Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля крытыкі МЗС Літвы студэнты ЭГУ могуць атрымаць голас пры выбары рэктара


Дзяніс Кучынскі

Дзяніс Кучынскі

Паводле прэзыдэнта Студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніса Кучынскага, пасьля крытыкі МЗС Літвы ў бок «пошукавага камітэту» можа быць зьмененая працэдура выбараў рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

У мінулую пятніцу на сустрэчы з прадстаўнікамі ЭГУ міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заклікаў унівэрсытэт правесьці выбары рэктара празрыста і дэмакратычна.

У сустрэчы ўзялі ўдзел адміністрацыя ўстановы, старшыня конкурснай камісіі, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці. Кіраўнік МЗС прапанаваў усім аб’яднацца дзеля агульнае мэты і выканаць абавязкі перад студэнтамі, беларускім грамадзтвам і міжнароднай донарскай супольнасьцю.

Прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі кажа, што на сустрэчы досыць празрыста і ясна было сказана, што унівэрсытэт ня можа ігнараваць пазыцыю беларускай супольнасьці:

«У прыватнасьці, МЗС спасылалася на Севярынца, на Бяляцкага, Шушкевіча ды іншых. Я прадставіў наш адкрыты ліст з просьбай зрабіць выбарны працэс больш празрыстым і даць права голасу студэнтам у гэтым працэсе».

Як распавядае Кучынскі, у суботу ў «пошукавага камітэту» было закрытае паседжаньне, на якое студэнтаў не запрасілі.

Хоць сябры «пошукавага камітэту» зьехалі, так і не зрабіўшы ніякай заявы, Кучынскі мяркуе, што цяпер многае памяняецца:

«Факт сустрэчы ў міністэрстве павінен паўплываць, нельга проста так праігнараваць просьбу літоўскага МЗС. Пошукаваму камітэту варта сур’ёзна задумацца».

Студэнты і выпускнікі ЭГУ бачаць два варыянты разьвіцьця падзеяў: 1) іх прадстаўнік уключаецца ў пошукавы камітэт і працэс робіцца больш празрыстым 2) увогуле, абвяшчаецца новы працэс выбару рэктара:

«Няма нічога благога, калі мы адцягнем працэс і правядзем нанова. Галоўнае, каб гэта адпавядала ўсім нормам. Ну як можна праігнараваць меркаваньне студэнтаў і выкладнікаў, якія знаходзяцца тут, і, магчыма, лепш ведаюць, што хочуць ад рэктара», — кажа Кучынскі.

Паводле студэнта, «Літоўскі зьвяз студэнтаў» таксама выказаў заклапочанасьць сытуацыяй у ЭГУ. Студэнты ЭГУ плянуюць шырока працаваць зь іншымі студэнцкімі зьвязамі, каб дабіцца выкананьня сваіх патрабаваньняў. «У Вільні, напрыклад, ёсьць прыватны камэрцыйны ўнівэрсытэт. Дык там студэнты дабіліся і маюць голас пры выбары рэктара. У дзяржаўных тое самае, — абураецца Кучынскі. — Нас, студэнтаў, папракаюць у некампэтэнтнасьці. Але мы з 18 год маем права удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, чаму мы ня можам галасаваць за рэктара?».

На пытаньне, што студэнты будуць рабіць, калі атрымаюць голас пры выбарах рэктара, Кучынскі распавёў, што будзе ўлічана меркаваньне кожнага са студэнтаў:

«Мы зьбярэм шырокую канфэрэнцыю з удзелам старастаў усіх групаў. Перад гэтым студэнты будуць мець магчымасьць азнаёміцца з матывацыйнымі лістамі кандыдатаў на пасаду рэктара. Так мы пазьбягаем агульнай недасьведчанасьці, многія ня ведаюць нічога пра кандыдатаў. Студэнты вызначаюцца ды галасуюць у групе, а потым іх галасы будуць улічаныя на агульнай канфэрэнцыі. Такім парадкам будзе створаны калектыўны голас і ўлічана меркаваньне кожнага са студэнтаў».

У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце, які ў 2005 годзе пераехаў зь Менску ў Вільню, цяпер адбываюцца выбары рэктара. Адбор ладзіць конкурсная камісія — замежныя экспэрты з Кіроўнай рады ЭГУ.

Старшыня камісіі Дэн Дэйвідсан раней пацьвердзіў Радыё Свабода што ў сьпісе кандыдатаў на пасаду рэктара застаюцца Алесь Краўцэвіч, Шарунас Лекіс (Šarūnas Liekis), Аляксандар Мілінкевіч, Дэйвід Полік (David Pollick), Эдвард Раслоў (Edward Roslof), Дарыюс Удрыс (Darius Udrys) і Тацяна Шчытцова. Але як стала вядома пазьней, Шарунас Лекіс адмовіўся ад удзелу ў конкурсе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG