Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Галеоці: Захад можа дапамагчы Лукашэнку аддзяліцца ад Расеі


Марк Галеоці

Марк Галеоці

Размова журналіста Радыё Свабода Браяна Ўітмара з прафэсарам Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Маркам Галеоці, экспэртам у пытаньнях міжнароднай злачыннасьці і бясьпекі Расеі і аўтарам блогу In Moscow Shadows.

Браян Уітмар

Браян Уітмар

Браян Уітмар: Выглядае на тое, што ўкраінскі крызыс сапраўды напалохаў Лукашэнку. Падаецца, што Лукашэнка хоча адмежавацца ад Масквы. Ёсьць пэўныя знакі, што Расея можа гэтым разам адсунуць Лукашэнку. Расейскія мэдыі сталі больш яго крытыкаваць. Уплывовы Расейскі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, які настойліва раіў уварвацца ва Ўкраіну, цяпер патрабуе зрынуць Лукашэнку. Марк, як лічыш, мы назіраем новы крызыс ці чарговы блеф?​

Марк Галеоці: Мяркую, што Лукашэнка намагаецца ўзмацніць свае пазыцыі, каб прадухіліць магчымы будучы крызыс. Я быў уражаны тым, што ў Беларусі прынялі закон супраць «зялёных чалавечкаў», зьяўленьне якіх у краіне прыраўняюць да вайсковай агрэсіі. Я ня думаю, што Лукашэнка лічыць, што, напрыклад, узброеныя сілы Літвы пераступяць мяжу зь Беларусьсю. Беларусь і Расея моцна зьвязаныя ў вайсковай сфэры. Расейскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны знаходзяцца ў Беларусі. Таму нават адна думка пра Расею як магчымага агрэсара – гэта ўжо зьмена погляду. З гледзішча Лукашэнкі, ёсьць дзьве магчымыя пагрозы. Першая – гэта калі глядзець на Ўкраіну – магчымасьць пратэсту ў самой Беларусі. Другая пагроза – гэта магчымасьць расейскай агрэсіі. Я думаю, што Лукашэнка папярэджвае Расею, а таксама дае сыгнал, што за яго трэба змагацца.​

Браян Уітмар: Давайце паглядзім на гэта з боку заходніх краінаў. Лукашэнка хоча трапіць на саміт Усходняга Партнэрства, што пройдзе ў траўні ў Рызе. Але, ён у «чорным сьпісе». Ці магчыма, што Лукашэнка, можа стаць, як кажуць, «сукіным сынам, але нашым сукіным сынам». Ці можа Захад заплюшчыць вочы на правы чалавека для геапалітычнай выгады?​

Марк Галеоці: У Лукашэнкі ёсьць цяпер вялікі плюс. Мяркую, што гэта магчыма для Захаду – не зрабіць Лукашэнку сябрам, але дапамагчы Лукашэнку аддзяліцца ад Расеі. Гэта дасьць у будучыні больш магчымасьцяў для таго, каб ісьці ў кірунку дэмакратыі. Калі мы хочам убудаваць яго ў нашу палітыку, то мы мусім прымаць тое, што ён робіць. Мы ня зможам на кожным кроку павучаць яго пра карупцыю і правы чалавека. Таму я ня ўпэўнены, што для Захаду такі сцэнар магчымы і пажаданы, бо гэта вельмі небясьпечная гульня. Мне здаецца найлепш будзе не спрабаваць прывабіць Лукашэнку, а пакласьціся на тое, што сама хада падзеяў адштурхоўвае Лукашэнку ад Расеі. Рэжым Пуціна вельмі аўтарытарны і няўклюдны і не пакідае саюзьнікам магчымасьцяў для аўтаноміі. Сам Пуцін адштурхоўвае Лукашэнку ад сябе. Давайце дазволім Пуціну рабіць гэта, замест таго, каб Брусэль сам намагаўся прыцягнуць Лукашэнку да сябе.​

Браян Уітмар: Выглядае, што Брусэль сапраўды так робіць. Мне падаецца, што Брусэль спрабуе крыху пазлаваць Маскву, але ня робіць вялікіх намаганьняў. Калі б Захад сапраўды згуляў на тое, каб перацягнуць да сябе Беларусь, то Расея зубамі ўчапілася б у Беларусь, ажно да ўварваньня. Бо мы ўжо казалі пра супольную сыстэму супрацьпаветранай абароны, якую Расея не захоча губляць.​

Марк Галеоці: Такое разьвіцьцё падзеяў зрабіла б для Масквы нашмат больш спакусьлівым плян... я ня думаю, што ўварваньня, але менавіта з’аркестраванай зьмены рэжыму. Калі б мы прынялі цалкам макіявэлісцкі [цынічны] падыход, дык Захад меў бы гэта заахвочваць. Чым больш Масква будзе напружвацца і ўмешвацца ў справы суседзяў, тым больш небясьпечнай яна зробіцца ў вачах суседзяў. Давайце будзе шчырымі. Уявім сабе, што Масква правяла ўмяшаньне і ў Беларусі, і дапусьцім, што гэта была акуратная пасьпяховая зьмена ўлады. Як гэта будзе выглядаць, напрыклад, з погляду Казахстану? Відавочна, што шмат каго гэта будзе турбаваць. Таму сапраўдны макіявэлісцкі падыход быў бы ў тым, каб заахвочваць Расею да ўмяшаньня. Я б асабіста не хацеў, каб такое здарылася. Але рэч у тым, што цяпер такая сытуацыя, калі Брусэлю, Вашынгтону і Захаду ў цэлым трэба рабіць альбо адно, альбо другое. Альбо яны павінны проста расслабіцца і назіраць, не замінаючы гэтаму працэсу, альбо яны павінны сапраўды прыкласьці намаганьні для зьмены рэжыму ў Маскве – і відавочна, што некаторыя выступаюць за гэта, але ніхто не агучвае гэта, як ясную палітычную мэту. Але тая палітыка, што пасярэдзіне – якраз самая небясьпечная і заблытаная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG