Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы па Данбасе — ідзе магутная закулісная гульня


Вадзім Карасёў

Вадзім Карасёў

Украінскі палітоляг Вадзім Карасёў — пра менскую сустрэчу кантактнай групы па Ўкраіне.

Вадзім Карасёў мяркуе, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне, хутчэй за ўсё, адбудзецца. Але прарыву ніякага ня будзе. Прарывы могуць быць толькі на наступнай сустрэчы:

«Цяпер, відаць, улічваючы настроі ў грамадзтве, МЗС Украіны не дае дакладнай інфармацыі. Але ўчора Пятро Парашэнка сустракаўся і зь Леанідам Кучмам, і з прадстаўніцай АБСЭ Гайдзі Тальявіні, таму ўсё ж такі яны гатовыя выехаць. Гаварыць будуць, па-першае, пра спыненьне агню, абмен палоннымі. Таксама ключавое пытаньне на сёньняшні дзень — гэта аднаўленьне фінансаваньня падкантрольных ДНР і ЛНР тэрыторыяў, то бок зьняцьце фінансавай блякады. Тым больш што ў рэзалюцыі ПАРЭ па Ўкраіне таксама адзначаны абавязак украінскай дзяржавы працягваць выплачваць сацыяльную дапамогу і пэнсійныя выплаты. Так што тут можна спаслацца на рашэньні ПАРЭ і далей думаць, як усё ж такі правесьці лінію разьмежаваньня — альбо па факце на 5 верасьня, альбо на 15 студзеня, што было ў вядомым лісьце расейскага прэзыдэнта Пуціна. Ну, і пачынаць шукаць шляхі да рэальнага замірэньня, а потым і да міру, бо сытуацыя ўсё больш і больш ускладняецца, яна тупіковая. І цяпер вельмі дрэнная тэндэнцыя праглядаецца: гіне ўсё больш мірных людзей.

Тым больш што МВФ прыпыніў дапамогу Ўкраіне з умовай: пакуль будзе вайна — фінансаваньня з боку Міжнароднага валютнага фонду ня будзе. Пра гэта сказала спадарыня Крысьціян Лагард, і дзяржсакратар ЗША Джон Кэры асабіста прыяжджаў у штаб-кватэру МВФ і прыпыніў выдачу крэдытаў.

Паводле інфармацыі ва ўкраінскай прэсе, па маіх адчуваньнях, ідзе такая магутная закулісная гульня, мэта якой — пасадзіць усе бакі за стол перамоваў спачатку ў Менску, а потым у Астане па нармандзкім фармаце. Менск і Астана — вось два гарады, якія могуць адчыніць вакно новых магчымасьцяў, прынамсі каб спыніць актыўныя ваенныя дзеяньні».

XS
SM
MD
LG