Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банках упершыню сёлета пачала зьяўляцца «лішняя» валюта


Нацыянальны банк сваёй пастановай абавязаў фінансава-крэдытныя ўстановы накіроўваць у абменныя пункты ўсю валюту, набытую на біржы. Да гэтага часу банкі працавалі ад абароту, іншымі словамі, прадавалі толькі тое, што здавала насельніцтва. Ці зьявіліся даляры і эўра пасьля ўмяшаньня ўладаў?

Новыя захады дзеля стабілізацыі фінансавага рынку ў Нацбанку не камэнтуюць, але ў падначаленых арганізацыях пацьвярджаюць: каб забясьпечыць наяўны попыт, камэрцыйныя банкі абавязаныя ў поўным аб’ёме рэалізоўваць як набытую на біржы валюту, так і сродкі, якія здаюць кліенты.

Ці дапамаглі адміністрацыйныя захады вырашэньню праблемы? Калі гаворка ідзе пра адносна невялікія сумы, то 50 ці 100 даляраў хай ня зь першай, але з другой спробы набыць можна. А вось з сумамі на парадак большымі па-ранейшаму ўзьнікаюць цяжкасьці.

Абзвон дзясятка банкаў прадэманстраваў, што вольна набыць умоўныя 500 даляраў у аддзяленьнях «Белаграпрамбанку», «Прыёрбанку», банку «ВТБ», «МТБанку» немагчыма: апэратары заяўляюць, што пакуль працуюць ад абароту. А вось у «Беларусбанку», «Белгазпрамбанку», «Белінвэстбанку», «БПС-банку», банках «BSB» і «БелВЭб» можна набыць суму нават большую. Такім чынам, стабільнасьці ў насычэньні досыць высокага попыту няма, але, разам з тым, сытуацыя не крытычная.

Дзеяньні Нацбанку можна лічыць збольшага адэкватнымі

Але ці азначае гэта, што становішча на валютным рынку паступова пераходзіць пад уладны кантроль? Ці мае для гэтага Нацыянальны банк неабходныя паўнамоцтвы?

Аналітык фінансавага рынку Сяргей Глушакоў лічыць, што дзейнасьць рэгулятара трэба ацэньваць, зыходзячы з абмежаваньняў, якія існуюць для манэўра:

«Набор інструмэнтарыя, каб адміністрацыйна стрымліваць рублёвы курс ці ажыятажны попыт на валюту, у рэгулятара абмежаваны. Таму Нацыянальны банк цяпер дзейнічае так, дзе можа хоць нейкім чынам знайсьці які пралаз. Яшчэ раз паўтаруся, што паколькі ў яго магчымасьці нейкім чынам забясьпечваць фінансавую стабільнасьць невялікія, то, зыходзячы якраз з гэтага, ён выкарыстоўвае той невялікі інструмэнтарый, які ёсьць пад рукой — то бок, каб гэтую стабільнасьць паспрабаваць вярнуць прынамсі ў ранейшым фармаце. Калі ўзяць за адпраўны пункт менавіта гэтую акалічнасьць, то, улічваючы абмежаванасьць магчымасьцяў, дзеяньні Нацбанку можна лічыць збольшага адэкватнымі».

Між тым экспэрты сыходзяцца на думцы, што забясьпечыць фінансавую стабільнасьць аднымі дырэктывамі наўрад ці магчыма. Беларуская эканоміка шчыльна прывязаная да расейскай, раз-пораз нават узьнікалі размовы пра мэтазгоднасьць пераходу на расейскі рубель — як валюту, блізкую па сваёй цьвёрдасьці да даляра і эўра.

Давер да расейскіх грошай істотна зьнізіўся

Але на тле абвалу цэнаў на нафту і заходніх санкцыяў за агрэсіўную палітыку ва Ўкраіне расейскія грошы імкліва абясцэньваюцца. Так, сёньня за даляр даюць без малога 70 рублёў, за эўра — 77. Відавочна, што эканамічнае аслабленьне асноўнага сатэліта ня можа прайсьці незаўважаным і для саюзьніка. Як кажа кіраўнік парталу probusiness.by Віталь Валянюк, такія акалічнасьці давядзецца ўлічваць у любым выпадку:

«Паколькі беларуская эканоміка невялікая, яна падуладная зьнешнім фактарам. Вобразна кажучы, калі вялікае судна ідзе на дно, то, як правіла, маленькую шлюпку таксама туды зацягвае. То бок мы ў дадзеным выпадку — эканоміка, якая аказваецца наўпрост уцягнутай у расейскі крызіс. Таму аптымізму сапраўды няшмат, бо, мяркуючы па ўсім, крызіс гэты ня скончыцца так хутка, як камусьці ўяўляецца.

У Беларусі для многіх кіраўнікоў прадпрыемстваў, для насельніцтва расейскі рубель падаваўся стабільнай валютай і не аднойчы абмяркоўвалася магчымасьць нават палітычных крокаў у гэтай галіне. Цяпер сытуацыя прынцыпова іншая. Прыраўноўваць расейскі рубель да даляра ці эўра ніяк не выпадае. Відавочна, што іх валюта аказалася не такой стабільнай, у выніку чаго давер да расейскіх грошай істотна зьнізіўся. Гэта трэба таксама мець на ўвазе».

Супрацоўнікі банкаўскага сэктару запэўніваюць, што неўзабаве «адліга» дойдзе ня толькі да абменных пунктаў, але і да банкаматаў, зьявіцца і магчымасьць набываць валюту па картках. Але пакуль што валюты ў банкаматах няма.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі чарговым разам абвінаваціў у праблемах на валютным рынку саміх беларусаў, якія, насуперак папярэджаньням прэзыдэнта, бегаюць па абменьніках ды скупляюць даляры, расхістваючы гэтым усю эканамічную сыстэму.

XS
SM
MD
LG