Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Білінгвы на капытах


Няма нічога дзіўнага ў тым, што дэпутат Дзярждумы Расеі Ірына Яравая ўзьелася на замежныя мовы, піша Аляксандар Геніс.

— Паколькі ўся расейская сыстэма адукацыі, — заяўляе яна на сайце «Адзінай Расеі», — заточаная пад вывучэньне замежнай мовы, то як мы хочам у такіх умовах захаваць нашы традыцыі?

— Запраста, — адкажу я на гэты крык душы, — бо білінгвы Пушкін і Талстой ня толькі захавалі родныя традыцыі, але і прымножылі іх.

Я разумею, аднак, што ўладу турбуе зусім іншае. Той, хто з дапамогай замежнай мовы падлучаны да сусьветнай грыбніцы меркаваньняў і зьвестак, наўрад ці паверыць у шпіёнаў на каровіных капытах, якія тупа валакуцца на Балотную плошчу. Жахліва ня тое, што кажа дэпутатка, жахліва, калі яе паслухаюць.

Кожная мова робіць сьвет багацейшым, уносячы арыгінальны ўклад у калектыўную сьвядомасьць. Бо мы ўмеем распараджацца толькі тым, чаму даем назву. І той факт, што тое самае завецца па-рознаму, азначае, што яно — ня тое самае.

Дзьве мовы ў адной галаве ў пэўным сэнсе падвойваюць асобу і дазваляюць весьці цывілізаваны дыялёг, даючы ім выказвацца па чарзе і калі трэба. Гэта не мэтафара, а фізіялёгія галаўнога мозгу білінгвы, якую бесстароньне вывучаюць псыхолягі Элен Бялосток і Мішэль Марцін.

Двухмоўе, кажа іх дасьледаваньне, вучыць нас лепш кіраваць рэсурсамі сьвядомасьці. Звычка жыць у двух паралельных сусьветах робіць розум гнуткім, як лук, і паслухмяным, як страла. У залежнасьці ад сытуацыі (на працы ці дома, з жонкай ці зь сябрам, у лазьні або ў банку) білінгва ўключае то адну мову, то другую, але ніколі ня зьмешвае іх, пакідаючы гэтую манеру малапісьменным, снобам і Льву Талстому ў «Вайне і міры ». Уменьне сьвядома распараджацца мовамі адбіваецца на ўсіх разумовых апэрацыях, што дае адчувальную перавагу білінгвам і там, дзе ад мовы нічога не залежыць. Статыстычны аналіз, які ахапіў немаўлятаў і глыбокіх старых, паказвае, што білінгвы хутчэй вучацца, лепш жывуць і больш пасьпяхова змагаюцца з Альцгеймэрам.

Па сутнасці, гэтае дасьледаваньне, якое нарабіла шмат шуму,стасуецца і да палітыкі. Двухмоўе — першы ўрок дэмакратыі. Шыльда, якая, як гэта раней было ў маёй роднай Рызе, карыстаецца двума альфабэтамі, падае прыклад талерантнасьці. Родная мова — адна з многіх, у ёй, а значыць і ў нас, няма нічога бясспрэчнага: на ўсё можна глядзець прынамсі з двух пунктаў гледжаньня.

У гэтым, мабыць, можна ўбачыць дар імпэрыі, якая навязвала двухмоўе сваім падданым. Так ледзь не палову СССР складалі білінгвы, некаторыя зь якіх, як Фазіль Іскандэр, сталі найлепшымі расейскімі пісьменьнікамі.

Сёньня, аднак, на месца імпэрый прыходзіць агульная для ўсіх плянэтарная цывілізацыя, якая ўжо абрала сабе мову і — у той або іншай меры — яе вывучыла. Мы жывем у эпоху негвалтоўнага двухмоўя, калі ангельская служыць мовай не замежнай, а ўнівэрсальнай. Калі ўсякая мова — ключ, то ангельская мова — адмычка. Адчыняючы любыя дзьверы, яна ўсіх выпускае на інфармацыйную свабоду, дзе прывучаюць параўноўваць і выбіраць.

Уласна, у гэтым яе бяда: даўшы іншым незаменны сродак зносін, яна абдзяліла сваіх. Ангельская — карысьць для ўсіх, акрамя тых, каму яна родная. Бо ім ужо другая мова ня сьвеціць: няма на што. Заваяваўшы сьвет, ангельская мова выявіла, што дамаглася піравай перамогі, бо заваёўнікі засталіся сам-насам з адной — роднай — мовай.

Аляксандар Геніс — нью-ёркскі пісьменьнік і публіцыст, аўтар і вядучы праграмы Радыё Свабода «Американский час — Поверх барьеров».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG