Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат на прэзыдэнта? Ці — кандыдат на новага палітвязьня?


Апазыцыя. Малюнак: П. Татарнікаў © 2014

Апазыцыя. Малюнак: П. Татарнікаў © 2014

Беларуская апазыцыя ўсё выразьней дзеліцца адносна прэзыдэнцкіх выбараў на дзьве часткі. Адна выступае за тое, каб вылучыць адзіным кандыдатам палітвязьня Мікалая Статкевіча. Другая, спасылаючыся на тое, што Статкевіч ня будзе зарэгістраваны, прапануе шукаць іншага прэтэндэнта, які зможа рэальна ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. Хто можа стаць такім рэальным кандыдатам?

Сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец выступае за падтрымку Статкевіча:​

«Мне здаецца, што маральным крокам было б вылучэньне Міколы Статкевіча. Не рэгіструюць – няўдзел, байкот. Палітык, які вылучаўся на мінулых выбарах, дагэтуль сядзіць у турме, абвінавачаны несправядліва. І гэта ўсё ўскрывае абсурднасьць так званых выбараў, абсурднасьць усяго фарсу, які тут наладжваецца з мэтай даказаць, што хтосьці нібыта абірае гэты рэжым. ​

Таму – Статкевіч. А рэальны кандыдат? Я шчыра скажу: мне здаецца, што няма сэнсу цяпер удзельнічаць у так званых выбарах камусьці з рэальных кандыдатаў. На мой погляд, гэта будзе не кандыдат на прэзыдэнта, а кандыдат за краты, кандыдат на ганьбу». ​

Вылучэньне Статкевіча ў якасьці адзінага называе «несур'ёзным» генэральны сакратар (кіраўнік спраў) Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечыслаў Грыб. Ён кажа, што партыйны прэзыдыюм аднагалосна прагаласаваў супраць гэтай ідэі: ​

«Гэта проста несур'ёзны падыход да такога сур'ёзнага пытаньня. Як можна ісьці туды, калі ты ведаеш, што там нічога няма? Мы там нічога не здабудзем. І гэта будзе вялікая цана за прэзыдэнцкую кампанію. Мы ж тады яе прапускаем фактычна. ​

Статкевіча не зарэгіструюць. Зьбіраць подпісы за кандыдата на прэзыдэнта можа сябра толькі зарэгістраванай ініцыятыўнай групы. Яму для гэтага выдаецца пісьмовае пасьведчаньне. І атрымліваецца, што ўсё астатняе ня можа быць выкарыстана». ​

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выступае за «адзіны сцэнар зь некалькімі сьпікерамі»: ​

«І кожны выконвае сваю функцыю, сваю частку працы. Гэта азначае, што павінен быць задзейнічаны і Статкевіч, і сьпікер, які будзе зьвяртацца да пасіўных прыхільнікаў пераменаў. А іх падчас крызісу становіцца ўсё болей і болей. Калі ж мы робім толькі адну частку працы, то гэта будзе толькі аднабаковая выбарчая кампанія. І яна ня дасьць таго плёну, на які сёньня можна разьлічваць. ​

Што тычыцца канкрэтных прозьвішчаў, то тут няма чаго варажыць на кавовай гушчы. Тут ёсьць Статкевіч. І ёсьць Лябедзька. Больш ніхто з тых, у каго ёсьць пэўны досьвед і за кім стаяць пэўныя палітычныя структуры, пра свае палітычныя амбіцыі не заяўляў. Хоць я не выключаю, што той жа «Народны рэфэрэндум» можа вылучыць кагосьці ў прэзыдэнцкую кампанію ў якасьці сьпікера». ​

«Сярод лідэраў апазыцыі ёсьць некалькі чалавек, якія маглі б балятавацца на гэтых выбарах», – кажа намесьнік старшыні грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў: ​

«Пра сваё жаданьне казаў і паўтарае гэта Анатоль Лябедзька. Таксама выказваўся Ўладзімер Някляеў. Мне падаецца, што ёсьць каму ісьці. Аднак такімі кандыдатамі могуць стаць і нейкія новыя асобы, якія ўжо вядомыя ў грамадзтве. Чаму не? ​

Самае галоўнае, каб удзел у выбарах і ўся гэтая праца потым не змарнаваліся і сапраўды прывялі да зьменаў у грамадзтве. І мы гэта робім праз «Народны рэфэрэндум». Таму мы падтрымліваем Някляева, які стаіць на пазыцыях «Народнага рэфэрэндуму» і які пастаянна кажа пра неабходнасьць у краіне мірных пераменаў. Пасьля прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі вельмі выразна бачна, наколькі такі падыход адрозьніваецца ад пазыцыі ўлады, якая ня хоча нічога зьмяняць». ​

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG