Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ведаў бы прыкуп — жыў бы ў Сочы», — гэтак гучала прыказка савецкіх прэфэрансістаў. Прэзыдэнт Лукашэнка ў Сочы не жыве, затое мае магчымасьць адпачываць. Аднак паехаў туды для складанай гульні, зыход якой ня вельмі ясны.

На апошняй прэс-канфэрэнцыі заявы прэзыдэнта з нагоды ўзаемаадносінаў з Расеяй уражвалі сваёй супярэчлівасьцю. Расея — саюзьнік, Расея — брат («мы — рускія»), мы ніколі ня здрадзім Расеі, Расея дапаможа ў выпадку чаго. Гэта «за здароўе». Але і «за спачын» было сказана нямала і ў больш практычнай плоскасьці. Тут і намёкі на магчымы выхад Беларусі з Эўразійскага саюзу пры пэўных абставінах, і заява аб пераўзбраеньні арміі зброяй айчыннай вытворчасьці (навошта, калі ёсьць магутны і шчодры саюзьнік), і даволі двухсэнсоўныя тлумачэньні, чаму Пуцін не прышле ў Беларусь сваіх «ветлівых людзей» («Расеі не да нас» (?)).

Кіраўнік дзяржавы прачыніў заслону сакрэтнасьці над двума вельмі павучальнымі сюжэтамі двухбаковых адносінаў. Ён патлумачыў, што нядаўні «накат» расейскіх СМІ на яго асабіста выклікаў яго абурэньне ня столькі сам па сабе, колькі тым, што быў парушэньнем «канвэнцыі», заключанай з Крамлём — больш ніякіх «хросных бацек» ні з таго, ні з другога боку.

Акрамя таго, адказваючы на пытаньне аб магчымым сыходзе са сваёй пасады, Лукашэнка сказаў: «Я цьвёрда адказаў на гэта ў Крамлі». Ну калі была неабходнасьць адказваць на гэта менавіта ў крамлёўскіх палатах, то, мабыць, адтуль адпаведнае пытаньне ці нават пажаданьне і зыходзіла. Пытаньне кіраўніка адной дзяржавы кіраўніку іншай, ці не заседзеўся на сваёй пасадзе, ня сьведчыць аб поўнай бясхмарнасьці адносінаў.

Але супярэчнасьць на самай справе вонкавая. Расея для беларускага прэзыдэнта — крыніца і дабротаў, і небясьпекі, гэта свой сьвет, які ён разумее. Цікавая дэталь: у апісаньнях Лукашэнкам узаемаадносінаў Беларусі з Расеяй фігуравалі розныя людзі — Пуцін, зразумела, начальнік «Рассельгаснагляду» Данкверт, напрыклад. У апісаньнях адносінаў з Захадам людзей (усё роўна, добрых або дрэнных з пункту гледжаньня прэзыдэнта) не было наогул. У яго карціне сьвету цяжкасьці адносінаў з Захадам — гэта цяжкі ляндшафт, сьпёка пустыні або холад палярнай тундры.

Гэтае «бязьлюдзьдзе» Захаду яскрава ілюструе яго, Захаду, чужасьць Аляксандру Лукашэнку незалежна ад карыснасьці ці шкоднасьці каньюнктурных камбінацый.

Хоць увесь мінулы год цягнуўся рахманы раман беларускай дыпляматыі з Захадам, вынікі ня ўражваюць. Бакі відавочна не давяраюць адзін аднаму, лічачы сябе падманутымі падчас ранейшага раўнду нармалізацыі адносін у 2008-2010 гадах.

Пры гэтым Захад мае мінімальныя ўмовы, ад якіх ён ня можа адмовіцца. У свой час Захад мог і не зьвязваць так жорстка адносіны з афіцыйным Менскам зь лёсам тых, каго лічыць палітвязьнямі. Адносіны з Кітаем не абумоўленыя лёсам нобэлеўскага ляўрэата Лю Сяобо, які пакутуе за кратамі, запрашэньні Ільхама Аліева на рознага кшталту саміты і сустрэчы не залежаць ад таго, ці выйдзе з турмы праваабаронца Лэйла Юнусава. Ну а зь Беларусьсю інакш. Унівэрсальнасьці тут няма, да таго ж на Захадзе выдатна разумеюць, што беларуская палітычная сыстэма прынцыпова ня зьменіцца, калі, скажам, Мікола Статкевіч апынецца на волі. Але гэта пытаньне прэстыжу, калі заўгодна. Захад можа дазволіць сабе проста чакаць, асабліва з улікам таго, што адстойваньне беларускай незалежнасьці — гэта прамы і крэўны інтарэс самога беларускага кіраўніка і ён будзе адстойваць яго незалежна ад адносінаў з Эўразьвязам. Дапамога магчымая, але яна абумоўленая выкананьнем беларускім бокам мінімальных умоў.

Тым больш, што ёсьць прэцэдэнт: у 2008 годзе для беларускай улады Аляксандр Казулін быў фармальна ня больш чым «крымінальнікам». Аднак чамусьці быў вызвалены. Беларускаму боку ўпартасьць Захаду, зацыкленасьць на адной праблеме здаецца неабгрунтаванымі? Магчыма, але і пазыцыя Менску па гэтай праблеме ўяўляецца Захаду цалкам неабгрунтаванай.

Зрэшты, прычыны, зь якіх беларускі бок не жадае зрабіць крок, які відавочна адчыніў бы дзьверы для збліжэньня, могуць тлумачыцца ня толькі ўпартасьцю, меркаваньнямі прэстыжу або засьцярогамі ўнутрыпалітычных наступстваў выхаду на свабоду аўтарытэтнага апанэнта ўлады.

Справа ў тым, што гульня афіцыйнага Менску з Захадам даволі складаная па выкананьні. Хацелася б неяк так пабудаваць адносіны, каб атрымліваць ад іх разнастайныя бонусы, фактычна ствараючы супрацьвагу ўплыву Масквы, але пры гэтым не занадта тую самую Маскву злаваць. Яна і ў 2008-2010 годзе даволі хваравіта назірала за працэсам усяго толькі нармалізацыі адносін паміж Менскам і Брусэлем, а пасьля і падчас канфлікту з Украінай гэтая чуйнасьць істотна ўзрасла.

Некаторыя экспэрты выказваюць меркаваньне, што беларускі прэзыдэнт вельмі хоча патрапіць на саміт «Усходняга партнэрства», які сёлета адбудзецца ў Рызе. А ці хоча? Дакладней, ці лічыць задавальненьне і выгады ад наведваньня гэтага мерапрыемства большымі, чым магчымую шкоду ад рэакцыі Масквы, здольнай убачыць у гэтым візыце пралёг пераходу саюзьніка на бок ворага?

Відаць, з улікам гэткіх меркаваньняў збліжэньне адбываецца асьцярожна, пры дапамозе жэстаў, быццам бы і не адрасаваных наўпрост Захаду. Дэманструюцца цёплыя адносіны з Кіевам, з Тбілісі (Лукашэнка паедзе туды ў красавіку). У рамках маскоўскай карціны сьвету постсавецкія лідэры, пры ўсёй іх празаходнясьці — усё ж як бы свае, зь імі можна. Аднак насамрэч такая палітыка — пасы ў бок Захаду.

Вядома, Менск больш за ўсё задаволіла б, калі б Захад, кіруючыся выключна геапалітычнай лёгікай, банальна даў грошай і дазволіў і далей вытрымліваць балянс паміж ім і Расеяй. Ну ці хаця б стварыў уражаньне такой магчымасьці, якой можна было б гандляваць з Масквой.

Зразумела, і гэта ў Крамлі не прыйдзецца даспадобы. Але ў гэктай гульні галоўнае — не пераходзіць «чырвоную рысу». А дражніць «заклятага саюзьніка», не пераходзячы гэтую рысу — важны прыём гандлю.

Варта адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка менавіта ў няпростых і крытычных сытуацыях часта кіруецца прынцыпам: «Найлепшая абарона — гэта наступ». Дарэчы, яшчэ адну дэманстрацыю гэткай тактыкі сьвет назірае ў першых кроках новага грэцкага ўраду Алексіса Цыпраса. Здавалася б, Атэны ў даўгах, як у шаўках, не дадуць грошай яшчэ — эканоміка Грэцыі можа накрыцца медным тазам, дык трэба паводзіць сябе ціха і прыстойна і не злаваць крэдытораў. Алексіс Цыпрас паводзіць сябе наадварот: першым крокам новага ўраду стаў дэмарш супраць салідарнай палітыкі ЭЗ адносна Расеі, мінфін Грэцыі заявіў, што ня будзе размаўляць з тройкай асноўных крэдытораў, Цыпрас аб’яжджае эўрапейскія сталіцы, дэманстратыўна ігнаруючы Бэрлін — галоўнага крэдытора і ідэалягічнага апанэнта. Ну даскачацца хлопец. А неабавязкова, дарэчы. Ён дэманструе зубы, стварае ўяўныя стаўкі, якія потым можа абмяняць на саступкі ў сфэрах, у якіх ён сапраўды зацікаўлены.

Грэцыя ж не заблякавала палітыку ЭЗ адносна Расеі, проста прадэманстравала, што можа. Ёй гэта ня вельмі трэба, але мы ня ведаем, што паабяцалі кіраўніку МЗС Грэцыі ў абмен на згоду не выходзіць (прынамсі пакуль) з агульнага эўрапейскага шыхту процідзеяньня расейскай палітыцы ва Ўкраіне.

Дык і Лукашэнка дзейнічае падобным жа чынам. І ўжо даўно. І не бяз посьпеху. Намёкі на выхад з ЭАЭС, публічнае «выключэньне» Беларусі з «рускага сьвету», моцнае пацісканьне рук Парашэнку і Маргвелашвілі — усё гэта пры неабходнасьці можна абмяняць на паўнаважкую расійскую падтрымку. А потым даць зразумець, што абмен зусім не азначае адмовы ад балянсу як галоўнага прынцыпу зьнешняй палітыкі.

Мяркуючы па ўсім, гэтым і будзе займацца беларускі лідэр у Сочы падчас перамоваў са сваім расейскім калегам. Аднак у пэўным сэнсе суразмоўца Лукашэнкі будзе адрозьнівацца ад таго Пуціна, зь якім беларускі лідэр меў зносіны ў сьнежні летась. Новы віток вайны ў Данбасе мяняе многае. Можна сказаць, што вайна была і летась. Але тады не было санкцыяў. Зімовы наступ сэпаратыстаў быў бы немагчымы бяз згоды Масквы, дзе не маглі не аддаваць сабе справаздачы пра магчымыя наступствы гэтага рашэньня, у прыватнасьці, для стасункаў Расеі з Захадам. Гэта значыць, там палічылі, што мэта вартая выдаткаў.

Ва ўзаемаадносінах зь Беларусьсю гэтая зьмена можа спрацаваць па-рознаму: мэта вартая выдаткаў, значыць, Беларусі трэба заплаціць, каб краіна заставалася на расейскай арбіце. Ці наадварот: Расея плаціць вельмі дорага за дасягненьне сваіх мэтаў, а саюзьнік, які не дапамагае і спрабуе пры гэтым яшчэ нешта атрымаць ад Расеі, варты ня шчодрасьці, а пакараньня.

У лістападзе я пісаў на сайце TUT.BY, што поўнамаштабная вайна ў Данбасе можа аднавіцца ў найбліжэйшым часе і што ў гэтым выпадку Беларусь можа быць уцягнутая ў вір гэтай вайны. На жаль, першы прагноз спраўдзіўся. Ад вынікаў сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна залежыць ня толькі тое, ці атрымае Беларусь нейкую суму грошай, але і ці не апынецца яна непасрэдным удзельнікам братазабойчага канфлікту.

Перадрук з парталу tut.by.

XS
SM
MD
LG