Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтныя прапановы з боку Менску наконт Данбасу павісьлі ў паветры


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Лёс прапаноў Беларусі па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе застаецца невядомым, але экспэрты адзначаюць, што міратворчыя магчымасьці афіцыйнага Менску наагул вельмі абмежаваныя.

У суботу міністар замежных спраў Уладзімер Макей, спаслаўшыся на Аляксандра Лукашэнку, паведаміў журналістам, што ў беларускіх уладаў ёсьць сваё бачаньне таго, як можа быць урэгуляваны канфлікт у Данбасе.

«Мы давялі гэтае бачаньне да нашых расейскіх калегаў і нашых украінскіх калегаў», — падкрэсьліў Макей.

Ён дадаў, што па просьбе ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі прапановы афіцыйнага Менску былі даведзеныя і да Леаніда Кучмы — перамоўшчыка ад Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе.

«Мы лічым, што сёньня ёсьць унікальны шанец спыніць кровапраліцьце і дасягнуць міру і згоды ва Ўкраіне. Мы будзем чакаць рэакцыі нашых партнэраў на нашы прапановы. Гэтая рэакцыя будзе вельмі паказальнай», — падкрэсьліў Макей.

Але дагэтуль пра рэакцыю бакоў канфлікту на беларускія прапановы нічога не вядома. Сустрэча ж Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе, якая адбылася 31 студзеня ў Менску, завяршылася безвынікова.

Нічога не вядома і пра сутнасьць прапаноў афіцыйнага Менску. Прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык заявіў у інтэрвію Свабодзе, што распараджэньня даваць СМІ якія-колечы падрабязнасьці па гэтым пытаньні ў яго няма.

Дырэктар па дасьледаваньнях «Лібэральнага клюбу» Яўген Прэйгерман у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што ў чым канкрэтна заключалася прапанова Аляксандра Лукашэнкі, сказаць сёньня немагчыма. Іншае пытаньне — ці можа наагул афіцыйны Менск выступіць у якасьці сапраўднага міратворцы ў канфлікце ў Данбасе?

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

«З аднаго боку, афіцыйны Менск ужо паказаў, што пэўны патэнцыял для такога пасярэдніцтва ёсьць і некаторыя крокі, якія былі зробленыя, у прыватнасьці, у верасьні мінулага году, — яны былі вельмі ўдалыя і дапамаглі ў пэўнай ступені стабілізаваць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны. Але, зь іншага боку, зразумела, што ўсё залежыць ад тых гульцоў, якія непасрэдна сутыкаюцца ў Данбасе. Наколькі можна казаць, сёньня жаданьня гэтых гульцоў знаходзіць нейкае вырашэньне гэтага канфлікту няма. У такім становішчы зразумела, што ні Беларусь, ні нейкая іншая краіна ў сьвеце ня можа навязваць нейкія рашэньні. Так што міратворчы патэнцыял у афіцыйнага Менску ёсьць, але ён вельмі і вельмі абмежаваны», — кажа Прэйгерман.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG