Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады хочуць стварыць агрэгатар прапаганды


Беларускія ўлады не пакідаюць спробаў пашырыць свой уплыў у байнэце, але гэтая задача надзвычай складаная для іх, мяркуе незалежны экспэрт.

Намесьнік міністра інфармацыі Ўладзімер Матусевіч заявіў, што ў Беларусі будзе створаны адзіны партал дзяржаўных СМІ. Праца над сайтам цяпер у завяршальнай стадыі, ён будзе запушчаны ў гэтым годзе і выступіць адзіным пунктам уваходу, адзіным агрэгатарам для дзяржаўных СМІ ў інтэрнэт-прасторы.

Атрымаць тлумачэньні з боку афіцыйных асобаў наконт гэтай ініцыятывы Міністэрства інфармацыі пакуль не ўдалося: ва ўпраўленьні электронных СМІ Радыё Свабода заявілі, што яны «ня ў курсе справы» і параілі пагутарыць асабіста з намесьнікам міністра.

Палітычны аглядальнік і мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі разглядае стварэньне адзінага парталу дзяржаўных СМІ як спробу ўладаў пашырыць свой уплыў у байнэце. Пры гэтым ён перакананы, што на паўночнакарэйскі варыянт кантролю за інтэрнэтам беларускія ўлады ўжо ня здольныя:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Увогуле ўжо некалькі гадоў як беларускія ўлады адчулі, што інтэрнэт — гэта тая інфармацыйная сфэра, якая сплывае ў іх з-пад увагі і кантролю, і вось нарадзілася гэтая ідэя (зь ёй выступаў неаднойчы яшчэ былы міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі), што трэба нейкі агульны супэрмэгапартал для дзяржаўных мэдыяў зрабіць. Ну, і падтэкст быў такі, што гэта павінна быць процівагай гэтай „крамольнай, дэструктыўнай“ плыні ў інтэрнэце — а менавіта так незалежныя сайты ўспрымаюцца вэртыкальлю. І, здаецца, такі рэсурс быў створаны — я іншым разам туды зазіраў, калі мне трэба было ладзіць чарговы журналісцкі трэнінг. Кладучы руку на сэрца, там было вельмі багата адмоўных прыкладаў, як ня трэба пісаць: шаблённыя загалоўкі, дубовы стыль і г. д.», — адзначыў мэдыяэкспэрт у інтэрвію Радыё Свабода.

«Што тычыцца новай хвалі актыўнасьці чыноўнікаў у гэтым кірунку і заяў спадара Матусевіча, то я разумею так: зьверху ставіцца задача неяк уплываць на гэты інтэрнэт, неяк ствараць плынь правільнай з гледзішча чыноўнікаў інфармацыі. Але падыход да гэтага... Ведаеце, як у савецкім часе стваралі буйныя жывёлагадоўчыя комплексы: маштабам узяць. Але галоўнае пытаньне — у якасьці інфармацыі. Недзяржаўныя рэсурсы звычайна ствараюцца кампактнымі камандамі, там усё робіцца наўпрост, хутка, і няма таго дамоклавага мяча, які вісіць над дзяржаўнымі журналістамі — а раптам я скажу лішняга, напішу нешта ня так? Напрыклад, цяпер слова „дэвальвацыя“ — табу, пра тое, што Лукашэнка некалі абяцаў тысячу даляраў заробку ў 2015 годзе — казаць таксама нельга. Таму думаю, што калі такая задача пастаўленая і, мабыць, выдзеленыя рэсурсы, то зьявіцца такі партал, але вялікай адметнай зьявай у байнэте ён ня стане і канкураваць на роўных зь незалежнымі мэдыямі ён наўрад ці зможа. Менавіта праз тое, што казённая журналістыка апрыёры знаходзіцца ў пракруставым ложы афіцыйных установаў», — падкрэсьлівае Класкоўскі.

Але каб пашырыць свой уплыў у інтэрнэце, улады могуць пайсьці і прасьцейшым шляхам — шляхам блякаваньня незалежных інфармацыйных сайтаў, не выключае экспэрт.

Ёсьць вялікая небясьпека, што, асабліва бліжэй пад выбары, улады пачнуць глушыць незалежныя рэсурсы, і мы бачылі ўжо ў сьнежні масавае блякаваньне сайтаў, за якое, праўда, улады на сябе не ўзялі адказнасьць.

«Ёсьць вялікая небясьпека, што, асабліва бліжэй пад выбары, улады пачнуць глушыць незалежныя рэсурсы, і мы бачылі ўжо ў сьнежні масавае блякаваньне сайтаў, за якое, праўда, улады на сябе не ўзялі адказнасьць. Тым болей што Міністэрства інфармацыі цяпер атрымала адпаведныя заканадаўчыя вагары, калі яны могуць ужо цалкам у адпаведнасьці з законам блякаваць тыя сайты, дзе зьмешчана інфармацыя, якая нібыта, з пункту гледжаньня чыноўнікаў, шкодзіць дзяржаўным інтарэсам. Таму ёсьць вялікая небясьпека, што ўлады пачнуць і легальным, і нелегальнымі шляхамі глушыць незалежныя сайты, ужываючы прыёмы несумленнай канкурэнцыі. Хоць я думаю, што і ў гэтым выпадку джын інтэрнэту ўжо выпушчаны з бутэлькі, а на нейкі паўночнакарэйскі варыянт нават беларускія ўлады пайсьці ўжо ня здольныя», — лічыць Аляксандар Класкоўскі.

XS
SM
MD
LG