Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Анколяг: У Беларусі 60% хворых на рак выздараўліваюць


Belarus - City Hope International brought medicaments to Children Oncologic Hospital in Minsk, 20Jul2011

Belarus - City Hope International brought medicaments to Children Oncologic Hospital in Minsk, 20Jul2011

Сёньня — Сусьветны дзень барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі.

У Беларусі за апошнія 10 гадоў сьмяротнасьць ад раку зьнізілася на 12%, тым часам як захворваньне штогод расьце. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя М. Аляксандрава прафэсар Алег Суконка.

— У сьвеце паводле колькасьці анкалягічных хворых, якія стаяць на дыспансэрным уліку ў мэдустановах, мы знаходзімся дзесьці пасярэдзіне — побач з краінамі Усходняй Эўропы. На першым месцы — ЗША. Кітай, Японія — у канцы сьпісу, — адзначыў А. Суконка. — Сярод асноўных прычын, якія вядуць да ўзьнікненьня і разьвіцьця злаякасных пухлін, акрамя дрэннай спадчыннасьці — старэньне насельніцтва, курэньне, няправільнае харчаваньне. Так, беларусы ядуць шмат салодкага, а пухліна сілкуецца ў асноўным глюкозай, адсюль і перадумовы да разьвіцьця раку. Зь лякалізацый гэтай хваробы ў апошнія два гады на першым месцы ў мужчын — рак прастаты, у жанчын — рак малочнай залозы. Затое рак лёгкіх стаў сустракацца радзей.

Анколяг таксама падкрэсьліў, што ў Беларусі 60% хворых на рак выздараўліваюць, тады як яшчэ некалькі гадоў таму гэта было 40-50%. Посьпех у лячэньні дасягаецца дзякуючы ўкараненьню скрынінгавых праграм, калі выбарачна абсьледуюць пэўныя пласты насельніцтва для выяўленьня захворваньняў на раньняй стадыі. У прыватнасьці, у шэрагу рэгіёнаў краіны, у тым ліку ў Менску, пасьпяхова рэалізуюцца праграмы па раньняй дыягностыцы раку прастаты, раку малочнай залозы, калярэктальнага раку (зборнае паняцьце раку тоўстай кішкі і раку прамой кішкі).

«Рак, выяўлены на раньняй стадыі (нулявой, першай, другой) пасьпяхова лечыцца. У 90% выпадкаў пацыент здаравее », - удакладніў А. Суконка.

На ўліку ў анкалягічных дыспансэрах Беларусі знаходзяцца прыкладна 500 тысяч чалавек, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава Алег Суконка. Паводле яго, колькасьць хворых на рак штогод узрастае. «У 2014 годзе мы выявілі 43.210 новых выпадкаў раку, прыкладна аднолькава ў мужчын і жанчын. Сёлета іх будзе 44.210 — такая несуцяшальная статыстыка», — зазначыў Суконка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG