Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ажыцьцяўляе ваенную інтэрвэнцыю ва Ўкраіне з красавіка 2014 года, — ЗША


Расейскія войскі актыўна дзейнічаюць на ўсходзе Ўкраіны з самага пачатку ўзброенага канфлікту ў красавіку 2014 года, заявіў у сераду амбасадар ЗША ў НАТО Дуглас Лют.

Расейскія ваенныя спэцыялісты выконваюць у канфлікце камандную і кантрольную ролю, а таксама працуюць там на складанай ваеннай тэхніцы, з якой няздольныя справіцца непадрыхтаваныя сэпаратысты, паведаміў ён перад пачаткам пасяджэньня міністраў абароны краін НАТО ў Брусэлі.

Паводле слоў амбасадара, Узброеныя сілы Расеі прадстаўлены на тэрыторыі Украіны і баявымі войскамі, і апэратыўнымі супрацоўнікамі выведкі. Некаторыя зь іх дзейнічаюць ў ваеннай форме расейскіх войскаў, іншыя абыходзяцца без гэтага.

У прыватнасьці, сказаў Лют, у жніўні мінулага года Расея ажыцьцявіла прамую ваенную інтэрвэнцыю — тады ва Ўкраіну ўводзілі цэлыя расейскія батальёны ў поўным складзе. Але, дадаў ён, у ЗША цяпер не бачаць непазьбежнай магчымасьці новай прамой ваеннай інтэрвэнцыі Расеі такога маштабу. Расея пастаянна адмаўляе ўдзел сваіх рэгулярных войскаў у канфлікце ва Ўкраіне на баку падтрымоўваных ёю сэпаратыстаў, прызнаючы толькі, што там ваююць «добраахвотнікі» з Расеі.

Таксама Масква не камэнтуе наяўнасьць у рэгіёне вялікай колькасьці цяжкіх узбраеньняў, якія яна прадстаўляе праціўнікам ўкраінскіх сіл. У апошні час, з абвастрэньнем баёў на лініі кантакту бакоў з прычыны наступу сэпаратыстаў, ва Ўкраіне і ў сьвеце ўсё больш гавораць аб новым масавым удзеле расейскіх рэгулярных войскаў у гэтых баях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG