Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сабраўся ў Грузію. Плянуецца шэраг сустрэчаў на найвышэйшым узроўні


Аляксандар Лукашэнка ў красавіку гэтага году ўпершыню зробіць афіцыйны візыт у Грузію.

Пра гэта, як паведамляе БелаПАН, 2 лютага ў Менску на адкрыцьці пасяджэньня міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі паведаміў старшыня камісіі ад Беларусі, міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.

Ён сказаў, што ўдзельнікі нарады павінны пазначыць магчымыя буйныя кантракты і міжнародныя дамовы, якія маглі б быць падпісаныя падчас візыту на найвышэйшым узроўні.

Паводле яго слоў, за апошнія пяць гадоў аб’ём двухбаковага гандлю вырас у 1,7 разы і перавысіў 62 млн. даляраў.

Па беларускіх дадзеных у студзені-лістападзе 2014 году аб’ём узаемнага гандлю склаў 58 млн даляраў.

Як паведамляе БЕЛТА па выніках пасяджэньня беларуска-грузінскай міжурадавай камісіі, бакі дамовіліся падрыхтаваць да падпісаньня пагадненьне аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня і папярэджаньні ўхіленьня ад выплаты падаткаў. Паводле БЕЛТА падчас візыту плянуецца падпісаць дамовы аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, супрацы ў галіне турызму, аховы інтэлектуальнай уласнасьці, супрацы ў сфэры стандартызацыі.

Адносіны паміж Беларусьсю і Грузіяй зазнавалі ў апошнія дзесяцігодзьдзі рэзкія павароты. Пасьля перамогі «рэвалюцыі ружаў» у 2003 годзе і прыходу да ўлады Міхаіла Саакашвілі ў стасунках дамінавала напружанасьць. Тбілісі рэзка крытыкаваў дыктатарскі Менск, грузінскі прэзыдэнт напярэдадні выбараў у Беларусі ў 2006 годзе заклікаў да ўзмацненьня заходніх санкцыяў супраць афіцыйнага Менску.

Але ўжо ў 2007 годзе адносіны сталі паляпшацца. Асабліва шчыльнымі яны сталі ў 2008 годзе, пасьля адмовы Беларусі прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі пасьля расейска-грузінскай вайны. Беларусь не далучылася да візавых і гандлёвых «войнаў» адносна Грузіі, якія вяла і вядзе Расея.

Падчас інфармацыйнай і гандлёвай «вайны» паміж Беларусьсю і Расеяй у 2010 годзе (фільмы «Хросны бацька» і адключэньне транзыту газу) БТ паказала інтэрвію з Саакашвілі, ў якім той крытыкаваў пазыцыю Расеі.
Міхэіл Саакашвілі павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай на выбарах у 2010 годзе.

Першая сустрэча Лукашэнкі і Саакашвілі адбылася ў 2010 годзе ў Ялце, у Крыме. Два лідэры сустрэліся ў Кіеве падчас футбольнага чэмпіянату Эўра-2012.

Пасьля перамогі Георгія Маргвелашвілі на выбарах прэзыдэнта Грузіі ў 2013 годзе Лукашэнка накіраваў яму афіцыйнае віншаваньне.

У інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождж» у траўні 2014 году беларускі кіраўнік высока ацаніў былога прэзыдэнта Грузіі:

«Ніхто за Беларусь так не ваяваў на Захадзе, як Саакашвілі. Ён ім там казаў: ніякіх санкцый быць не павінна, Лукашэнка — нармальны прэзыдэнт».

XS
SM
MD
LG