Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ўлады ў Крыме афіцыйна адкрылі сёньня помнік удзельнікам заключэньня Ялцінскіх пагадненьняў 1945 году — тагачасным кіраўнікам СССР, ЗША і Вялікабрытаніі Іосіфу Сталіну, Франкліну Рузвэльту і Ўінстану Чэрчылю.

На цырымонію каля Лівадыйскага палаца, дзе праходзіла Ялцінская канфэрэнцыя, прыбыў сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Сяргей Нарышкін.

10-тонавы бронзавы помнік працы расейскага скульптара-манумэнталіста Зураба Цэрэтэлі ўсталявалі з нагоды 70-годзьдзя гэтай канфэрэнцыі.


Пляны ўсталяваць яго выклікалі ў Крыме супрацьлеглыя рэакцыі: частка прарасейскіх сіл падтрымала іх, затое гучыць і рэзкая крытыка. У прыватнасьці, супраць выступаюць крымскія татары, у тым ліку і прарасейскія крымскататарскія арганізацыі.

Крытыкі лічаць блюзьнерствам ставіць на зямлі крымскіх татараў помнік у любым выглядзе Сталіну, на загад якога крымскататарскае насельніцтва было ў 1944 г. прымусова дэпартаванае, пераважна ва Ўзбэкістан, Казахстан або Таджыкістан, па абвінавачваньні ў супрацы з нацыстамі.

Пагадненьні, заключаныя трыма кіраўнікамі на Ялцінскай канфэрэнцыі 4-11 лютага 1945 году, прывялі да пасьляваеннага падзелу Эўропы і стварэньня на ўсходзе кантынэнту савецкай зоны ўплыву.

Помнік аўтарства Цэрэтэлі быў створаны раней, але да гэтага часу яго нідзе не ўдавалася ўсталяваць. У прыватнасьці, як паведамлялася, яго зьбіраліся паставіць у горадзе Валгаградзе ў Расеі, але не змаглі ўзгадніць яго з уладамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG