Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуецца пашырыць санкцыі супраць Расеі


Фэдэрыка Магерыні

Фэдэрыка Магерыні

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы Фэдэрыка Магерыні заклікала спыніць хвалю гвалту на ўсходзе Украіны.

У апублікаванай 4 лютага заяве Магерыні гаворыцца, што баявыя сутыкненьні, справакаваныя наступам сэпаратыстаў, найперш у раёне Дэбальцава, прывялі да велізарных пакутаў мірных жыхароў і зводзяць на нішто намаганьні па палітычным ўрэгуляваньні.

Артылерыйскія абстрэлы жылых дамоў зьяўляюцца грубым парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права, падкрэсьліла прадстаўніца ЭЗ.

Магерыні далучылася да распаўсюджанага ў аўторак закліку дзейнага старшыні АБСЭ, кіраўніка Міністэрства замежных спраў Сэрбіі Івіцы Дачыча спыніць агонь у ваколіцах Дэбальцава прынамсі на тры дні — для эвакуацыі мірных жыхароў.

У сераду ж паступіла інфармацыя, што Эўразьвяз абмяркоўвае пытаньне аб магчымым пашырэньні санкцый у дачыненьні да Расеі — у адказ на яе ўмяшаньне ва ўзброены канфлікт на ўсходзе Украіны.

Крыніцы ў дыпляматычных колах Брусэлю паведамілі Радыё Свабода, што прадстаўнікі краін Эўразьвязу блізкія да дамоўленасьці аб унясеньні ў санкцыйны сьпіс яшчэ 25 расейскіх грамадзян і кампаній. Чакаецца, што такое рашэньне будзе ўхваленае кіраўнікамі МЗС краін Эўразьвязу 9 лютага.

29 студзеня міністры дамовіліся аб падаўжэньні да верасьня ўжо дзеючых абмежаваньняў у дачыненьні да Расеі і лідэраў прарасейскіх сэпаратыстаў ва Украіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG