Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Азербайджану спрасьціў закрыцьцё СМІ ў краіне


Ільхам Аліеў

Ільхам Аліеў

Паводле закону, які напярэдадні падпісаў Ільхам Аліеў, для ўраду Азербайджану стане прасьцей закрываць мэдыі, якія атрымліваюць замежнае фінансаваньне.

У адпаведнасьці са зьменамі ў законе аб сродках масавай інфармацыі, любое СМІ, якое фінансуецца з-за мяжы або абвінавачваецца ў паклёпе больш, чым двойчы цягам году, можа быць зачыненае паводле рашэньня суду. Закон у сярэдзіне сьнежня прыняў парлямэнт і напярэдадні падпісаў азэрбайджанскі прэзыдэнт.

Празь дзесяць дзён пасьля таго, як парлямэнт ухваліў папраўкі, сьледчыя і ўзброеныя паліцыянты ўварваліся ў бюро Радыё Свабода ў Баку, канфіскавалі кампутары і ўтрымлівалі супрацоўнікаў цягам некалькіх гадзін.

Паводле пракурораў, гэта стала часткай сьледчых мерапрыемстваў у дачыненьні да азербайджанскай службы Радыё Свабода як СМІ, якое атрымлівае фінансаваньне з-за мяжы.

Раней журналістку азербайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджу Ісмаілаву затрымалі 5 сьнежня паводле абвінавачаньня ў «давядзеньні да самагубства» свайго калегі Турала Мустафаева, які 21 кастрычніка 2014 году выпіў атруту і трапіў у шпіталь у цяжкім стане. Праваабаронцы лічаць, што сапраўднай прычынай арышту Ісмаілавай зьяўляюцца яе журналісцкія дасьледаваньні карупцыі ў краіне і высьвятленьне крыніцаў багацьця кіроўнай сям’і Аліевых.

Праваабаронцы заявілі, што новы закон скіраваны супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі і ёсьць адной з праявай таго, што арганізацыя Human Rights Watch назвала «жахлівым разгонам» грамадзянскай супольнасьці і крытыкаў рэжыму.

XS
SM
MD
LG