Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выязджалі на сваёй машыне. Было вельмі страшна» — перасяленка з Дэбальцава


Эвакуацыя людзей з Дэбальцава
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:15 0:00
Наўпроставы лінк

Эвакуацыя людзей з Дэбальцава

Больш за 2500 чалавек эвакуаваныя за апошні тыдзень з гарадоў на лініі фронту ў Данбасе

Больш за 2500 чалавек эвакуаваныя за апошні тыдзень з гарадоў на лініі фронту ў Данбасе — Дэбальцава, Аўдзееўкі і Сьветладарску. Ратавальнікі, валянтэры, прыватныя перавозчыкі ці ўласнае аўто — вычарпальны пералік памочнікаў і спосабаў, каб выехаць з зоны АТА. Радыё Свабода высьвятляла, як і куды едуць жыхары тых раёнаў Данбасу, якія апынуліся ў эпіцэнтры канфлікту.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк заяўляе: эвакуацыя з зоны канфлікту на Данбасе ўскладняецца тым, што аўтобусы з цывільнымі людзьмі абстрэльваюць баевікі.

Усе машыны пафарбаваныя ў белы колер з чырвонымі крыжамі.

«Усе машыны пафарбаваныя ў белы колер з чырвонымі крыжамі. Яшчэ раз зьвяртаюся да прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, у першую чаргу да АБСЭ, і да Расеі, якая кантралюе сваіх расейскіх тэрарыстаў: спыніце абстрэл мірных грамадзян», — заявіў кіраўнік ураду.

У АБСЭ заклікаюць трохбаковую кантактную групу паспрыяць таму, каб хаця б на 3 дні ў раёне Дэбальцава перасталі страляць. Эвакуацыя цывільных асобаў у гарадах накшталт гэтага — небясьпечная і нерэгулярная. Днямі ўкраінскі бок дамовіўся з баевікамі пра аднаразовыя гуманітарныя калідоры з Дэбальцава і Вуглягорску. Але, па словах прадстаўніка штабу АТА Андрэя Лысенкі, ніякія дамоўленасьці з баевікамі не падмацаваныя гарантыямі.

«Як толькі няма агню і стрэлаў, гэтым карыстаюцца. Дамоўленасьці дасягаюцца, але баевікі іх пастаянна парушаюць», — распавядае ён.

Аварыя, зь якой зрабілі таямніцу

Паводле дадзеных ААН, агулам ва Ўкраіне цяпер каля 850 тысяч унутраных перасяленцаў. Але з Данбасу людзі ўцякаюць ня толькі ў мірныя ўкраінскія вобласьці. У Расеі, паводле афіцыйных дадзеных яе міграцыйнай службы, папрасілі прытулку амаль паўмільёна ўкраінскіх грамадзян з зоны канфлікту.

Выезд украінскіх перасяленцаў на тэрыторыю Расіі таксама не заўсёды гарантуе бясьпеку. 4 лютага стала вядома пра гібель грамадзян Украіны пры аварыі пасажырскага мікрааўтобуса на трасе ў Белгародзкай вобласьці Расеі. Паводле дадзеных украінскага боку, расейская ўлада адмаўляецца падаваць інфармацыю пра загінулых. У той жа час, згодна з дадзенымі расійскіх СМІ, усе яны — жыхары Данецкай і Луганскай абласьцей.

«Аўтобус аднавіць немагчыма. Кіроўца, на шчасьце, жывы»

Алена Алейнікава — валянтэр Цэнтру ўзаемадапамогі «Врятуємо Україну». На сваіх аўто ўдзельнікі ініцыятывы вывозяць людзей як з населеных пунктаў уздоўж лініі сутыку, так і з акупаваных тэрыторыяў. Валянтэры цэнтру працуюць без матэрыяльнай або рэсурснай падтрымкі дзяржавы, але ад такой дапамогі не адмовіліся б.

Алена Алейнікава кажа: рэсурсы яе цэнтру, які займаецца ня толькі эвакуацыяй, але і расьсяленьнем і падтрымкаю перасяленцаў, абмежаваныя. «За мінулы тыдзень мы страцілі два мікрааўтобусы. Адзін трапіў пад мінамётны абстрэл, калі ехаў у Дэбальцава па людзей. Наколькі я разумею, аднавіць яго ўжо немагчыма. Кіроўца, на шчасьце, жывы. Яшчэ адзін аўтобус цяпер у рамонце. Такое адбываецца ўвесь час», — зазначае яна.

Алена Алейнікава распавядае, што колькасьць людзей, якія хочуць зьехаць з зоны канфлікту, пастаянна расьце. Яна кажа яшчэ пра адну праблему — што дарослым мужчынам выехаць з акупаванай тэрыторыі фактычна немагчыма. Акрамя таго, па словах валянтэра, гэтай катэгорыі грамадзян не дапамагаюць і пры эвакуацыі.

«Што трапілася ў рукі, тое загрузілі і паехалі»

Шмат хто выяжджае з зоны канфлікту сваімі сіламі. Галіна Фёдараўна разам з мужам выехалі з Дэбальцава напрыканцы студзеня.

Мы выяжджалі на сваёй машыне. Было вельмі страшна. Што трапілася ў рукі, тое загрузілі ў машыну і хуценька паехалі. Наш дом быў напалову разбураны.

«Мы выяжджалі на сваёй машыне. Было вельмі страшна. Што трапілася ў рукі, тое загрузілі ў машыну і хуценька паехалі. Наш дом быў напалову разбураны. У суседзяў дом разбураны цалкам. Гэта жах. У нас больш як паўмесяца няма сьвятла, газу ў горадзе наагул няма».

Цяпер спадарыня Галіна з мужам у Дружкоўцы. Распавядаюць, што ў сацвыплатах ім адмовілі, бо фармальна яны, маўляў, ня з зоны АТА.

Багата перасяленцаў селяцца ў сваякоў і сяброў, пазьней — самастойна знаходзяць сабе жыльлё і працу на новым месцы. Для тых, хто ня мае такой магчымасьці, існуе інфармацыйны рэсурс Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях, на якім можна пашукаць, у якой вобласьці або населеным пункце ёсьць жыльлё і вакансіі. Паводле зьвестак ведамства, найбольш перасяленцаў цяпер — у прыфрантавых раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, а таксама ў Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Запароскай абласьцях.

Паводле дадзеных Міжведамаснага каардынацыйнага штабу Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях, з часова акупаванай тэрыторыі і раёнаў правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі ў іншыя рэгіёны Ўкраіны пераселена 663 тысяч 485 чалавек.

У якія рэгіёны пераяжджаюць вымушаныя перасяленцы, можна паглядзець на мапе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG