Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зісл Сьляповіч з краіны Райсн


Зісл (Зьміцер) Сьляповіч, фота Anya Roz
Зісл (Зьміцер) Сьляповіч, фота Anya Roz

Зьміцер (Зісл) Сьляповіч — клярнэтыст, піяніст, кампазытар, музыказнаўца, дасьледнік габрэйскай музыкі, заснавальнік гуртоў традыцыйнай габрэйскай музыкі Minsker Kapelye і Tamevate Kapelye, у цяперашні час кіруе квінтэтам Litvakus Band. У 2008 годзе пераехаў з роднага Менску ў Нью-Ёрк, дзе выкладае ідыш і ідышскую культуру ў The New School, і працуе памочнікам мастацкага кіраўніка тэатра National Yiddish Theatre — Folksbiene. Мы гаворым зь Зьмітром-Зіслам з нагоды выхаду ў канцы мінулага году альбому «Райсн» (Беларусь), які ён запісаў з сваім гуртом Litvakus.

Litvakus. Прэзэнтацыя альбому «Райсн», фота Alex Potemkin
Litvakus. Прэзэнтацыя альбому «Райсн», фота Alex Potemkin

Сяргей Шупа: Вы музыколяг, спэцыяліст па этнічнай музыцы Беларусі, знаўца музычнай традыцыі беларускіх яўрэяў, кампазытар, практычны музыкант, выкладчык ідышу, цудоўна гаворыце па-беларуску... Адкуль такі Зьміцер Сьляповіч узяўся — у чым карані вашай асобы?

Зьміцер Сьляповіч: Адказ тут вельмі просты — ад таты і мамы. Сапраўды, мае бацькі абое філёлягі, я рос у шматмоўным, лінгвістычным атачэньні. Мая мама — рэдактарка, перакладчыца, калі яна мяне насіла пад сэрцам, яна перакладала на беларускую мову казкі Оскара Ўайлда, якія былі цудоўна выдадзеныя ў кніжках «Чарадзейнае дрэва» і «Салавей і ружа» з ілюстрацыямі Барыса Заборава. Мой тата — выкладчык ангельскай мовы, ён таксама вучыў мяне і маму польскай мове. Так што ў нас было натуральнае шматмоўе. Чуў я яшчэ і ідыш — больш ад маміных бацькоў, хоць яны са мной на ідышы не размаўлялі, але мову я чуў і калі ўжо ёй зацікавіўся пазьней, калі мне было ўжо за 20 гадоў, мне было значна лягчэй яе вывучыць, бо яна ўжо цякла ў маіх жылах.

Litvakus на фэстывалі фота Anya Roz
Litvakus на фэстывалі фота Anya Roz

СШ: Як і калі Вы адчулі і асэнсавалі сваю ідэнтычнасьць?

ЗС: Гэта прыйшло да мяне празь яшчэ адну найважнейшую рэч у маім жыцьці — праз музыку. Гэта таксама было зьвязана з тым фактам, што пасьля распаду Савецкага Саюзу такія рэчы, як асэнсаваньне ўласнай ідэнтычнасьці, сваіх каранёў, зрабілася лягчэйшым — усё стала даступным. Яшчэ ў 1991 годзе ў Менску на той час утварыўся хор габрэйскай песьні, які спачатку называўся «Грынінке боймэлэх» (Зялёненькія дрэўцы), а пасьля «Сімха» (Радасьць), які стаў для мяне «пляцдармам». Адначасова я пайшоў вучыцца ў музычны ліцэй пры кансэрваторыі. Там я спаткаў аднаго з найважнейшых людзей у маім жыцьці — майго навуковага кіраўніка сьветлай памяці Ніну Самуілаўну Сьцяпанскую — і яшчэ школьнікам я заняўся вывучэньнем габрэйскай музыкі. І гэта прывяло мяне да пытаньняў: што гэта такое, хто я і якое я маю да гэтага дачыненьне.

І яшчэ — захаваліся старыя сямейныя фатаздымкі, былі сямейныя легенды пра сястру майго прадзеда, якая выжыла ў катастрофе «Тытаніка». (Дзякуючы менавіта Радыё Свабода пару гадоў таму, калі сьвяткавалі 100-годьздзе катастрофы «Тытаніка», мне ўдалося знайсьці інфармацыю пра гэтую жанчыну, якая жыла якраз там, дзе цяпер жыву я.)

І ўсё гэта неяк натуральным чынам зьнітавалася і стала натуральнай экспрэсіяй самога мяне. Я вывучаў самога сябе, калі я быў музыколягам — маёй спэцыяльнасьцю ў Акадэміі музыкі было музыказнаўства — усе мае курсавыя работы былі так ці інакш зьвязаныя з габрэйскай музычнай культурай.

Так што мая ідэнтычнасьць прыйшла да мяне натуральным чынам — з маіх прафэсійных заняткаў, яна сфармавала маю будучыню як прафэсіянала і як чалавека, бо менавіта культура ідыш — гэта тое, чым я займаюся ў 90 % майго прафэсійнага часу.

Litvakus на фэстывалі Zlatne Usne, фота Remy Yulzari
Litvakus на фэстывалі Zlatne Usne, фота Remy Yulzari

СШ: Што значыць для Вас ідыш? Вы фактычна вярнуліся да мовы продкаў, якой сёньня пагражае зьнікненьне — які Ваш уклад у захаваньне ідышу?

ЗС: Фактычна я зрабіў ідыш неадрыўнай часткай сябе самога. Таму калі мне кажуць, што ідыш памірае, дык я кажу — «толькі разам са мной». Калі сур’ёзна, то ідыш не зьбіраецца паміраць, але проста зьмяніўся яго кантэкст. Ён больш ня мова штэтла, маленькага мястэчка ва Ўсходняй Эўропе, гэта праўда. Ідыш сёньня з аднаго боку — мова артадаксальных кварталаў Нью Ёрку, Манрэалю, Ерусаліму, а з другога — гэта мова культуртрэгераў, людзей, якія ўкладаюць свае намаганьні — як я і шмат хто з маіх сяброў — у падтрыманьне ідышскай культуры.

Мабыць, у сёньняшнім сьвецкім жыцьці ідышу адведзена абмежаваная прастора, але пакуль жывем мы, будзе жыць і ідыш. У мяне нарадзілася дачка, ёй цяпер 20 месяцаў — я зь ёй размаўляю на ідышы. Як яна ім будзе карыстацца, калі яна вырасьце — я ня ведаю. Але я ведаю, што ідыш у яе ў нейкай форме будзе, гэта будзе частка яе ідэнтычнасьці, частка яе моўнага багажу.

Ну й вядома — я чытаю лекцыі, выкладаю мову, пішу вершы на ідышы, сьпяваю песьні, граю музыку, якая адносіцца непасрэдна да культуры ідыш, пішу музыку ў гэтай плыні. 90% майго прафэсійнага часу цесна зьвязана зь ідыш-культурай.

СШ: А беларуская мова?

ЗС: Гэта мая плоць і кроў, гэта тое, у чым я вырас, што складае мяне самога. Калі я асэнсаваў сваю габрэйска-ідышскую ідэнтычнасьць ужо ў падлеткавым узросьце, то асэнсаваньне беларускасьці сягае каранямі значна раней — у маё самае раньняе дзяцінства, у гукі мовы, у твары людзей, у маміну працу, у імёны тых людзей, якіх усе сёньня ведаюць. Нават у гукі беларускага радыё а 6-й гадзіне раніцы — гукі гімну БССР, беларуская мова, якая цякла з радыёкропкі — усё гэта ўвайшло ў мяне натуральным чынам. І потым — былі надзеі атрыманьня ідэнтычнасьці ня толькі на пэрсанальным узроўні, а на ўзроўні краіны, якія існавалі на пачатку 1990-х — гэтыя надзеі былі зьвязаныя з культурай і з мовай.

СШ: Ці захавалася да нашых дзён традыцыя клэзмэрскай музыкі ў Беларусі — або яе дасьледнік мусіць займацца археалёгіяй?

ЗС: Зразумела, традыцыйная музыка і традыцыйная культура ўжо адышлі, яны не існуюць. Памерлі іх носьбіты, зьнік кантэкст, зьнікла асяродзьдзе. Гэта ў значнай частцы справядліва і для беларускай традыцыйнай культуры, што мне давялося назіраць на працягу шмат гадоў падчас фальклёрных экспэдыцыяў. Таму гэта можа быць археалёгіяй.

Але цяпер я адкажу як чалавек творчай прафэсіі. Археалёгія — можа й цікавая рэч, але для артыста яна ня першасная, гэта толькі грунт, на якім артыст выбірае свае творчыя сродкі, свае фарбы і пэндзлі. Проста займацца ўваскрашэньнем нейкай мёртвай натуры мне малацікава, тым больш што невядома, якую вартасьць будуць мець тыя рэканструкцыі. Тая культура, якая была — яна сышла, ёсьць памяць сярод людзей старэйшага пакаленьня пра старыя традыцыі, пра тое, што сьпявалася, што было, пра тых людзей, тыя будынкі, якіх ужо няма. Усе гэта трэба ведаць, гэта вельмі багатая спадчына, якая сапраўды вылучаецца арыгінальнасьцю.

Хаім Красільскі з жонкай, Пінск, фота Ніна Сьцяпанская
Хаім Красільскі з жонкай, Пінск, фота Ніна Сьцяпанская

Кожнае месца накладвае свой адбітак на ўсе культуры, пра гэта, дарэчы, пісалася ў «Нашай Ніве» яшчэ 102 гады таму, у 1912 годзе — там быў артыкул «Край зь пяцьцю нацыямі», падпісаны А.Ў. (Аляксандар Ўласаў?). Там аўтар піша менавіта пра тое, што я казаў: беларуская зямля накладае свой адбітак на ўсякую нацыю, на ўсякую мову, якая на ёй існуе. Гэта тое, што надае культуры ўнікальнасьць і арыгінальнасьць, гэта тое, што дае ўнікальныя творчыя інструмэнты ў рукі мастаку.

СШ: Дык чым габрэйская музыка Беларусі адрозьніваецца ад іншых рэгіёнаў?

ЗС: Зразумела, савецкая ўлада зрабіла ўсё, каб зьнікла нацыянальная ідэнтычнасьць любога народу, і габрэяў у прыватнасьці. Але прыкра глядзець, як людзі, якія цяпер атрымоўваюць магчымасьць разьвіваць габрэйскую культуру пасьля столькіх гадоў забыцьця, граюць толькі «Хава нагілу» або прапагандуюць прынесеную звонку ізраільскую культуру, якая сама па сабе цудоўная — і пры гэтым ня ведаюць, на якой найбагацейшай глебе яны стаяць нагамі, якім паветрам яны дыхаюць. І калі чалавек гэта асэнсоўвае — настае момант інсайту.

Калі я ў 2008 годзе прыехаў у Злучаныя Штаты, я адразу зразумеў, што я буду цікавы ня тым, што я асымілююся і стану «сярэднім амэрыканцам». Не, я буду цікавы тым, што змагу на даступнай амэрыканцам мове расказаць пра тое, хто я ёсьць — пра Беларусь, пра беларускасьць, пра беларуска-габрэйскую культуру. Гэта тое, што цікавіць людзей — пра гэта там ніхто ня ведае. Калі людзі ў Амэрыцы, напрыклад, кажуць, «габрэйская культура» або «клэзмэрская музыка», «ідыш», часта яны пад гэтым разумеюць зусім іншыя рэчы, у якія беларуская габрэйская культура ня ўключаная. Проста так склалася гістарычна: гэта культура сакрэтная, схаваная — і беларуска-габрэйская («літвацкая»), і сама беларуская.

Беларуская габрэйская культура надзвычай багатая, яна вылучаецца з усіх астатніх. Чым менавіта? Напрыклад, мясцовымі жанрамі, якія гучаць «па-габрэйску» — полькі, карагоды, абэркі. Усё гэта не абавязкова зьмяняецца інтанацыйна, не абавязкова пачынае інакш гучаць. Вельмі часта гэта будзе, напрыклад, «полька-юрачка», нейкая тыповая рэч — але яно будзе зьмешчана ў габрэйскі кантэкст, будзе выконвацца габрэйскімі выканаўцамі, напрыклад, на габрэйскім вясельлі.

Вокладка Litvakus, Rajsn
Вокладка Litvakus, Rajsn

СШ: Традыцыйная габрэйская культура Беларусі адышла, а дзе тады браць крыніцы для яе вывучэньня?

ЗС: Крыніц вельмі мала, але нам — мне і маёй навуковай кіраўніцы Ніне Сьцяпанскай — пашчасьціла адкрыць такую скарбніцу, як калекцыя Соф’і Магід у Пецярбургу, якая задакумэнтавала і запісала на воскавыя фонавалікі носьбітаў габрэйскай культуры Беларусі. У 1920-30-я гады яна прыяжджала пераважна ў Палесьсе, але ня толькі, яна была і ў Бабруйску, і ў Прапойску і запісвала габрэйскіх музыкаў, запісвала хасідзкія сем’і, якія сьпявалі нігуны (духоўныя песьні). Усе гэтыя людзі празь некалькі гадоў былі зьнішчаныя падчас Галакосту, таму гэтай калекцыі няма цаны.

Соф’я Магід, Ленінград, 1930-я
Соф’я Магід, Ленінград, 1930-я

Гэтая калекцыя мяне ўразіла ня толькі рэпэртуарам, а абсалютна іншым гучаньнем. Зноў жа, што такое гучаньне? Гэта, напрыклад стандартная ідышская песьня «Нохэмке, майн зун» (Нохэмке, мой сыночак), якая сьпяваецца ў палескім, беларускім стылі — так яе ніхто не сьпявае нідзе, гэта абсалютна ўнікальны спосаб выкананьня. І я зразумеў, што гэта трэба прадстаўляць, гэта трэба выносіць на сцэну, пра гэта трэба пісаць.

Калі я пачаў гэта рабіць, гэта выклікала нейкі шок — што гэта? Бо гэта абсалютна расходзіцца з уяўленьнямі, зь ведамі пра габрэйскую культуру, якія існуюць ня толькі ў Амэрыцы, але і ва ўсім сьвеце. Калі ў 1970-80-я гады адбывалася адраджэньне ідышу, калі людзі зразумелі, што будзе шкада згубіць мову, і пачалі яе вывучаць, сфармаваўся нейкі стандарт. Гэты стандарт быў заснаваны на амэрыканскай традыцыі, нават на пост-джазавых традыцыях — на тых запісах, якія пакінулі Нафтуле Брандвэйн, Дэйв Тарас.

Калі я прапагандую гэтую «нестандартную» культуру, справа тут не ў імкненьні да арыгінальнасьці, не ў вылучэньні з натоўпу, а ў тым, што гэта — тая каштоўнасьць, у дачыненьні да якой мы ўсе — місіянэры. Калі ня я — дык хто? Калі ня я — дык яна зьнікне, і ніхто пра гэта не даведаецца, бо нікому насамрэч да гэтага няма справы — гэта ўсё некамэрцыйная культура, гэта не брадвэйскія мюзыклы, гэта ня Лэйдзі Гага. Мала хто зарабляе сабе на жыцьцё выкананьнем гэтай музыкі. Гэта labor of love — праца любові.

Зьміцер Сьляповіч, Ніна Сьцяпанская, Калінкавічы, фота Дзьмітры Сьляпопвіч
Зьміцер Сьляповіч, Ніна Сьцяпанская, Калінкавічы, фота Дзьмітры Сьляпопвіч

СШ: Чаму Вы зьехалі ў Амэрыку?

ЗС: Па сямейных прычынах. Я сустрэў сваю жонку — дарэчы, на клэзмэрскім фэстывалі ў Канадзе KlezCanada, які я ўсім раю некалі наведаць. Ён адбываецца штогод у канцы жніўня — гэта вельмі жывая імпрэза, якая працягваецца тыдзень. Вось там я сустрэў маю жонку, якая таксама зь Менску родам, але яны зьехалі на пачатку 1990-х.

СШ: Якая розьніца ў запатрабаванасьці Вашай творчасьці ў Беларусі і цяпер у Амэрыцы?

ЗС: Розьніца ў кантэксьце. Я прыехаў з краіны, дзе з этнічнай музыкай была даволі цяжкая сытуацыя, і з габрэйскай музыкай у прыватнасьці. Яна адраджалася ў Беларусі на маіх вачах і вялікімі намаганьнямі. Я не магу сказаць, што яна набыла тую сілу і выйшла на той узровень, які ёй належыць мець. І вось я прыехаў у Нью Ёрк, які перакормлены ўсім. Мне цікава жыць у Нью Ёрку, гэта вельмі выпрабавальнае месца, дзе бачыш шмат каго, але перадусім бачыш людзей, якія робяць падобнае да таго, што робіш ты, у іншых плынях — у грэцкай, балканскай музыцы.

Я б сказаў так: Менск даў мне глебу пад нагамі, даў мне маю кроў і плоць, а Нью Ёрк дапамагае мне гэта выказаць так, як я ня змог бы гэта выказаць у Беларусі. Нью Ёрк даў мне больш шырокі кантэкст, больш шырокае бачаньне ў тым, што я раблю, чым я займаюся. Я аддаліўся геаграфічна ад Беларусі, але забраў з сабой частку беларускай існасьці і цяпер выказваю яе з новай пэрспэктывы.

СШ: Зьвернемся да Вашага новага дыску. Па-першае — што ўкладзена ў назву дыска? Мабыць, ня ўсе ведаюць, што такое «Райсн»...

ЗС: «Райсн» — гэта неафіцыйная назва Беларусі на ідышы. Афіцыйна, паводле слоўніка, Беларусь называлі «Вайсрусланд», але паміж сабой людзі так не гаварылі, яны ўжывалі слова «Райсн», прыметнік — «райсіш». «Райсн» паходзіць ад слова Русь і ў ідышы, у асяродзьдзі літвацкай культуры, якая пашыраецца таксама на Літву, Латвію, Усходнюю Польшчу, яно пачало азначаць Беларусь.

СШ: Такім чынам, Вы працягваеце тэму, распачатую першым альбомам, які называўся «Тутэйшыя»?

ЗС: Абсалютна так. Думаю, што ўсе мы — людзі мастацтва — працягваем тую самую тэму ўсё нашае жыцьцё. гэта таксама частка працэсу асэнсаваньня: я зрабіў вось гэта, а што далей? Так што гэтая тэма працягвае жыць. З другога боку, у маіх руках апынуліся новыя інструмэнты — у тым ліку і музычныя — потым напісаліся некалькі песень, і ня толькі на мае вершы, але і на вершы Мойшэ Кульбака, славутага ідышскага паэта, зь яго эпічнай паэмы «Райсн». Гэтая паэма распавядае пра жыцьцё беларускай габрэйскай сям’і і адносіны зь беларусамі — там узьнікае і каханьне. Гэта вельмі цёплая паэма па сваім настроі, і мне вельмі захацелася напісаць музыку да яе.

Музыка напісалася ў сярэднявечна-панкрокавым стылі. І мы з чатырма калегамі з гурту «Litvakus» спалучылі гэта з матэрыяламі з калекцыі С. Магід, са збораў Іны Дзьмітрыеўны Назінай, прафэсара Акадэміі музыкі, якая запісвала беларускіх музыкантаў, што гралі габрэйскі рэпэртуар. У альбом увайшла, напрыклад, песьня «Хайка-жыдоўка», якую цяпер ужо шмат хто ведае, але я яе ўпершыню пачуў ад Алеся Лася, зь якім мы сябравалі і супрацоўнічалі на пачатку 2000-х гадоў. То бок, альбом атрымаўся рознабаковы, але разам з тым арганічны, туды ўвайшла і традыцыйная, і кампазытарская музыка, і габрэйская, і беларуская.

СШ: Я трымаю ў руках Ваш новы дыск — і бачу, што трэба ў Вас спытацца ня толькі пра музыку, але і пра вокладку...

ЗС: Так. Калі я думаў пра вокладку, я ўспомніў тую гісторыю, калі мая мама перакладала на беларускую мову казкі Оскара Ўайлда, і тую кніжку афармляў Барыс Забораў у 1978 годзе. Гэта была адна зь яго апошніх працаў перад тым, як ён пераехаў жыць у Парыж. І так склалася — цудоўнае супадзеньне — што калі я быў у Парыжы на гастролях некалькі гадоў таму і граў у джазавым клюбе, я там спаткаў ягонага сына Кірыла Заборава, зь якім мы адразу вельмі пасябравалі — мы гралі джазавы джэм-сэшн. Калі высьветлілася, што ён сын Барыса Заборава, я быў вельмі ўражаны і папрасіў яго зьвязацца з бацькам і маці, яны таксама вельмі цёпла мне адказалі, і Барыс Забораў даў дазвол выкарыстаць ягоную карціну на вокладцы альбому.

Гэта ня самы тыповы Барыс Забораў, там вельмі просты беларускі пэйзаж, але намаляваны рукой майстра. Прастата гэтай карціны і адначасовая глыбіня і цеплыня мяне вельмі ўразілі, і я зразумеў, што трэба ўставіць гэтую карціну ў правільную рамку дызайну (дызайн вокладкі рабіў цудоўны музыкант амэрыканска-грузінскага паходжаньня Ілюша Цынадзэ). І гэта якраз тое, што я быў павінен зрабіць з музыкай — уставіць яе ў правільную рамку, выказаць з аднаго боку пашану, любоў да таго, чым я займаюся, а з другога прадставіць яе сьвету так, каб усе закахаліся бяз памяці ў беларускую габрэйскую культуру, бо яе ніхто ня ведае, і мне з гэтай прычыны вельмі прыкра.

Паслухаць дыск «Райсэн» можна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG