Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асацыяцыя эўрапейскага бізнэсу заснавала курсы беларускай мовы для камэрцыйных кампаніяў


Асацыяцыя эўрапейскага бізнэсу распачынае курсы па вывучэньні дзелавой беларускай мовы для прадстаўнікоў камэрцыйных кампаніяў. Удзельнікі курсаў атрымаюць магчымасьць разьвіць навыкі вуснай і пісьмовай бiзнэс-камунiкацыi на беларускай мове для правядзеньня дзелавых перамоваў, нарад, прэзэнтацый, сумоўяў і г. д.​

Курс уключае 12 заняткаў і складаецца зь 5 тэматычных блёкаў: арганізацыя, кадры, рынак, перамовы, этыка. Падрабязная праграма ёсьць на старонцы ініцыятывы.

Падчас першага набору курс па бізнэс-беларускай прайшлі дваццаць чалавек — кіраўнікі і супрацоўнікі прыватных кампаній.

На пытаньні Радыё Свабода адказала арганізатарка курсаў, супрацоўніца Асацыяцыі эўрапейскага бізнэсу Кацярына Сыраежкіна.

РС: Ці карыстаюцца курсы попытам?

Сыраежкіна: Так, попыт сярод прадстаўнікоў беларускіх кампаній ёсьць. У другім наборы мы фармуем групу зь 10 чалавек для аптымальнага эфэкту. Заняткі для слухачоў новага набору пачнуцца 6 лютага. Запіс ажыцьцяўляецца да 3 лютага.

РС: Якія вынікі вы заўважаеце ад ўдзельнікаў па выніках наведваньня курсаў?

Сыраежкіна: Асноўны вынік — паляпшэньне веданьня бізнэс-складніка мовы наведнікаў курсаў, якое адзначаюць самі бізнэсоўцы. Таксама наведнікі курсаў выказвалі рэальную зацікаўленасьць пачаць ужываць беларускую мову ў дзейнасьці сваіх кампаній — на першым этапе хаця б часткова: напрыклад, стварыць беларускамоўныя вэрсіі сайтаў, навучыць супрацоўнікаў камунікаваць з кліентамі па-беларуску, перакласьці некаторыя дакумэнты і г. д.

Акрамя таго, падчас дыскусій з запрошанымі беларускамоўнымі бізнэсоўцамі ў рамках заняткаў першага набору зьявіліся дзьве важныя ініцыятывы: арганізацыя круглага стала па выкарыстаньні беларускай мовы ў бізнэсе, які прайшоў 15 студзеня, і стварэньне працоўнай групы па перакладзе тыпавых юрыдычных дакумэнтаў.

РС: Хто наведвае вашыя курсы?

Сыраежкіна: Носьбіты мовы — кіраўнікі і супрацоўнікі беларускіх і замежных кампаніяў. Заняткі наведвалі людзі рознага ўзросту, а акрамя этнічных беларусаў сярод слухачоў былі і імігранты з бліжняга замежжа, якія, нягледзячы на адсутнасць моўнага генэтычнага коду, зацікаўленыя ва ўдасканаленьні ўзроўню веданьня беларускай мовы.

XS
SM
MD
LG