Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Siarhiej Bakaviec задаецца пытаньнем: «У маёй дачкі клясная кіраўнічка ў гімназіі, выкладчыца расейскай мовы й літаратуры, Яфрэмава, на палітінфармацыях увесь час расказвае пра Расею, гаворыць: «У нас в России», а на спробы паправіць наконт грамадзянства паўтарае: «Ну да, у нас в России». І што з такімі рабіць?»

Камэнтар-пытаньне зьявіўся пад навіною «У рэспубліканскім конкурсе па гісторыі беларускім школьнікам рэкамэндавалі чытаць даклад Пуціна».

Тым часам расейскі экспэрт па Беларусі піша пра беларускі нацыяналізм:

«Калі жабку кінуць у кіпень, яна адразу выскачыць, бо апарыцца. Але калі яе пасадзіць у кацялок з халоднай вадой, і паставіць на павольны агонь, яна будзе сядзець ціха, а калі пачне зварвацца, выскокваць ужо ня будзе сілаў, і яна загіне. Вось так і тут. Працэс беларусізацыі запушчаны павольны, разьлічаны на доўгія гады».

Вядома, экспэрт падмяняе паняцьці. Менавіта Беларусь ужо больш за дзьвесьце гадоў варыцца ў расейскім кіпні. Ня мы да іх прыйшлі, а яны да нас.

Галоўнае для мяне ў гэтым вобразе з катлом тое, што ўсе два зь лішкам стагодзьдзі немалая частка нашых людзей пэрыядычна выскоквае на паверхню.

Паўстаньні і асьветніцтва ХІХ ст., адраджэнства пачатку ХХ ст., беларусізацыя 1920-х, утварэньне новай беларускай культуры ў 1960-х – 1970-х, новы адраджэнскі рух 1980-х, нацыябудаваньне 1990-х.

Калі я чую чарговае ныцьцё пра тое, што ў Беларусі ўсё кепска, а беларусы ні да чаго ня здатныя, я пракручваю назад апошнія 20 гадоў, і разумею, што ў абсалютна неспрыяльных рэпрэсіўных умовах для існаваньня Беларускай нацыянальнай ідэі, створаны велічэзны пласт гумусу – урадлівай глебы.

Мне цяжка ўявіць сабе па неспрыяльнасьці штосьці падобнае ў нашай частцы глёбуса.

Імкнуцца быць беларусам – гэта вырывацца з кіпню, з сытуацыі, якая пазбаўляе цябе ўсяго, спачатку сілаў, імпэту, пасьля самаідэнтыфікацыі.

Прыблізна тое, што адчулі многія беларусы, якія раней успрымалі беларушчыну як клюб па інтарэсах для групы дзівакоў. Перад маскоўскай пагрозай многія зразумелі, што ўсё больш сур'ёзна. Хоць, магчыма, не да канца яшчэ ўсьведамляюць, што «кіпень» – гэта ня толькі вар'яцкія навіны з расТВ, гэта і «расейская літаратура» ў школе дзіцёнка, і настаўніца на палітінфармацыі з «у нас в России», бясконцыя сэрыялы пра бравых расейскіх спэцназаўцаў і НКВДыстаў «з чалавечым тварам».

І вось цяпер напрацаваны культурны і шырэй – ідэйны – гумус дае магчымасьць абаперціся, каб чарговы раз у гісторыі адштурхнуцца, і выскачыць з кіпеню.

Сёньняшняя расейская гістэрыка – гэта кацёл, пад якім падкруцілі агню, бурбалкі цурболяць і пырскаюць усё больш інтэнсіўна.

Для сябе адзначыў, як мала ў сеціве абмяркоўвалі выступ Лукашэнкі. Хоць ён нагаварыў пэрлаў, якія немагчыма было ўявіць сабе раней. І што мы не «рускі мір», і што «чарнасоценцаў» пагоніць... Дзіва што расейская прапаганда яго ледзь не ў «літвіны» запісала.

Сказаў і сказаў, але што будзе далей насамрэч? З настаўніцай Яфрэмавай, якая жыве ў Расеі ў Беларусі? І з выкладчыкамі гарадзенскага ўнівэрсытэту, якіх пазвальнялі за беларускі «нацыяналізм»?

Магчыма, у эўрапейскай сытуацыі ўтварыліся б нейкія этна-сацыя-лінгваменшасьці.

Але ў выпадку Беларусі ўсё выглядае на набліжэньне вялікай бітвы. Прынамсі, ідэяў і ідэалёгіяў. Яна ўжо ідзе. Пачалася на кухнях, перакачавала ў школы, са школ вось ужо – у СМІ.

Калі прырода пераможа хімію, калі беларусы выстаяць у чарговым выпрабаваньні, мы зможам дапамагаць іншым па ўсім сьвеце. Магчыма, нават эўрапейцам, якія сёньня дапамагаюць нам трымаць націск «рускага кіпню».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG