Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Логвінаў: Нельга забараняць сьмяяцца


Ігар Логвінаў

Ігар Логвінаў

Выдавецтва Ігара Логвінава закрылі, а ягонай кнігарні далі мільярдны штраф праз тое, што Мікалай Чаргінец ня мае пачуцьця гумару? Менавіта з кнігі «Непаэзія. Выбраныя піражкі» — зборніка нерыфмаваных абсурдысцкіх вершаў — пачаліся праверкі, а потым суды супраць выдавецтва і кнігарні.

Адзін дзень з кнігарняй «ЛогвінаЎ» (ФОТАГАЛЕРЭЯ)

На беларускай кніжцы не разбагацееш

Ігар Логвінаў сустракае журналістаў Свабоды ў сваім маленечкім кабінэце на паддашку кнігарні. Ніякіх сакратароў, дубовых сталоў і скураных крэслаў. У гэтым пакойчыку бяз вокнаў нават ня выпрастаесься на ўвесь рост, калі ўстаеш з-за працоўнага стала. Як пабачыш умовы, у якіх працуе найбуйнейшы незалежны выдавец беларускай літаратуры, адразу разбураецца вобраз багатага бізнэсоўца, які сядзіць у шыкоўным офісе, курыць цыгары і заядае ікру вустрыцамі.

«90 адсоткаў выдаўцоў — гэта людзі, як я, — кажа Логвінаў. — Кніжкі на беларускай мове — у іх наклады ніколі не перавышалі 300–500 экзэмпляраў. Складана пабудаваць на гэтым бізнэс. Гэта, хутчэй, такі лад жыцьця».

Цікавасьць да кніг у Ігара Логвінава зьявілася яшчэ ў дзяцінстве. У свой час бабуля забараняла ягонай маці чытаць кнігі. Нават біла за гэта. Свой дзіцячы комплекс маці Логвінава кампэнсавала на сыну, якому ўвесь час купляла шмат кніг.

«Так склалася, што ўсё маё сьвядомае жыцьцё зьвязана з кніжкамі, — кажа Логвінаў. — Я зьбіраў некалькі бібліятэк, шмат чытаў, і мне з кніжкамі нават было ўтульней, чым сустракацца зь сябрамі».

Адчуваньне срэбнага веку

Ужо праз тры гады пасьля заканчэньня філязофскага факультэту БДУ Логвінаў бярэцца за выдавецкую справу. У 1995 годзе ён узначаліў выдавецтва «Менск» пры Беларускім фондзе дапамогі разьвіцьцю культуры, а потым — выдавецтва пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.

«Я памятаю ўстойлівае жаданьне выкінуць многія кнігі, — узгадвае прыход у кар’еру Логвінаў. — Кнігі мне падабаліся, але яны жахліва выглядалі. Я заўжды меў жаданьне іх перарабіць. Я думаю, гэта і было першапрычынай — перарабіць пэўныя кніжкі».

Да 2000 году Логвінаў выдаваў толькі акадэмічную літаратуру. А потым пазнаёміўся са Зьмітром Вішнёвым і вырашыў заняцца ўласнай выдавецкай дзейнасьцю.

„«Бум-бам-літ і вось гэты агонь, усё, што адбывалася зь літаратурай, з жыцьцём, з выступамі — мне вельмі нагадала атмасфэру „срэбнага веку“ ў расейскай літаратуры: усё вар’яцкае, вельмі энэргічнае, вельмі цікавае. Было адчуваньне і надзея, што з гэтага нешта вырасьце».

Ніякай палітыкі — толькі рэвалюцыя

На пачатку кар’еры Логвінаў уяўляў, што грамадзтва вельмі хутка зьменіцца, а разам з гэтым вырасьце і кніжны рынак. Але ўсё, да чаго ён прыйшоў празь пятнаццаць год, — закрытае судом выдавецтва і аштрафаваная на 64 тысячы даляраў кнігарня.

Па словах выдаўца, нават у тыя далёкія гады дыялёг з уладамі складаўся няпроста. Былі цяжкасьці з атрыманьнем ліцэнзіі, «Белкніга» часта адмаўлялася распаўсюджваць ягоныя выданьні.

«І хоць мы ніколі не былі палітычным праектам, мы былі рэвалюцыйнымі толькі ў літаратуры, шмат каго і гэта бянтэжыла. Яны ня ведалі, як да нас ставіцца, і на ўсялякі выпадак ушчувалі нас, рабілі дробныя перашкоды».

Усё зьмянілася пасьля выступу Мікалая Чаргінца на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ў 2011 годзе, дзе адыёзны праўладны пісьменьнік заклікаў забараніць выдавецтва. Ён напісаў ліст у Міністэрства інфармацыі, каб Логвінава праверылі. Дзяржслужбоўцы адрэагавалі і правялі комплексную праверку. З усіх кніжак яны зачапіліся за зборнік абсурдысцкіх вершаў «Непаэзія. Выбраныя піражкі». Менавіта на гэтую кнігу спасылаўся Чаргінец, матывуючы неабходнасьць закрыць выдавецтва.

«Там, дзе трэба сьмяяцца, Чаргінец пабачыў нейкую праблему і стаў яе па-свойму інтэрпрэтаваць, — кажа Логвінаў. — З такой самай інтанацыяй ён мог бы чытаць Чукоўскага:

«Вдруг из маминой из спальни, Кривоногий и хромой, Выбегает умывальник...»

Аднак Мікалай Чаргінец нічога сьмешнага ў кніжцы не пабачыў. У тэлефоннай размове са Свабодай ён прыводзіць прыклад «піражка» пра тое, як чалавек, ідучы зь Ленінграду, зьеў сваю жонку.

«Гэта зьдзек зь літаратуры, — сьцьвярджае Чаргінец. — Мы працытавалі дзьве старонкі вершаў з гэтай кнігі і напісалі ў міністэрства. Куды яны глядзяць?! Што за літаратуру яны дапускаюць выпускаць?! Мы не выступалі ні супраць палітыкі, ні супраць мастацкай каштоўнасьці, а проста супраць вакханаліі над паняцьцем „кніга“. Вось мая пазыцыя і пазыцыя Саюзу пісьменьнікаў».

Гэта сыстэмная зачыстка беларускай культуры

Аднак сапраўдных зачэпак не было, пакуль першую фармальную нагоду ня даў альбом «Прэс-фота Беларусі», прызнаны праз суд экстрэмісцкім. У 2013 годзе на гэтай падставе выдавецтва пазбаўляюць ліцэнзіі. А яшчэ праз год падатковая інспэкцыя пачынае праверку кнігарні Логвінава, пасьля якой уладальніку налічылі мільярдны штраф.

«Справа Логвінава — гэта частка сыстэмнай зачысткі незалежнага беларускага культурнага поля, — лічыць старшыня беларускага ПЭН-цэнтру і літаратар Андрэй Хадановіч. — Усё незалежнае зачышчаецца, зьнішчаецца. Паколькі яно ня можа быць зьнішчана палітычна, бо мы жывем у палітычным раі, — значыць, яно зьнішчаецца эканамічна, прыдушваецца штрафамі і падаткамі».

Адрозьненьне кнігарні Логвінава ад іншых крамаў, дзе можна набываць кніжкі, — у тым, што ўсяго за пару гадоў яна ператварылася ў важны асяродак беларускай культуры і ў сапраўдны дыскусійны клюб.

«Мы палічылі, што ў 2014 годзе кожная трэцяя літаратурная імпрэза ў Менску і кожная пятая ў Беларусі адбывалася ў кнігарні „логвінаЎ“, — кажа арт-дырэктар кнігарні і літаратар Павал Касьцюкевіч. — Акрамя гэтага, вядома, трэба сказаць пра якасьць імпрэзаў. Мы вельмі стараліся быць цэнтрам літаратурнага жыцьця, вельмі стараліся, каб кніжкі не праходзілі незаўважанымі».

Будзем рабіць кніжкі далей

Цяпер кнігарня зьбірае грошы на выплату мільярднага штрафу. З просьбай дапамагчы ў зборы грошай Логвінаў зьвярнуўся да грамадзкасьці. Ён таксама згадаў, што даўгавая яма — гэта лёс незалежных беларускіх выдаўцоў ад часоў Скарыны. Беларускі першадрукар таксама, завінаваціўшыся грошы, мусіў быў трапіць у вязьніцу, але ўцёк у Прагу, дзе і надрукаваў перакладзеную ім самім Біблію.

«Скарыну адтуль (з даўгавой ямы) вызваліў вялікі князь і кароль, даўшы яму адпаведны прывілей, — кажа пісьменьнік Уладзімер Арлоў. — Будзем спадзявацца на мудрасьць нашага Вярхоўнага суду».

Ня маючы надзеі зарэгістраваць кнігарню па новых законах, Логвінаў перааформіў яе на іншых людзей. Як толькі ягонае імя перастала фігураваць у дакумэнтах, кнігарні адразу далі рэгістрацыю. Хоць Логвінаў згадвае часы, калі выдавецтва ня мела ніякіх праблемаў, удзельнічала ў конкурсах кнігі, атрымлівала граматы за афармленьне кніжак ад Мінінфарму.

«Я ня думаю, што Міністэрства інфармацыі выступіла ініцыятарам. Думаю, гэта ўсё ж такі ціск Саюзу пісьменьнікаў і яшчэ нейкі зьнешні фактар. Неяк занадта хутка нас пазбавілі ліцэнзіі за невыкананьне заканадаўства, зь яўным пераборам. Нават калі ты змагаесься, усё роўна ёсьць пэўныя правілы, і ня варта апускацца да такіх недарэчных жэстаў».

Нягледзячы на ціск, Логвінаў не зьбіраецца адмаўляцца ад працы з кнігамі. Кажа, што больш нічога і ня ўмее.

«Як бы нас ні забаранялі, ні абмяжоўвалі, маё жыцьцё зьвязанае з кніжкамі і зь літаратурай, таму ў нейкай форме ўсё роўна будзем існаваць. Улады могуць паспрабаваць з гэтым змагацца. Але спробы рэгуляваньня і забаронаў мы ўжо праходзілі ў Савецкім Саюзе. Ня думаю, што гэта магчыма аднавіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG