Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як піша New York Times, да гэтага адміністрацыю Абамы падводзяць новыя сутыкненьні ў Данбасе.

Улічваючы наступ сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, які падрывае складзенае пяць месяцаў таму пагадненьне аб спыненьні агню, адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы па-новаму глядзіць на магчымасьць паставак украінскай арміі абарончай зброі і тэхнікі. Пра гэта паведаміла ў нядзелю газэта New York Times.

Выданьне спасылаецца на амэрыканскіх чыноўнікаў, якія сьцьвярджаюць, што дзяржсакратар ЗША Джон Кэры і старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабаў Мартын Дэмпсі адкрытыя для абмеркаваньня дадзенай ідэі, і што камандуючы войскамі НАТО ў Эўропе амэрыканскі генэрал Філіп Брыдлаў цяпер падтрымлівае прадстаўленьне такой летальнай зброі.

Адна крыніца газэты заявіла, што дарадца па нацыянальнай бясьпецы Сюзан Райс, якая раней выступала супраць аказаньня такой дапамогі, цяпер гатовая перагледзець сваю пазыцыю.

У чацьвер Джон Кэры наведае Кіеў, дзе правядзе перамовы з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам і іншымі ўкраінскімі афіцыйнымі асобамі. На мінулым тыдні Абама выказаў занепакоенасьць у сувязі з аднаўленьнем сутыкненьняў паміж сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея, і ўрадавымі войскамі. Прэзыдэнт паведаміў, што ЗША разглядаюць любыя магчымасьці ізаляцыі Расеі, за выключэньнем ваенных дзеяньняў.

New York Times піша, што восем былых высокапастаўленых амэрыканскіх чыноўнікаў у панядзелак выпусьцяць незалежны даклад, у якім заклічуць Вашынгтон адправіць Украіне абарончае ўзбраеньне і тэхніку на 3 мільярды даляраў, уключаючы бранябойныя ракеты і выведвальныя бесьпілётнікі.

У нядзелю на ўсходзе Ўкраіны працягваліся жорсткія сутыкненьні. Прарасейскія сэпаратысты з дапамогай артылерыі спрабавалі выцесьніць урадавыя войскі са стратэгічнага чыгуначнага вузла, пасьля таго, як мірныя перамовы праваліліся.

НАТО і Кіеў абвінавачваюць Расею ў адпраўцы тысяч вайскоўцаў для падтрымкі наступу сэпаратыстаў з дапамогай цяжкага ўзбраеньня і танкаў. Масква адмаўляе прамы ўдзел у бітве за тэрыторыю, якую Крэмль называе Наваросіяй.

У чацьвер міністры замежных спраў ЭЗ пагадзіліся падоўжыць яшчэ на шэсьць месяцаў эканамічныя санкцыі супраць Расеі, тэрмін якіх мінаў у бліжэйшы час. Вашынгтон абяцае ўзмацніць жорсткасьць уласных санкцыяў, якія спрыялі ўзмацненьню эканамічнага крызісу ў Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG