Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз працягнуў санкцыі супраць Расеі. Грэцыя ня супраць


Фэдэрыка Магерыні

Фэдэрыка Магерыні

Міністры замежных справаў Эўразьвязу дамовіліся падоўжыць замарозку актываў і забарону на ўезд для шэрагу расейцаў і прарасейскіх сэпаратыстаў, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс летась у сакавіку. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Пакуль у «чорных» сьпісах ЭЗ знаходзяцца 132 фізычных і 28 юрыдычных асоб.

Прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Фэдэрыка Магерыні правяла сёньня пазачарговае паседжаньне міністраў замежных справаў краінаў-чальцоў Эўразьвязу ў сувязі з падзеямі ў Марыюпалі, дзе загінулі 30 мірных жыхароў. Магерыні паведаміла, што «будзе працягваць працаваць, каб захаваць адзінства і праявіць максымум ціску», каб спыніць баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны і дасягнуць спыненьня агню.

Рада дала даручэньне Эўракамісіі і Эўрапейскай зьнешнепалітычнай службе падрыхтаваць на працягу тыдня дадаткі да санкцыйных сьпісаў фізычных і юрыдычных асоб. Рашэньне будзе прынятае на Радзе ЭЗ па замежных справах 9 лютага.

Заклапочанасьць у Брусэлі выклікалі нядаўнія заявы новапрызначанага грэцкага ўраду. Гэтак, шэраг эўрапейскіх мэдыяў паведаміў, што новы ультралевы ўрад Грэцыі афіцыйна не падтрымаў заявы Эўразьвязу з асуджэньнем Расеі ў сувязі зь яе агрэсіяй супраць Украіны і з заклікам да ўзмацненьня санкцый. Аднак падчас сёньняшняга экстранага паседжаньня ў Брусэлі кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і нядаўна прызначаны міністар замежных справаў Грэцыі Нікас Кадзыяс размаўлялі цягам дваццаці хвілінаў у кулюарах. Паведамляецца, што «міністры правялі канструктыўныя перамовы, і цяпер пазыцыя Атэнаў наконт Расеі менш турбуе Бэрлін».

XS
SM
MD
LG