Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны ўладальнік «мабілы» мае шанец стаць вялікім рэжысэрам


Сёньня а 16-й гадзіне ў адной з заляў самага сучаснага ў Беларусі кінакомплексу «Silver Screen» у гандлёвым цэнтры «Galileo» адбудзецца цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў фэстывалю мабільных трэйлераў SMARTFILM — кароткіх кінастужак, зьнятых на тэлефон. Ініцыятарам імпрэзы — апэратар мабільнай сувязі «Velcom».

Сябра журы, вядомы кінакрытык Максім Жбанкоў адзначыў, што трэці па ліку форум стаў і самым масавым: калі летась было даслана блізу васьмі дзясяткаў працаў, то сёлета лічба аказалася большай удвая. Выбіраць лепшых адмыслоўцы будуць з больш, чым сотні.

«Гэта робіцца ўжо трэці год і за ўсім стаіць кампанія „Velcom“ — менавіта яны ініцыятары гэтай справы. Дзеля гэтага створаны адпаведны сайт SMARTFILM, дзе выкладзеныя стужкі за апошнія тры гады. У прынцыпе, схема якая, як яе разумею асабіста я? З аднаго боку, гэта прапаганда новых дэвайсаў. То бок, зьяўляюцца новыя тэхналёгіі, нейкія новыя фішкі, трэба, каб спажыўцы іх убачылі, каб людзей неяк зацікавіць і г.д. Патрэбны, скажам так, спажывецкі атракцыён. З іншага боку, зараз абсалютна натуральнай справай для маладой генэрацыі — прага самавыказваньня, прага творчасьці, прага нефарматнага засваеньня культурніцкага асяродзьдзя. І вось акурат тут сустракаюцца новыя, яшчэ як бы недапрафэсіяналы ці нават зусім дылетанты, але зь вялізнай унутранай энэргетыкай, зь вялізным жаданьнем выказацца, штосьці рабіць».

Як удакладняе суразмоўца, новыя тэхналёгіі дазваляюць рабіць некалі непад’ёмную з матэрыяльнага гледзішча справу фактычна бюджэтнай. Іншымі словамі, калі раней здымаць кіно было ўдзелам касты пасьвечаных, то цяпер стаць рэжысэрам можа кожны, хто мае сучасны дывайс:

«Як высьвятляецца, цяпер, каб рабіць кіно — што, дарэчы, гэты конкурс яскрава і прадэманстраваў — прынамсі неабавязкова патрэбныя буйное дзяржаўнае фінансаваньне, база „Беларусьфільму“ і які-небудзь Канстанцін Хабенскі ў галоўнай ролі. То бок, зараз, каб рабіць кіно, трэба проста мець крэатыўнае мысьленьне і як мінімум добрую „мабілу“ — якасную, новай генэрацыі. Гэта ўжо падставовы камплект для творчага чалавека, які хоча зрабіць кіно. Дзеля справядлівасьці, такі досьвед ужо ёсьць ва ўсясьветнай практыцы, калі, напрыклад, чалавек у вельмі простых умовах здымаў карацюткі трэйлер, выкладаў яго ў сеціва, а потым атрымліваў прапановы ад сур’ёзных кінакампаніяў і пераўтвараўся ў сапраўды прафэсійнага, гітовага рэжысэра. Якраз вось гэтыя кароткія стужкі на, умоўна кажучы, простых апараціках вельмі карысныя як гэткія „стартаперы“, як дэклярацыя аб намерах».

Максім Жбанкоў зьвяртае ўвагу на тое, што цяперашняе пакаленьне тынэйджэраў ужо не ўяўляе сябе па-за сучаснымі тэхналёгіямі, таму надзвычай хутка пашырае рамкі прыкладаньня сваіх здольнасьцяў. У гэтым і адказ на тое, чаму абсалютная бальшыня працаў прадстаўлена зусім маладымі экспэрымэнтатарамі:

«Прыкладам, мне трэба тлумачыць, як працуе „Айпод“ і чым ён адрозьніваецца ад „Айпаду“, бо ўсіх тонкасьцяў я сапраўды ня ведаю. А для іх — няма пытаньняў, бо яны ў гэтым сьвеце жывуць штодня. Гэты сьвет сёньня значна больш тэхналягічны, ён дазваляе значна болей. Як раней, у 1960-я, пасьля Элвіса Прэсьлі, пасьля „бітлоў“ моладзь пачынала агучваць і засвойваць культурніцкую прастору праз тры гітары, „драмсы“ і пяшчотны вакал на тры галасы, дакладна гэтак жа ў гэтай сытуацыі, у сёньняшняй, зьяўляюцца вось гэтыя сродкі экраннага выказваньня. І фактычна зараз вось гэты цэнтар увагі новай генэрацыі — творцаў, крыэйтэраў — перадусім накіраваны, як мне падаецца, на засваеньне новых тэхналёгіяй, якія для іх ёсьць, безумоўна, натуральным асяродзьдзем».

Сябры журы ня будуць разгалошваюць вынікі конкурсу да апошняга моманту, хоць, паводле інсайдэрскіх звестак, сярод пераможцаў ёсьць і беларускамоўныя стужкі. Усяго ж, як кажа Максім Жбанкоў, цікавасьць да імпрэзы выявілі больш за паўтары сотні канкурсантаў:

«Магу сказаць, што ў суме прыйшло не скажу дакладна, але больш за 160 працаў. Да конкурсу пасьля першаснай фільтрацыі было дапушчана дзесьці каля 130, але гэта ўсё роўна сур’ёзна. Цікавая дэталь: у апошні дзень конкурсу колькасьць працаў, якія залівалі на сайт, што было абумоўлена ўмовамі, была настолькі сур’ёзнай, што сайт проста лёг. То бок, быў сапраўдны выбух „народнай ініцыятывы“. Таксама паказальны знак. Канечне, з аднаго боку гэта як бы моладзевая безадказнасьць, бо традыцыйна цягнуць да апошняга, але гэта безумоўная прыкмета зацікаўленасьці. Для параўнаньня, у мінулым годзе было значна менш працаў, калі агучвалі статыстыку, фігуравала недзе 80-90 стужак. А зараз ужо 160, што ўдвая болей. І гэта ўжо сапраўды сур’ёзна».

Як паведамляе афіцыйны сайт конкурсу, на Гран-пры фэстывалю прэтэндуюць наступныя фільмы: «After Night», «Крок», «Тот парень из магазина», «Тихая песня», «Bellionеr’s».

XS
SM
MD
LG