Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат удавы Літвіненкі: сьлед палёнію вядзе да кабінэта Пуціна


Робэрт Оўэн

Робэрт Оўэн

Як мы паведамлялі, 27 студзеня ў Лёндане пачаліся судовыя слуханьні ў справе Аляксандра Літвіненкі — былога афіцэра ФСБ, які памёр у брытанскай сталіцы ў лістападзе 2006 году ад атручэньня радыеактыўным палёніем. Адна з найважнейшых мэтаў слуханьняў, паводле судзьдзі Робэрта Оўэна, які іх вядзе — высьвятленьне «магчымага ўдзелу ў забойстве Літвіненкі расейскіх уладаў». Прапануем вашай увазе фрагмэнты выступу адваката ўдавы Літвіненкі Марыны Бэна Эмэрсана. Цалкам пераклад яго выступу на расейскую мову глядзіце тут.

***

Аляксандр Літвіненка быў забіты, калі ён спрабаваў выкрыць жахлівую карупцыю сярод бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта Пуціна. Ён падаваў інфармацыю службовым асобам у нашай краіне, у Італіі і ў Гішпаніі, якія вялі расьсьледаваньне расейскіх сындыкатаў арганізаванай злачыннасьці і іх сувязяў з Крамлём. І ён выкрыў шэраг злачынстваў, учыненых або замоўленых асабіста спадаром Пуціным. Ён мусіў быць ліквідаваны — не таму, што быў ворагам расейскай дзяржавы або расейскага народу, а таму, што стаў ворагам банды злачынцаў, якія атачаюць Уладзіміра Пуціна і забясьпечваюць існаваньне яго карумпаванага рэжыму.

Няма ані найменшага сумневу, што спадар Літвіненка быў забіты Андрэем Лугавым і Дзьмітрыем Коўтунам. Як і сам Пуцін, яны былыя агенты ФСБ, а Лугавы быў зьвязаны з асяродзьдзем Пуціна. Пасьля забойства Лугавы сам публічна выхваляўся, што ў яго ёсьць шчыльныя сувязі з адміністрацыяй прэзыдэнта РФ.

Аналіз узораў валасоў Аляксандра Літвіненкі дазволіў навукоўцам усталяваць два часовыя «акны» для двух эпізодаў атручваньня, якія супадаюць з датамі яго дзьвюх сустрэчаў з Лугавым і Коўтунам. Вынікі аналізаў радыеактыўнасьці ў гэтых дзьвюх пунктах паказваюць, што менавіта там забойцы пакінулі найбольш моцнае радыеактыўнае забруджваньне. Яны таксама пакінулі меней выяўленыя сьляды амаль паўсюль, дзе пабывалі, — у офісах, рэстаранах, гатэльных нумарах, прыбіральнях і нават самалётах, на якіх лёталі ў Лёндан і зь Лёндану.

За час службы ў ФСБ Аляксандр Літвіненка працаваў у розных падразьдзяленьнях, якія мелі справу з расейскай арганізаванай злачыннасьцю. Пасьля таго, як ён пачаў расказваць сьвету тое, што ён ведаў, ён быў відавочна небясьпечнай крыніцай інфармацыі, добра дасьведчаным і годным даверу сьведкам, які мог бы нанесьці вялікую шкоду тым, пра каго ён расказваў. Таму яго і трэба было спыніць.

Кніга Літвіненкі «Лубянская злачынная групоўка» зьмяшчала канкрэтныя выпадкі сувязяў ФСБ Расеі з арганізаванай злачыннасьцю. Ён асабіста абвінаваціў Уладзімера Пуціна ў сувязях з тамбоўска-малышаўскай бандай. Гэтая групоўка дамінавала ў злачынным сьвеце Пецярбургу ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі спадар Пуцін быў намесьнікам мэра гораду. Як сьцьвярджаецца, гэтая групоўка займалася перапраўкай гераіну з Аўганістану ў розныя пункты прызначэньня ў Эўропе. У сваёй кнізе Літвіненка сьцьвярджаў, што спадар Пуцін меў прамыя і ўскосныя сувязі з тамбоўска-малышаўскай бандай.

Спадар Літвіненка ня быў здраднікам. Але ён быў выкрывальнікам. Непасрэдна перад тым, як ён быў забіты, ён выступаў у якасьці кансультанта ў апэратыўна-сьледчых мерапрыемствах, накіраваных супраць арганізаваных злачынных групаў, зьвязаных з Крамлём. Менавіта ў гэтай якасьці ён падаў інфармацыю брытанскай выведцы.

У дадатак да сваёй працы ў якасьці кансультанта брытанскай выведкі спадар Літвіненка таксама падаваў інфармацыю гішпанскай службе бясьпекі і гішпанскім пракурорам, якія расьсьледавалі дзейнасьць расейскай арганізаванай злачыннасьці ў Гішпаніі.

Калі прызнаць, што Лугавы і Коўтун выкарыстоўвалі для забойства Літвіненкі палёній, то адзіным праўдападобным тлумачэньнем зьяўляецца тое, што яны прывезьлі яго з сабой з Расеі. У кожнай з трох пунктаў у Лёндане, дзе, згодна з крыміналістычнай экспэртызай, яны мелі пры сабе палёній-210, яны зьявіліся адразу па прыезьдзе з Масквы.

Мы таксама ведаем, што палёній, выкарыстаны для забойства Літвіненкі, мог быць выраблены толькі ў прамысловых умовах на ядзерным рэактары. Адзіны вытворца палёнію ў Расеі — гэта Фэдэральнае агенцтва атамнай энэргіі, Расатам. Мы ведаем, што палёній-210 вырабляецца на ядзерным прадпрыемстве «Авангард», якое належыць Расатаму. І мы ведаем, што «Авангард» зьяўляецца адзіным прадпрыемствам у Расеі, якое вырабляе палёній-210. Цэнтар увагі, такім чынам, звужаецца да гэтага аб’екту.

Чыноўнікі атамнай прамысловасьці ў Маскве публічна заяўлялі, як таго варта было чакаць, што распаўсюджваньне вырабленага палёнію строга кантралюецца. Такім чынам, несанкцыянаваная канфіскацыя палёнію з «Авангарду» ці любога іншага ядзернага аб’екту ўяўляецца малаверагоднай. Нават калі б меў месца крадзеж палёнію з «Авангарду», гэта стала б вядома чыноўнікам на аб’екце і было б, несумненна, даведзенае да ведама ўладаў. Расейская дзяржава атрымала запрашэньне ўдзельнічаць у гэтым расьсьледаваньні, але яны адмовіліся. Гэта само па сабе кажа пра многае.

Навукова даказана, што колькасьць палёнію высокай чысьціні, якая была выкарыстаная для забойства, каштавала б дзясяткі мільёнаў даляраў, калі яна была б купленая ў канчатковых карыстальнікаў на камэрцыйным рынку. Камэрцыйная зьдзелка такога маштабу, вядома, не засталася б незаўважанай, і ўлады даведаліся б пра гэта. Можна з упэўненасьцю сказаць, што ніводная прыватная асоба або злачынная арганізацыя не абралі б такі дарагі мэтад забойства. Аднак для расейскай дзяржавы, якая сама вырабляе палёній-210, выдаткі на забойства не былі б празьмерна высокімі.

У рамках падрыхтоўкі да гэтага працэсу, сэр, ваша каманда запрасіла думкі шырокага кола спэцыялістаў, у тым ліку Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі ў Вене. Няма ніякіх сьведчаньняў таго, што палёній-210 незаконна прадаецца на чорным рынку, дзе б то ні было ў сьвеце. Лугавы і Коўтун не маглі здабыць гэты матэрыял на неіснуючым чорным рынку.

З наяўных доказаў можна з упэўненасьцю заключыць, што тыя, хто санкцыянаваў ужываньне палёнію-210 у якасьці сродку забойства, лічылі, што прычына сьмерці ніколі ня будзе выяўленая. Шпіталі ў той час не былі аснашчаныя абсталяваньнем для выяўленьня альфа-выпраменьваньня. Прычыну знайшлі выпадкова, у самы апошні дзень жыцьця Літвіненкі, калі паліцыя прыцягнула навукоўцаў-атамшчыкаў.

30 кастрычніка 2006 году Дзьмітры Коўтун меў размову са сьведкам D3 у Гамбургу. D3 дасьць паказаньні, што Коўтун пачаў гаворку пра Літвіненку і сказаў, што яму трэба знайсьці каго-небудзь, хто мог бы дапамагчы ў яго забойстве. Ён назваў Літвіненку здраднікам і сказаў, што яму трэба знайсьці кухара ў Лёндане, каб той дапамог яму падсыпаць вельмі дарагі яд. Сьведка D3 пасьля інфармаваў пра гэтую размову адпаведныя органы, але занадта позна, каб прадухіліць забойства.

Мы лічым, што, калі ўсе адкрытыя і закрытыя доказы будуць разгледжаныя ў сукупнасьці, перадсьмяротная заява спадара Літвіненкі будзе цалкам пацьверджаная — сьлед палёнію вядзе ня проста зь Лёндану ў Маскву, але наўпрост да дзьвярэй кабінэту спадара Пуціна — і што Ўладзімір Пуцін павінен быць выкрыты як больш-менш звычайны злачынец, пераапрануты кіраўніком дзяржавы.

XS
SM
MD
LG