Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі і сьвечкі ў памяць Кастуся Каліноўскага

абноўлена

Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

У Менску ўшануюць памяць кіраўніка вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага з нагоды ягонага дня народзінаў — 2 лютага. На вуліцы Кастуся Каліноўскага ў Менску прадстаўнікі творчых суполак ускладуць кветкі да памятнай шыльды змагару за свабоду і запаляць сьвечкі.

Гэткім чынам неабыякавая грамадзкасьць ушаноўвае памяць Кастуся Каліноўскага штогод, тым часам як афіцыйных імпрэзаў у гонар лідэра вызвольнага руху не адбываецца.

Мастак Мікола Купава пракамэнтаваў Свабодзе такое становішча:

«Стаўленьне да асобы Кастуся Каліноўскага ў нашай дзяржавы неадназначнае: з аднаго боку — усталявалі і абнавілі помную шыльду, а гэта нешта ж значыць. А зь іншага боку — памяць пра Каліноўскага занядбаная і стаўленьне да яго абыякавае. Але мы — прадстаўнікі грамадзкасьці — ніколі не забывалі ўшанаваць ягоную памяць».

Акцыя памяці Кастуся Каліноўскага адбудзецца а 18.00 каля кінатэатру «Вільнюс» у Менску.

Ушанаваньне Кастуся Каліноўскага адбылося сёньня ў Вільні на Лукіскім пляцы, дзе расейскія ўлады ў 1864 годзе пакаралі сьмерцю нацыянальнага героя Беларусі.

Сьвечкі і кветкі да крыжа на месцы страты паклалі прадстаўнікі Таварыства беларускай культуры ў Літве, асацыяцыя «Крывія» і Віленскага беларускае таварыства палітычных вязьняў і ссыльных.

«У чалавека ёсьць два нараджэньні: для зямлі і неба (вечнасьці). Зараз мы стаім на месцы, дзе Кастусь нарадзіўся для вечнасьці ў той самы дзень, калі ён нарадзіўся для зямлі, для зямлі беларускай, за волю якой ахвяраваў сваім маладым жыцьцём. Гэта самая вялікая ахвяра, якую можа прынесьці чалавек на алтар Бацькаўшчыны, каб яна стала вольнай. І гэтая ахвяра была прынятай, аб чым сьведчыць тое, што сёньня мы маем Беларусь, няхай яшчэ далёкую ад той, пра якую марыў рамантык і змагар Кастусь. Але ведаем, цудаў не бывае, і вольнасьць нараджаецца ў крывавых муках. Таму яскравы прыклад сёньняшняй Украіны. І вечныя, прарочыя словы героя, што толькі тады мы станем вольнымі, калі супакоіцца ўсходні сусед-агрэсар. Зь яго цаглінкі вырас фундамэнт, на якім мы павінны збудаваць вольную і незалежную Бацькаўшчыну. Таму мы сабраліся сёньня тут, каб у чарговы раз засьведчыць сабе і сьвету, што не дамо загінуць мары Кастуся Каліноўскага», — цытуе адзін з выступаў на месцы страты Каліноўскага сайт westki.info.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG