Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты ЭГУ просяць даць ім голас пры выбары рэктара


Студэнцкае прадстаўніцтва ЭГУ напісала адкрыты ліст да Кіроўнай Рады ўнівэрсытэту.

У лісьце, між іншага, гаворыцца:

«Разумеючы і высока ацэньваючы ваш уклад у разьвіцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту на працягу многіх гадоў, а асабліва ваша жаданьне рэфармаваць ЭГУ і зрабіць яго канкурэнтаздольнаю адукацыйнаю ўстановаю, якая адказвае на сёньняшнія выклікі і трэнды ў сфэры вышэйшай адукацыі, студэнты і выпускнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту з павагаю просяць вас:

1. Уключыць прадстаўніка студэнтаў і выпускнікоў у працэс выбару рэктара з правам голасу;

2. Вярнуцца да першапачатковай канцэпцыі зьмяшанага беларускага і заходняга кіраўніцтва;

3. Зрабіць больш празрыстай усю кіроўную структуру ўнівэрсытэту згодна з эўрапейскімі стандартамі».

За тыдзень было сабрана каля 250 подпісаў студэнтаў і 120 подпісаў выпускнікоў. Подпісы будуць зьбірацца і далей.

Прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі мае прадставіць гэты адкрыты ліст старшыні Кіроўнай рады Дэніэлу Таршысу на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, якая адбудзецца 30 студзеня ў Вільні.

XS
SM
MD
LG