Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук. Трэцяя сьвечка​

  • Аляксандар Лукашук

З нагоды 60-годзьдзя пісьменьніка і дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука публікуем урывак зь яго новай кнігі «Дзясяты паверх».

Аўтарская прадмова да другога тома выбраных твораў “Дзясяты паверх” (Менск. “Галіяфы”. 2015)

Першы бык быў страшна прыгожы — адліты з жывога мэталу і бліскучы, як антрацыт, з бязьлітаснымі рагамі на крутой лобнай косьці, кароткай шыяй і скульптурным торсам, перакручаным канатамі цягліц. Праляцеўшы 60-мэтровую арэну сэкунды за тры, ён пратараніў аднаго каня, які паваліўся і прыдушыў пікадора, затым атакаваў другога вершніка. Кап’ё прабіла скуру на загрыўку, пырснула кроў, але бык упарта працягваў басьці панцыр, што закрываў конскае бруха, аж пакуль матадор чырвоным пасам ня выманіў яго за сабой на сярэдзіну рынгу.​

Я сядзеў каля самага бар’ера, над месцам для toreros — матадора і яго cuadrilla: трох бандэрыльераў, якія ўтыкаюць навостраныя сталёвыя сьцяжкі ў карак быку, двух пікадораў, якія разьюшваюць яго кап’ём, і мечаносца, які мяняе зброю. Быў канец красавіка, неба над Мадрыдам з раніцы вагалася паміж дажджом і сьнегам, нізкія хмары так безнадзейна абклалі далягляды, што падзел квіткоў на карыду «на сонцы» (дарагія) і «ў ценю» (нашмат даражэйшыя) выглядаў broma ridicula, недарэчным жартам.​

Я надзеў на сябе ўсё, што меў, кашулю, швэдар, пінжак пад куртку, закруціўся шалікам, але ўсё адно холад на бэтонных трыбунах працінаў так, што ў прамежку паміж парадам, які адкрывае цырымонію, і першым боем выйшаў у бар і папрасіў двайны віскі. Бармэн працягнуў высокі келіх — віскі быў зь лёдам. Давялося ўзяць, і я вярнуўся да свайго месца каля бар’ера, што, як вядома, зьяўляецца адной з умоваў шчасьця (гэтак сьцьвярджаў Эрнэст Хэмінгуэй: «Для мяне рай быў бы вялікай арэнай для бою быкоў, дзе ў мяне два месцы каля бар’ера …»).

Сэзон толькі пачынаўся, і на рынг выходзілі novilleros — маладыя матадоры, тры хлопцы ў залатым шытве, traje de luces, тонкія і сур’ёзныя. Быкі таксама былі novillos — трохгодкі, але калі я пабачыў іх рогі над магутнымі тулавамі, дык зразумеў, чаму на пляцы каля арэны стаіць помнік вынаходніку пэніцыліну доктару Флэмінгу, перад якім бронзавы матадор здымае сваю montera — двухвухі капялюш. Я прыехаў на Plaza de Toros de Las Ventas за пару гадзін да пачатку карыды, і калі абыходзіў плошчу вакол арэны, заўважыў на службовым двары дзьве санітарныя машыны.

Трохі сагравала, што я быў у правільным месцы ў правільны час. «Бой з быком, які найлепш глядзець упершыню — гэта novillada, і найлепшае месца, дзе глядзець novillada — гэта Мадрыд». Так Хэмінгуэй пачынае чацьвёрты разьдзел сваёй самай дакумэнтальнай кнігі прозы «Сьмерць пасьля паўдня». Я патрапіў якраз на novillada — маладыя супраць маладых.​

Калі бык у канцы faena, рытуальнага танцу, у якім чалавек дражніў утыканага бандэрыльямі зьвера, амаль абдымаўся зь ім і дэманстраваў халаднакроўную абыякавасьць, раптам падхапіў партнэра на рогі, шпурлянуў у паветра і затым кінуўся басьці скручанае цела, выбеглі іншыя тарэра, і разьюшаная акрываўленая паўтонная махіна пакінула ахвяру і пагналася за прывіднымі чырвонымі сьцягамі. Матадору дапамаглі падняцца і падвялі якраз пад тое месца, дзе я сядзеў. Гэта быў нават не малады мужчына, а юнак, хоць і паўднёвага тыпу, там сталеюць рана, але засяроджанасьць, імкненьне захаваць вонкавы спакой і не паказваць боль былі занадта выразныя і выдавалі нядаўняга падлетка.​

Ён вярнуўся на арэну, пакланіўся, не падымаючы вачэй, узмахнуў пунсовай мулетай і працягнуў танец, ад якога замірала сэрца, пакуль бык не засоп, не прыгнуўся і не задумаўся, атакаваць ці не, і пакуль ён чакаў, шырока расставіўшы ногі і пагойдваючы цяжкай галавой, тарэра памянялі шпагу на баявы клінок, матадор выцягнуўся на дыбачках, як струна, замёр, і наступнае, што я пабачыў, быў ужо сталёвы эфэс у бычыным загрыўку. Бясконцыя тры сэкунды нічога не адбывалася, а потым падламаліся пярэднія ногі і залітая крывёй мускулістая туша павалілася на бок. Трыбуны рассыпаліся ў аплядысмэнтах, устрапянулася белая хустка, два кані павалаклі toro па коле, аркестар зайграў Pasodobles.​

Здымак гэтага быка, не фінальны, а перад атакай, цяпер стаіць на вокладцы першага тома, у якім сабраныя мае дакумэнтальныя дасьледаваньні гісторыі Беларусі. Я доўга вагаўся, як назваць той том з падарожжамі ў вельмі розныя гады беларускага ХХ стагодзьдзя — там і 1920-я, і 1930-я, і 1950-я, і 1960-я, і зусім непадобныя героі — трынаццаць амэрыканцаў, які займаюцца гуманітарнай дапамогай, сталінскія чэкісты, якія балююць у вёсках і сталіцы, затым гісторыя юнака, які гераічна вяртаецца на радзіму ў разгар халоднай вайны, і на завяршэньне — жыцьцё ў савецкай правінцыі будучага забойцы амэрыканскага прэзыдэнта, няўлоўнае, як матылёк.​

Але калі мой сябар, мастак кнігі і ня толькі Генадзь Мацур, якому я паслаў пару фотак з карыды, раптам выбраў адну зь іх на вокладку, туды стала, быццам толькі гэтага чакала, назва, якую раіў другі мой сябар, паэт гісторыі і ня толькі Уладзя Арлоў: «Вяртаньне нацыяналіста».​

Хто б мог падумаць.

Аказалася, што менавіта дзеля гэтага я сядзеў у шэры красавіцкі дзень на арэне Las Ventas, марна спрабуючы сагрэцца віскі, у якім лёд ня толькі не растаў, але, па-мойму, яго нават пабольшала, і ўсмоктваў кожную хвіліну карыды, як пясок імжу.​

Пасьля першага бою ўсё паўтарылася яшчэ пяць разоў. Кожны матадор біўся з двума быкамі, і хоць раз, але ўзьлятаў у паветра, і хутка ўжо нельга было адрозьніць, дзе чыя кроў. Аднак заўсёды вяртаўся на арэну. Аднаго ўрэшце вынесьлі на санітарных насілках — але пасьля таго, як ён усё ж закалоў свайго суперніка, і толькі потым сам апусьціўся на запырсканы жоўты пясочак.​

На вокладцы гэтай кнігі — яшчэ адзін са здымкаў з той карыды. Большасьць знаёмых, якім я іх паказваў, паставілася да публічнай дуэлі з абавязковым лятальным зыходам, мякка кажучы, няўхвальна. Я падазраю, што рэч ня толькі ў тым, што ў ХХІ стагодзьдзі гуманізму стала больш, чым у ХХ-м, але і ў тым, што ён стаў трохі іншым, больш даступным і таму больш выбраным і часам самалюбным.​

Хэмінгуэй называў бой быкоў адзіным відам мастацтва, дзе аўтару пагражае сьмерць, а ступень майстэрства вызначаецца толькі ягоным уласным гонарам. Ён ня ведаў гісторыі беларускай літаратуры.​

Карыда, верагодна, ня мае будучыні ў форме танцу са сьмерцю, у якой яна толькі і мае сэнс. Літаратура, магчыма, таксама ня мае будучыні — так, прынамсі, казаў часам Васіль Быкаў. Але калі яна мае сэнс, дык якраз у такой форме, дзе разам зыходзяцца ўсе складнікі жыцьця, а ступень набліжэньня да сьмерці вызначаецца толькі ўласным гонарам. Быкаў пісаў менавіта так.

Тое выказваньне Хэмінгуэя пра шчасьце мае працяг: «… два месцы каля бар’ера, ручай са стронгай паблізу, і каб б ніхто там больш не лавіў, і два прыгожыя дамы ў горадзе; у адным была б жонка і дзеці, і я б захоўваў ім вернасьць і кахаў па-сапраўднаму і добра».​

Калі я першы раз пабачыў гэтыя словы ў нейкім літаратурным цытатніку, трохі зьдзівіўся — а што з другім домам, дзеля чаго, можа быць — для пісаньня? Верагодна — так, аўтар, мабыць, не захацеў дагаворваць, бо цаніў эканомнасьць, падтэкст, сілу маўчаньня, якая сама данясе чытача да прыстані прызначэньня. Але потым, калі пабачыў увесь ліст 26-гадовага аўтара да сябра, таксама пісьменьніка, дык высьветлілася, што ўкладальнікі падборкі цытатаў вырашылі праявіць гуманізм і паклапаціцца пра рэпутацыю нобэлеўскага ляўрэата: «… а ў другім доме ў мяне было б дзевяць каханак-прыгажунь на дзевяці розных паверхах».​

Я ўсё ж меў рацыю — сапраўды, пра пісаньне.​

У маім першым томе выбранага, «Вяртаньні нацыяналіста» (2014), калі верыць выходным дадзеным, сабраная дакумэнтальная проза. У гэтым, хутчэй, наадварот. Тут на дзевяці розных паверхах сабраныя дзевяць магчымых розных кніг. У падвалах і на гарышчы засталіся апавяданьні, вершы, сцэнары, эсэ, артыкулы, рэпартажы і інтэрвію, пераклады, тэксты, напісаныя адразу на замежных мовах — «вусялякая вусячына» за апошнія сорак гадоў. Яна ня ўключана ў гэты збор, так што гуманізм да чытачоў праяўлены, за што — і ня толькі за гэта — трэба дзякаваць майму сябру Андрэю Федарэнку, які дапамагаў складаць і даводзіць да ладу гэты том.​

Аднойчы ў царкве я спытаўся, як правільна ставіць сьвечкі — і атрымаў параду: адну за тых, каго любіў, другую за тых, каго любіш.​

Я папрасіў тры. Трэцюю — за дзясяты паверх.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG