Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Кучма абвінаваціў сэпаратыстаў у зрыве перамоваў


Перамовы праходзілі за зачыненымі дзьвярыма ў Менску.

Перамовы праходзілі за зачыненымі дзьвярыма ў Менску.

У Менску безвынікова завяршыліся перамовы Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе, якія доўжыліся 4,5 гадзіны.

Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, расейскі пасол у Кіеве Міхаіл Зурабаў і прадстаўніца АБСЭ Хайдзі Тальявіні пакінулі Дыпсэрвіс-хол і паехалі ў менскі аэрапорт. Пасьля іх у аэрапорт накіраваліся і прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дэйнэга.

Пра вынік перамоваў яны нічога не сказалі. Ёсьць непацьверджаная інфармацыя, што сэпаратысты зьбіраюцца зрабіць заяву для СМІ ўжо ў аэрапорце.

Другі прэзыдэнт Украіны, сябра Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе Леанід Кучма заявіў пра зрыў заплянаванага на 31 студзеня раўнду кансультацый з прадстаўнікамі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» лідэрамі сэпаратыстаў.

«Сёньняшнія кансультацыі па Пляну выкананьня Менскіх дамоўленасьцей, які зьмяшчае пералік канкрэтных мер, накіраваных на больш хуткую дээскаляцыю сытуацыі, былі сарваныя ў сувязі з няяўкай падпісантаў Менскіх дакумэнтаў Захарчанкі і Платніцкага, ультыматыўнымі заявамі іх прадстаўнікоў Пушыліна і Дэйнэгі, а таксама іх адмовай абмяркоўваць Плян мерапрыемстваў па неадкладным спыненьні агню і адводзе цяжкіх ўзбраеньняў», — сказаў Леанід Кучма у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» ў суботу ўвечары.

Раней прадстаўнікі сэпаратыстаў вылучылі ўльтыматыўныя патрабаваньні аб аднабаковым спыненьні агню з боку ўкраінскіх уладаў.

Кучма заявіў, што пазыцыя афіцыйных уладаў Украіны палягае ў наступным:

«Украінскі бок не ўспрымае ніякіх ультыматумаў і папярэдніх умоў. Наша прынцыповая пазыцыя па пытаньні мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей застаецца нязьменнай — поўнае і няўхільнае выкананьне дамоўленасьцей, пісьмова замацаваных у Менску 5 і 19 верасьня 2014 года, пачынаючы з неадкладнага ўсталяваньня рэжыму спыненьня агню».

Прадстаўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін заявіў па выніку перамоваў Трохбаковай кантактнай групы перад адлётам зь Менску:

«У часе перамоў ДНР и ЛНР настойвае, каб лініяй разьмежаваньня была фактычная лінія сутыкненьня бакоў на сёньня. Кіеў настойвае на лініі па стане 19 верасьня».

Пушылін дадаў, што статус Леаніда Кучмы дазваляе толькі рыхтаваць дакумэнты, паколькі ён не нясе адказнасьці за выкананьне дамоўленасьцяў.

Паводле яго слоў кіраўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР прыедуць на перамовы ў Менск толькі пасьля падпісаньня выніковага дакумэнта і пасьля загаду Пятра Парашэнкі аб прыпыненьні агню.

XS
SM
MD
LG