Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз узмацняе санкцыі супраць Расеі і рыхтуе новыя


Фэдэрыка Магерыні.

Фэдэрыка Магерыні.

Нягледзячы на пагрозу грэцкага «вета», эўрапейцы здолелі аб’яднаць свае пазыцыі адносна далейшага ціску на Расею за яе агрэсію супраць Украіны.

Працягнуць да верасьня дзейныя санкцыі, дадаць новыя імёны ў «чорны сьпіс» фізычных і юрыдычных асобаў Расеі і Данбаса вырашылі ў чацьвер на пазачарговай нарадзе кіраўнікоў МЗС краінаў Эўразьвязу.

Таксама ў сярэдзіне лютага павінны падрыхтаваць іншыя абмежаваньні, у прыватнасьці, узмацненьне галіновых санкцыяў. Іх прымуць у выпадку, калі ў Данбасе будзе расьці напружаньне, а Менскія дамоўленасьці далей ня будуць паважацца.

Нягледзячы на пагрозу грэцкага «вета», эўрапейцы ўсё ж знайшлі шлях аб’яднаць свае пазыцыі адносна санкцыяў супраць Расеі. Як адзначыла кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Магерыні, Афіны праявілі канструктыўныя паводзіны для захаваньня адзінства ў Эўразьвязе.

Між тым, пашырэньне абмежаваньняў тычыцца толькі першага ўзроўню санкцыяў. Гэта значыць, ЭЗ пераходзіць да новага этапу, а менавіта: на працягу тыдня, да 9 лютага, павінны вызначыць і дадаць новыя імёны ў «чорны сьпіс» тых, на каго распаўсюджваюцца візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў. Гаворка ідзе таксама пра эмбарга ў дачыненьні да расейскіх кампаніяў, якія маюць дачыненьне да канфлікту на Данбасе.

Як патлумачыла Магерыні па заканчэньні кансультацыяў, Рада міністраў ЭЗ вырашыла «ўзмацніць існыя абмежаваньні, якія датычацца Расеі і сэпаратыстаў. Перад тым, як дзейныя цяпер санкцыі завершацца ў сакавіку, мы працягнулі іх на паўгады».

«У цэлым, — адзначыла вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы — у Брусэлі ў чацьвер прынялі тры якасна розныя рашэньні: працяг існых санкцыяў. Пачалася падрыхтоўка на працягу 10 дзён новага сьпісу асобаў, на якіх накладуць візавыя і маёмасныя абмежаваньні. І апошняе — вырашана пачаць падрыхоўку іншых наступных абмежавальных мераў».

Задача эўрапейскай дыпляматыі — рабіць усё магчымае для спыненьня агню

У Радзе ЭЗ удакладняюць, што апошні крок прадугледжвае таксама пашырэньне галіновых санкцыяў, накіраваных на Расею.

Задача эўрапейскай дыпляматыі зараз — рабіць усё магчымае для спыненьня агню, заявіў кіраўнік МЗС Бэльгіі Дыдзье Рэйндэрс.

«Новыя пэрсанальныя абмежаваньні і санкцыі ў дачыненьні да юрыдычных асобаў уводзяцца за іх дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, — заўважае ён. — Нягледзячы на гэта, мы працягваем працаваць і над магутнымі эканамічнымі санкцыямі, калі да лютаўскага саміту ЭЗ сытуацыя ізноў пагоршыцца».

Да эўрапейскага адзінства, нягледзячы на розныя падыходы да палітыкі ціску на Крэмль, заклікала нават Францыя, якая яшчэ напярэдадні разам з дыпляматамі Грэцыі, Аўстрыі ці Кіпра адстойвала палягчэньне жорсткіх санкцыяў, прапанаваных дзяржавамі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.

Лінас Лінкявічус — літоўскі міністар замежных спраў — у прыватнасьці, адказвае на пытаньне: «Ці ёсьць альтэрнатыва санкцыям?»

«Альтэрнатыва санкцыям? Наколькі вядома, мы не пасылаем ва Ўкраіну арміі. Таму можам дзейнічаць толькі санкцыямі і яшчэ ізаляцыяй Расеі, як гэта ўчора (28 студзеня — рэд.) зрабілі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы», — кажа літоўскі дыплямат і таксама пытаецца: «Колькі яшчэ людзей павінна быць забіта, для таго, каб мы дзейнічалі?»

ЭЗ усьведамляе крытычнасьць сытуацыі

Магчымасьць узмацненьня ціску на Маскву прапанавала да разгляду Эўрапейская рада, на чале з Дональдам Тускам і старшыня дыпляматычнай службы ЭЗ Фэдэрыка Магерыні. Гэта адбылося пасьля росту напружаньня на Данбасе, у прыватнасьці, суботняй крывавай атакі на Марыюпаль, дзе загінула больш за 30 чалавек і каля сотні былі параненыя.

Старшыня ўкраінскай дыпляматычнай службы Павел Клімкін таксама быў запрошаны ў Брусэль, дзе ён сустрэўся з кіраўніком эўрапейскай дыпляматыі Магерыні і меў шэраг двухбаковых кансультацыяў, у прыватнасьці, з грэцкім міністрам замежных спраў Нікасам Катзіясам. На яго думку, эўрапейцы сапраўды ўсьведамляюць усю крытычнасьць сытуацыі.

«Мы разумеем, што наступны агідны тэрарыстычны акт можа прывесьці да пераходу сьпіралі гвалту на зусім іншы ўзровень. Таму міністры павінны зрабіць магутную заяву ў падтрымку Ўкраіны і знайсьці далейшыя ідэі па ўзмацненьні ціску на Расею, уключна з магчымымі абмежавальнымі мерамі», — заявіў Павел Клімкін.

XS
SM
MD
LG