Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нунцый Ватыкану выказаў Макею заклапочанасьць


Кляўдыё Гуджэроці

Кляўдыё Гуджэроці

Апостальскі нунцый давёў да ведама кіраўніка МЗС Макея «некаторыя заклапочанасьці ў сувязі з магчымымі інтэрпрэтацыямі нядаўніх выступленьняў, якія тычацца рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі».

На ініцыятыву беларускага боку 30 студзеня ў Менску адбылася сустрэча міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з апостальскім нунцыем у Беларусі Кляўдыё Гуджэроці.

«Апостальскі нунцый давёў да ведама міністра некаторыя заклапочанасьці ў сувязі з магчымымі інтэрпрэтацыямі нядаўніх выступленьняў, якія тычацца рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы зьнешнепалітычнага ведамства.

У гэтым кантэксьце «ім акцэнтаваная тая велізарная праца, якая праводзіцца рымска-каталіцкай царквой у Беларусі ў цэлым і ў сфэры падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх сьвятароў у прыватнасьці».

Макей адзначыў зацікаўленасьць беларускага боку ў нацыянальных кадрах каталіцкіх сьвятароў. Ён вітаў зьніжэньне ліку замежных грамадзян, што назіраецца зараз, а таксама прызначэньне папам рымскім у канцы 2013 году трох новых біскупаў беларускага паходжаньня.

Міністар «праінфармаваў аб высокай ацэнцы кіраўніком беларускай дзяржавы дзейнасьці яго сьвятасці папы Францыска па барацьбе з беднасьцю і паўсюдным прасоўваньні міру і стабільнасьці». Макей «пацьвердзіў нязьменнасьць пазыцыі ўраду Беларусі па забеспячэньні раўнапраўя ўсіх традыцыйных рэлігійных канфэсій у краіне». Ён падкрэсьліў, што пазыцыя і практычная дзейнасьць Ватыкану ў дачыненьні да Беларусі зьяўляецца «вельмі канструктыўнай і збалянсаванай», каталіцкая царква адыгрывае важную ролю ў выхаваньні патрыятызму і падтрымцы культуры ў Беларусі.

Падчас сустрэчы былі разгледжаныя пытаньні, зьвязаныя з рэалізацыяй даручэньня Аляксандра Лукашэнкі па стварэньні ў Менску каталіцкай духоўнай акадэміі.

Макей паведаміў пра гатоўнасьць міністэрства даць пляцоўку для абмеркаваньня магчымых пытаньняў з усімі зацікаўленымі бакамі з мэтай іх урэгуляваньня ў духу ўзаемапавагі і канструктыўнага супрацоўніцтва.

22 студзеня ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка заявіў, што «некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца палітыкай». «Ім не падабаецца наша краіна, нашы законы, кіраўніцтва. У такіх выпадках мы не ўзгадняем працяг іх знаходжаньня ў нашай краіне. Мы ня супраць запрашэньня замежных сьвятароў. Ні на праваслаўных, ні на каталіцкіх, ні на іншых храмах не павінны вісець замкі. Калі яны запатрабаваныя і патрэбныя сьвятары, мы заўсёды гэта падтрымліваем. Але мы заўсёды падкрэсьліваем, што яны павінны займацца тымі пытаньнямі, для якіх іх запрасілі ў краіну, дзеля якіх яны ехалі і падпісвалі пагадненьні з рэлігійнымі аб’яднаньнямі», — сказаў ён.

Гуляка таксама заявіў, што некаторыя замежныя каталіцкія сьвятары летась дапускалі парушэньні, не прыехаўшы ў Беларусь ва ўстаноўлены тэрмін і не прайшоўшы неабходную рэгістрацыю. Ён згадаў пра адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя каталіцкімі сьвятарамі, у тым ліку з Польшчы.

Празь некалькі дзён беларускія католікі пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да кіраўніцтва краіны ў сувязі з заявамі Гулякі. Як паведаміў хрысьціянскі партал krynica.info, у сваім звароце каталіцкія вернікі адзначаюць, што «крытыка без фактаў» з боку чыноўніка абражае іх саміх, іх рэлігійныя пачуцьці, а таксама іх пастыраў. Тым самым, паводле іх меркаваньня, чыноўнік «уносіць разлад у адносіны дзяржавы і каталіцкай царквы, нагнятае міжканфэсійную варожасьць».

29 студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ня вельмі задаволены працай польскіх сьвятароў. «Дакладней, я ня вельмі задаволены службай некаторых польскіх прадстаўнікоў на нашай зямлі. Я пра гэта гаварыў былому папу рымскаму, што яны часам займаюцца ня тымі рэчамі, якімі павінны. Я пра гэта гаварыў нашаму кіраўніку каталіцкай канфэсіі Казіміру Сьвёнтаку. Гэта чалавек разумны, ён разумее, чым ён займаецца і дзе жыве. Ён на гэта рэагаваў», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

«Невырашальных пытаньняў няма. Але я заўсёды патрабаваў ад прадстаўнікоў папы рымскага, каб мы больш рыхтавалі беларускіх царкоўных служак каталіцкай царквы. Мы стараемся, каб больш беларусаў атрымалі адукацыю і служылі ў нашай царкве», — сказаў Лукашэнка.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG