Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыклая, здавалася б, для беларускіх рэаліяў скандальная гісторыя з арыштам ініцыятара акцыі пратэсту грузаперавозчыкаў Сяргея Штоды, які ішоў на прыём да віцэ-прэм’ера, цікавая зь некалькіх прычынаў.

Найперш, варта адзначыць, што пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча вядзе да росту сацыяльнай напружанасьці ня толькі таму, што растуць цэны, падаюць заробкі, павялічваецца беспрацоўе. Канфліктнае поле значна шырэйшае.

Справа ў тым, што ў пошуках крыніц папаўненьня бюджэту, які рэзка абмялеў, улады шукаюць усё новыя спосабы, каб забраць грошы ў суб’ектаў гаспадараньня і грамадзян. Вось увялі падатак на «дармаедаў». Прыдумалі нейкі дзіўны падатак на пазыкі.

Новае дыханьне набывае кампанія зьбіраньня штрафаў за розныя рэальныя і прыдуманыя парушэньні. Павялічылася колькасьць праверак суб’ектаў гаспадараньня (у прыватнасьці, індывідуальных прадпрымальнікаў). Прычым у 99% выпадкаў парушэньні знаходзяцца. Завалілі штрафамі грузаперавозчыкаў, што і выклікала канфлікт, у ходзе якога арыштавалі Сяргея Штоду. Вось Міністэрства транспарту ініцыюе павелічэньне памеру штрафаў за безьбілетны праезд пасажыраў у грамадзкім транспарце.

Усе гэтыя захады ўладаў закранаюць матэрыяльныя інтарэсы многіх людзей. Заканамерна, што людзі спрабуюць супраціўляцца. Вось грузаперавозчыкі (то бок гаспадары транспартных кампаніяў) пагражалі акцыяй пратэсту. Гэта новая зьява, бо дагэтуль у Беларусі пратэставалі толькі індывідуальныя прадпрымальнікі. Днямі адбыўся канфлікт паміж прадпрымальнікамі і падатковымі інспэктарамі на Паўднёвым рынку Горадні.

Можна меркаваць, што гэта тэндэнцыя. І па меры пагаршэньня эканамічнага становішча ў краіне сацыяльная напружанасьць у грамадзтве будзе адчувацца ўсё болей.

Яшчэ адзін момант. На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў журналістам дыялёг. Ён горача падтрымаў прапанову галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Ёсіфа Сярэдзіча, што беларускаму грамадзтву трэба скансалідавацца перад вонкавай пагрозай. Але ўсім было зразумела, што далей за словы справа ня пойдзе. Так і адбылося.

Падзеі, пра якія мы ўзгадалі, лішні раз сьведчаць, што ні да якага дыялёгу ўлады ня здольныя. Прычым ня толькі з апанэнтамі, з апазыцыяй, але нават і з палітычна ляяльным грамадзтвам. Гэтая заканамернасьць працуе на ўсіх узроўнях улады, пачынаючы ад Адміністрацыі прэзыдэнта і заканчваючы ЖЭСам.

Бо ў межах патэрналісцкай дзяржавы ўлада і народ — не раўнапраўныя суб’екты. Тут дзейнічае схема «Я — начальнік, ты — дурань». Ну і які можа быць дыялёг пры такой сыстэме адносін? Мадэль працуе паводле прынцыпу своеасаблівага палітычнага ніпэля. Рух ідзе толькі ў адзін бок — зьверху ўніз. Зваротны працэс не прадугледжаны. Сыстэма прадстаўніцтва інтарэсаў існуе ў вельмі скажоным выглядзе. Улада ўпэўненая, што яна лепш ведае, што патрэбна народу. («Народ рэформаў ня вытрымае», — заявіў Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі.) І любыя спробы асобных групаў насельніцтва нагадаць пра свае інтарэсы выклікаюць нэрвовую рэакцыю дзяржаўных органаў. Што мы і назіраем у выпадку з арыштам Сяргея Штоды.

Кіраўнікі цяперашняга рэжыму разумеюць дыялёг вельмі своеасабліва. Гэта калі народ бесьпярэчна падпарадкоўваецца ўладзе, дзякуе ёй за шчасьлівае жыцьцё. А любыя спробы публічна заявіць пра свае інтарэсы разглядаюцца як шлях да Майдану. З усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.

У такой мадэлі няма ніякага кляпану, каб выпускаць пару, запаснога варыянту, пляна «Б». Яна няздольная да трансфармацыі, самазьмяненьня, саманастройкі, самакарэкцыі. Сыстэма можа ў нейкі момант толькі раптоўна абваліцца.

06.02.2015 г.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG