Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У авіякатастрофе на Тайвані загінулі 12 чалавек. Працягваецца выратавальная апэрацыя


На Тайвані прынамсі 12 чалавек загінулі пасьля таго, як самалёт авіякампаніі TransAsia Airways, які ажыцьцяўляў унутраны рэйс, упаў ў раку Цзілун, непадалёк ад Тайбэя. Больш за 10 чалавек шпіталізаваныя. Перад падзеньнем самалёт зачапіў мост.

На борце самалёта знаходзіліся 58 чалавек: 53 пасажыры і пяць чальцоў экіпажу. Вядома, што 31 пасажыр — турысты з мацерыковага Кітая. ​

Цэнтральнае агенцтва навін Тайваня паказвае кадры, на якіх самалёт амаль цалкам знаходзіцца пад вадой. Ратавальнікі спрабуюць вызваліць тых людзей, якія засталіся на борце, — да гэтага моманту ўдалося выратаваць каля 30 чалавек. За некалькі хвілін да падзеньня рэйс ATR-72 вылецеў з тайбэйскага аэрапорта Суншань, кіруючыся да тайваньскага архіпэлягу Цзіньмэнь, які знаходзіцца блізу мацерыковага Кітая.

Ратавальная апэрацыя

Ратавальная апэрацыя

Авіядыспэтчары страцілі сувязь з самалётам у 10:55 па мясцовым часе.

У інтэрнэце ўжо зьявіліся фатаграфіі і відэа, на якіх відаць, як самалёт рэзка нахіліўся, зачапіў крылом спачатку таксоўку, а затым мост, і ўпаў у раку.​

У ліпені мінулага года самалёт TransAsia Airways паваліўся ў штармавое надвор’е каля тайваньскага архіпэляга Пэнху. Тады загінулі 48 чалавек. Катастрофы камэрцыйных рэйсаў у мінулым годзе панесьлі вялікую колькасьць жыцьцяў — у крушэньнях самалётаў загінулі 986 чалавек. 537 чалавек сталі ахвярамі крушэньня двух рэйсаў адной авіякампаніі — Malaysia Airlines.

Нягледзячы на высокую колькасць загінулых у мінулым годзе, статыстычна палёты ў 2014 годзе былі самыя бясьпечныя за ўсю гісторыю авіяцыі.

XS
SM
MD
LG