася непатрэбная: прадмет скасавалі.

Вось зараз зьявіліся ідэі вярнуць «Усясьветную мастацкую культуру» ў школы, вярнуць профілі. Але гэтыя ідэі патрабуюць новых вучэбных плянаў. Ці пасьпеюць іх распрацаваць да новага навучальнага году — невядома. Цяпер дзейнічаюць вучэбныя пляны 2011 году, увесьці новыя — працэдура даволі няпростая. І хоць сам прадмет варты, каб яго вывучалі школьнікі, так хутка вярнуць яго наўрад ці ўдасца, мяркуе сталічная настаўніца:

«На сёньня няма спэцыялістаў, якія б маглі гэты прадмет весьці. Таму што тады, калі ўвялі «Усясьветную мастацкую культуру», першыя 2–3 гады яе выкладалі, так бы мовіць, «і жук, і жаба». А пазьней ужо ўвялі перападрыхтоўку. Я таксама яе праходзіла, скончыла курсы па выкладаньні гэтага прадмета. То бок тады гэтыя выкладчыкі былі. Няхай перавучаныя, але яны былі. У мяне ёсьць дыплём аб перападрыхтоўцы, і нават у кампутары захаваліся распрацоўкі. А ў апошнія 6 гадоў нікога не перавучваюць. Гэты прадмет зноў будзе паводле астаткавага прынцыпу: «ты хто — выкладчык выяўленчага мастацтва? Вось табе дзьве гадзіны УМК. Падручнікаў на сёньня няма. Так што на сёньняшні дзень мне гэтая ідэя не падабаецца, таму што ні спэцыялістаў няма, ні падручнікаў. Зноў будзе прафанацыя».

Цяпер ужо былы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік 16 кастрычніка 2014 году ў Барысаве праводзіў нараду па адукацыі, і тады гаворка ішла аб вяртаньні прадмета айчыннай, а не ўсясьветнай мастацкай культуры.

Міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў на онлайн-канфэрэнцыі 5 лютага сказаў наступнае: «Курс „Усясьветная і айчынная культура“ вернецца з наступнага навучальнага году. У кожнай паралелі ён будзе называцца па-свойму, у залежнасьці ад таго, што менавіта будзе вывучацца ў дадзеным клясе. Беларуская культура як частка агульнай усясьветнай культуры, натуральна, будзе вывучацца. Безь яе немагчыма абысьціся, мы ж жывём у Беларусі, мы грамадзяне сваёй краіны і павінны ведаць сваю культуру».

Вось толькі ці пасьпеюць да новага навучальнага году распрацаваць праграмы, вучэбныя пляны, падручнікі і, самае галоўнае, — падрыхтаваць выкладчыкаў, — пакуль пад пытаньнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG