Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема Захаду: ці даваць Украіне зброю?


Амэрыканскі ракетны комплекс Javelin у Аўганістане

Амэрыканскі ракетны комплекс Javelin у Аўганістане

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама можа перагледзець сваю ранейшую пазыцыю і прыняць рашэньне аб пастаўках Украіне летальнай (lethal) зброі. У панядзелак пра гэта паведамілі адразу некалькі амэрыканскіх выданьняў і інфармацыйных агенцтваў са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта.

У дзяржаўным дэпартамэнце ЗША не пацьвердзілі, што рашэньне аб прадастаўленьні Украіне зброі было прынятае, аднак ня выключылі такога варыянту.

«Мы ўвесь час ацэньваем нашу палітыку ў дачыненьні да Ўкраіны. Мы асабліва занепакоеныя узмацненьнем напружанасьці і гвалту з боку сэпаратыстаў і іх спробамі пашырыць падкантрольныя ім тэрыторыі па-за рамкамі, вызначанымі ў Менскіх дамоўленасьцях. Мы прымаем да ўвагі падзеі на месцах і працягваем ацэнку таго, як лепш падтрымаць Украіну. Мы спадзяемся ў асноўным на дыпляматыю, але мы таксама ўвесь час вывучаем іншыя варыянты,» — заявіла прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту Джэн Сакі.

На пытаньне, ці ёсьць пастаўкі зброі адным з такіх варыянтаў, яна адказала: «Мы разглядаем усе варыянты. Дыскусія з гэтай нагоды працягваецца».

Крыніцы ў адміністрацыі Абамы кажуць, што рашэньне прэзыдэнта стрымлівае сумнеў, ці зможа ўкраінская армія эфэктыўна скарыстаць высокатэхналягічную амэрыканскую зброю, а таксама, перасьцярогі, ці не прывядзе такі крок да прамога ваеннага канфлікту з Расеяй.

Яшчэ напярэдадні, у інтэрвію тэлеканалу CNN Барак Абама заявіў, што сьвет не хацеў бы бачыць ваенны канфлікт паміж Расеяй і ЗША праз Украіну. Пры гэтым саюзьнікаў па НАТО Абама паабяцаў абараняць усімі сродкамі.

Сёньня намесьнік памочніка прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Бэн Родс заявіў у інтэрвію CNN: «ЗША ўпэўненыя, што пастаўка Кіеву зброі іншымі краінамі не можа зьяўляцца спосабам ўрэгуляваньня канфлікту на Украіне. Мы не думаем, што адказам на крызіс зьяўляецца проста пастаўка большай колькасьці ўзбраеньняў». Паводле яго, найлепшым спосабам паўплываць на сытуацыю, якая склалася, зьяўляецца выкарыстаньне эканамічных санкцый супраць Расеі.

Між тым The Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што амэрыканскі ўрад ўсё ж вывучае магчымасьць паставак Кіеву пераносных процітанкавых ракетных комплексаў Javelin, стралковай зброі і боепрыпасаў. «Цяжка прадказаць, якім будзе вынік гэтага кроку», — заявіла выданьню высокапастаўленая крыніца.

Паводле дадзеных Associated Press, у цяперашні час Абама зьяўляецца ледзь ці не адзіны прадстаўніком адміністрацыі ЗША, які выступае супраць паставак.

Учора падчас візыту ў Вугоршчыну канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель выступіла супраць паставак ўзбраеньняў на тэрыторыю Ўкраіны і заявіла, што гэты канфлікт «нельга вырашыць ваенным шляхам».

На наступным тыдні Мэркель накіруецца ў Вашынгтон, дзе правядзе сустрэчу з Абамам. Экспэрты не выключаюць, што пазыцыя нямецкага канцлера па пытаньні ўзбраеньня Кіеву можа зьмяніцца пасьля гэтай паездкі.

Заходні друк шырока камэнтуе дэбаты аб магчымасьці аказаньня Ўкраіне ваеннай дапамогі.

Bloomberg View

Уладзімер Пуцін зноў пачаў вайну супраць Украіны, а ЗША і Эўропа адчуваюць разгубленасьць, ня ведаючы, як рэагаваць. Эўразьвяз, мабыць, вырашыў, што няма неабходнасьці рабіць больш жорсткімі санкцыі, тады як у Вашынгтоне некаторыя заклікаюць пастаўляць на Украіну ўзбраеньні.

Аднак пастаўкі зброі на Украіну могуць прывесьці да адваротных вынікаў. Гэта рызыка стварыць ва Ўкраіны памылковае ўражаньне, быццам дзеля разгрому Расеі ЗША гатовыя на ўсё, і рызыка заахвоціць Расею да пашырэньня вайны.

Зьяўленьне амэрыканскай ваеннай тэхнікі і дарадцаў амаль напэўна штурхне Пуціна да эскаляцыі канфлікту. Калі нешта і можа прымусіць расейцаў ўхваліць адкрытую вайну з братамі-славянамі ва Ўкраіне, дык гэта ўяўленьне, што яны будуць ваяваць не з украінцамі, а з НАТО.

Пакуль НАТО ня хоча бачыць Украіну ў сваім складзе, а Расея расцэньвае прыём Украіны ў НАТО як «чырвоную лінію», ЗША ня варта лезьці ва Ўсходнюю Ўкраіну.

Le Figaro

Ці дасьць Абама ўкраінцам ваенную дапамогу, якой яны так дамагаюцца? Складана сказаць. У панядзелак Атлянтычная рада апублікавала справаздачу, якую падрыхтавалі выбітныя экспэрты ў зьнешнепалітычнай сфэры. Яны адкрыта заклікаюць аказаць Украіне ваенную падтрымку на суму мільярд даляраў. Аднак у Белым доме ўсё яшчэ адчуваюць на гэты конт сур’ёзныя сумневы з-за боязі магчымай эскаляцыі.

Амэрыканская адміністрацыя турбуецца, што Пуцін (нядаўна ён назваў ўкраінскую армію «замежным натаўскім легіёнам») можа ўбачыць у гэтым абвяшчэньне вайны і падняць стаўкі, каб выпрабаваць «эскаляцыяй» Захад. Па словах блізкага да амэрыканскай выведкі крыніцы, Вашынгтон перахапіў паведамленьне аднаго расейскага генэрала, які заклікаў нанесьці па Ўкраіне прэвэнтыўны тактычны ядзерны ўдар у тым выпадку, калі тая атрымае запрашэньне ў НАТО. Амэрыканскія спэцслужбы не выключаюць магчымасьці, што гэтая выцечка была наўмысным актам запалохваньня, аднак яна ўсё роўна адлюстроўвае непрадказальнасьць Расеі і яе гатоўнасьць зрабіць усё, каб «захаваць Украіну». Як адзначае стратэг Уолтэр Расэл Мід, расейскі лідэр лічыць, што «прысутнасьць Амэрыкі ў Эўропе такая слабая, што ЗША не змогуць своечасова або досыць эфэктыўна зрэагаваць на спробы Расеі зьмяніць эўрапейскі парадак». «Мы можам даказаць, што ён памыляецца, але тады і нам трэба будзе падняць стаўкі — адзначае ён. — Амэрыканскаму лідэрству давядзецца вярнуцца ў Эўропу».


Der Spiegel

«Зьмена курсу» адміністрацыяй Абамы пагражае новым вітком абвастрэньня сытуацыі ва Украіне, і ў гэтым адзіныя як кіруючыя, так і апазыцыйныя партыі Нямеччыны. Так, сьпікер сацыял-дэмакратычнай партыі па пытаньнях зьнешняй палітыкі Нільс Анэн заявіў, што пастаўкі ўзбраеньняў з ЗША ва Ўкраіну стануць «небясьпечным крокам, які ў самыя кароткія тэрміны можа пацягнуць за сабой яшчэ большае абвастрэньне сытуацыі». «Шлях перамоваў цяжкі, але правільны», — лічыць Анэн.

Аналягічную пазыцыю займаюць старшыня фракцыі «Левых» ў бундэстагу Вольфганг Герка і старшыня камітэту бундэстага па зьнешняй палітыцы, чалец ХДС Норбэрг Рэтген. «Галоўная мэта прэзыдэнта Расеі — раскалоць Эўропу, — заявіў Рэтген. — І ў гэтым сьвятле розныя пазыцыі заходніх краінаў ва ўкраінскім пытаньні стануць посьпехам Пуціна».

Аднак сябра ХДС і прадстаўнік групы народных партый у Эўрапарлямэнце Міхаэль Галер падтрымлівае магчымую зьмену курсу Вашынгтона. «Украіне неабходна даць ўзбраеньне. Як інакш можна спыніць расейскую агрэсію?» — заявіў Галер.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаныя пераклады парталаў Inopressa і Inosmi.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG